Вы тут

Настальгія па хатняй каўбасцы...


У сезон нарыхтовак кааператары пачалі выкарыстоўваць гнуткую стратэгію закупачных цэн.

Цяпер усе вёскі, у якіх адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, абслугоўваюцца аўтакрамамі спажыўкааперацыі тры разы на тыдзень, паведаміў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню кааперацыі, які адзначаецца ў першую суботу ліпеня. Толькі летась кааператарамі было набыта 140 новых аўтакрам.

7-41

Канкурэнцыя прымусіць развіваць інтэрнэт-гандаль

Сёння айчынным кааператарам даводзіцца канкурыраваць з усімі гандлёвымі арганізацыямі і буйнымі сеткамі, якія за апошнія гады атрымалі прыкметнае развіццё. «Цяпер гэта не толькі гандаль, але і грамадскае харчаванне, аказанне паслуг», — адзначыў кіраўнік ведамства. Таму саюз адкрывае новыя гандлёвыя пункты, актывізуе працу па вынасным і выязным гандлі. Цяпер спажыўкааперацыя ўдзельнічае ў гандлі ў месцах адпачынку, на пляжах не толькі ў раённых цэнтрах, але і ў Мінску. Усе забаўляльныя мерапрыемствы, якія праходзяць у раённых і абласных цэнтрах, таксама абслугоўваюцца сістэмай.

Валерый Іваноў прызнаўся, што канкурыраваць сёння няпроста. Сутнасць канкурэнцыі заключаецца ў прапаноўванні лепшых умоў, прымальных цэн і дастатковага асартыменту. Менавіта невялікія цэны і якасць прадукцыі стануць тымі галоўнымі козырамі сістэмы, якія Белкаапсаюз плануе выкарыстоўваць у буйных гарадах у якасці сучасных метадаў барацьбы за пакупніка.

Кіраўнік паведаміў, што, акрамя развіцця сеткі стацыянарных гандлёвых аб'ектаў, Белкаапсаюз збіраецца актыўна асвойваць новыя для ведамства напрамкі — прапаноўваць паслугі заказу тавараў праз інтэрнэт і дастаўкі іх спажыўцу на дом.

Па бабуліных рэцэптах

Адразу на траціну павялічаны выпуск прадукцыі па так званых «хатніх» рэцэптах. Асноўны акцэнт у перапрацоўцы садавіны і гародніны зроблены на выпуск кансерваванай прадукцыі з максімальным захаваннем першапачатковых якасцяў перапрацаванай сыравіны традыцыйнымі метадамі квашання, мачэння і салення.

Мадэрнізацыя ў гэтым спектры вялася такім чынам, каб не толькі павялічыць аб'ёмы, але і захаваць нацыянальны каларыт нашых прадуктаў. Толькі летась выраблена прадуктаў з мяса па нацыянальных рэцэптах 11,8 тысячы тон, што ў 1,5 раза больш за ўзровень 2009 года. З мэтай павелічэння аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі квашання, салення і мачэння праведзена работа па мадэрнізацыі і ўзбуйненні квасільна-засолачных цэхаў.

Сфарміраваная ў насельніцтва ўстойлівая думка аб натуральнасці і экалагічнасці прадукцыі, што выпускаецца кааператарамі, абавязвае гэтую галіну да павелічэння аб'ёмаў вытворчасці традыцыйнымі метадамі, асабліва ў хлебапячэнні, мясаперапрацоўцы, перапрацоўцы плодаагародніннай і дзікарослай сыравіны, упэўнены Валерый Іваноў.

Затаварыцца напоўніцу

Цяпер спажывецкая кааперацыя забяспечвае штогадовы рост закупак у насельніцтва лішкаў сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі. «Наша асноўная мэта — закупіць усю прадукцыю, якую нам гатовы прадаць, перапрацаваць яе і рэалізаваць», — адзначыў Валерый Іваноў. Ён канстатаваў, што летась за здадзеную прадукцыю насельніцтва атрымала 1,4 трлн рублёў. Пры гэтым былі закуплены рэкордныя аб'ёмы па такіх відах прадукцыі, як агуркі і морква.

«Для максімальнага асваення лішкаў прымаюцца меры па своечасовым інфармаванні насельніцтва аб патрабаваннях да якасці прадукцыі, закупачных цэнах і месцах размяшчэння прыёмных пунктаў», — паведаміў старшыня Белкаапсаюза. Сёння ў людзей закупляецца больш за 30 відаў сельгаспрадукцыі і сыравіны. Сёлета ўжо пачаўся масавы сезон нарыхтовак. Асноўны ўпор будзе зроблены на максімальны ахоп нарыхтоўшчыкамі не толькі населеных пунктаў, але і месцаў масавага збору і рэалізацыі сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі, а таксама на выкарыстанне гнуткай стратэгіі пры фарміраванні закупачных коштаў.

Развіваць сваё

У сістэме спажыўкааперацыі працуюць сёння больш за 9 тысяч аб'ектаў рознічнай гандлёвай сеткі. Доля айчынных тавараў у крамах Белкаапсаюза складае 93%. Толькі летась у сістэме спажыўкааперацыі было адкрыта 26 крам гандлёвай плошчай 500 кв.м і больш, уведзена ў эксплуатацыю 78 магазінаў крокавай даступнасці і 37 спецыялізаваных крам нехарчовых тавараў. Валерый Іваноў упэўнены, што Белкаапсаюз робіць усё магчымае не толькі для забеспячэння насельніцтва гарадоў і вёсак шырокім асартыментам тавараў і паслуг, але і прадастаўляе працоўныя месцы жыхарам нашай краіны, а таксама паляпшае ўзровень нашага жыцця.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.