Вы тут

Бездакументарныя аблігацыі набываюцца за суткі


А рэальны мінімальны даход па каштоўных паперах у валюце складае 6,6% гадавых.

Наша выданне ўжо паведамляла аб размяшчэнні дзяржаўных валютных аблігацый у бездакументарнай форме для фізічных асоб (у нумары «Звязды» за 23 чэрвеня). Такія віртуальныя аблігацыі прапануюцца насельніцтву пад 7% гадавых тэрмінам на 1 год. Продаж валютных аблігацый гэтага выпуску будзе ажыццяўляцца да канца бягучага года шляхам размяшчэння на пляцоўцы акцыянернага таварыства «Беларуская валютна-фондавая біржа». Набыць бездакументарныя аблігацыі можна праз 11 банкаў краіны.

Тут пакуль усё зразумела. Пытанні ўзнікаюць, калі пачынаеш удакладняць механізм набыцця і памер камісій. Разабрацца з гэтым нам дапамаглі ў прэс-службе плацежнай сістэмы «БелКарт». Першым крокам кліента будзе адкрыццё рахунку «дэпа» (для ўліку, захоўвання і ажыццяўлення аперацый з дзяржаўнымі аблігацыямі). Звычайна адкрыццё такога рахунку каштуе кліенту 100 тысяч рублёў. Калі ў выбраным вамі банку, які працуе з бездакументарнымі аблігацыямі, кліентам раней быў адкрыты валютны (доларавы) рахунак, то гэтыя грошы можна і сэканоміць. Цяпер наконт камісіі на набыццё ў банка валютных аблігацый. Яе памер у розных фінансавых установах можа адрознівацца. Напрыклад, у аднаго невялікага банка краіны такая камісія складае 0,02% ад кошту аблігацый, але памер яе не можа быць меншым за 200 тысяч рублёў.

Наступным выдаткам пакупніка дзяржаўных валютных аблігацый будзе біржавы збор у памеры 0,0075% ад сумы здзелкі. Гэта будзе апошні плацеж банку ад уладальніка каштоўных папер. Цяпер падлічым агульную суму такіх плацяжоў і камісій пры набыцці кліентам адной аблігацыі. Нагадаю, што намінальны кошт такой бездакументарнай каштоўнай паперы складае 5 тысяч долараў. Выдаткі кліента ў гэтым выпадку складуць 100 тысяч за адкрыццё рахунку плюс камісія ў памеры 200 тысяч рублёў і біржавы збор (0,375 долара). Агульная сума плацяжоў банку складзе каля 20 долараў. Гэта 0,4% ад кошту адной валютнай аблігацыі. Такім чынам атрымліваецца, што рэальны даход уладальніка адной аблігацыі складзе 6,6% (7% мінус 0,4%).

Тут фінансавыя эксперты слушна заўважаюць, што пры набыцці большай колькасці аблігацый выдаткі на адну каштоўную паперу будуць памяншацца. Напрыклад, пры куплі ўжо дзвюх аблігацый даходнасць іх складзе каля 6,8% гадавых. Заўважу, што сёння такіх сур'ёзных працэнтаў па валютных дэпазітах насельніцтву не прапануе ніхто.

Апошнім знакавым момантам падобнай прапановы ад Мінфіна з'яўляецца даступнасць і хуткасць механізму набыцця аблігацый на валютна-фондавай біржы. Спецыяліст аднаго невялікага прыватнага банка паведаміў, што пры ажыццяўленні ўсіх неабходных аперацый у цэнтральным офісе фінансавай установы дзяржаўныя валютныя аблігацыі з'явяцца на рахунку кліента ўжо на наступны дзень пасля адкрыцця рахунку «дэпо».

Сяргей КУРКАЧ

kurkach@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.