Вы тут

Сацыёлаг Андрэй Папуша пра накіраванасць інтарэсаў, спецыфіку электаральных даследаванняў і экзітполы


Падчас выбарчай кампаніі асаблівую цікавасць для людзей уяўляюць рознага кшталту рэйтынгі, апытанні, падрыхтаваныя айчыннымі і замежнымі сацыёлагамі. Што хвалюе патэнцыяльных выбаршчыкаў? Наколькі змяніўся грамадскі інтарэс за апошнія гады? Чаму часта вынікі сацыялагічных апытанняў адрозніваюцца ад вынікаў выбараў? Пра ўсё гэта «Звяздзе» расказаў Андрэй Папуша, намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта.
Безимени-3 копия

— Адным з напрамкаў работы цэнтра з'яўляецца вывучэнне меркавання грамадзян па розных пытаннях. Што сёння хвалюе беларусаў? Пра што сведчаць апошнія апытанні, маніторынгі?

— Згодна з вынікамі нашых даследаванняў, для грамадзян увогуле характэрны аптымістычныя настроі. Яшчэ ў канцы мінулага года 78% беларусаў былі ўпэўнены, што 2015 год складзецца для іх удала. Высокі ўзровень аптымізму сярод насельніцтва пацвярджаюць і даныя апошніх апытанняў, згодна з якімі большасць беларусаў у той ці іншай ступені задаволены ўласным жыццём і ўпэўнены ў будучыні.

Акрамя таго, пераважная большасць грамадзян (84%) ганарыцца сучаснай Беларуссю. Больш за палову жыхароў краіны (55,5%) у першую чаргу ганарыцца беларусамі як народам. Прыродныя багацці краіны выклікаюць пачуццё гонару ў 42% грамадзян, беларуская культура — у 38%. Кожны трэці беларус (33%) ганарыцца гісторыяй краіны і яе спартыўнымі дасягненнямі.

— Наколькі змянілася накіраванасць грамадскага інтарэсу за апошнія 10-15 гадоў?

— Пры супастаўленні вынікаў шматгадовых маніторынгавых даследаванняў варта адзначыць некаторую дваістасць грамадскай думкі. З аднаго боку, яна ўказвае на адвечныя чалавечыя патрэбы і праблемы, актуальнасць якіх практычна не змяняецца з гадамі, а з другога — з'яўляецца аб'ектыўнай рэакцыяй на перамены, што адбываюцца ў грамадстве. Напрыклад, злачыннасць у якасці праблемы сёння згадваецца рэспандэнтамі ў 3 разы радзей, чым у канцы 90-х. У тыя часы гэтая праблема турбавала практычна палову насельніцтва (48,5%), у 2015 годзе гэты паказчык не перавышае 17,5%. Падобная тэндэнцыя адзначаецца і ў дачыненні да іншых праблем: доля грамадзян, занепакоеных палітычнымі супярэчнасцямі ў краіне, за той жа перыяд знізілася з 17% да 2%.

Таксама варта адзначыць істотныя змены ў ацэнцы грамадзянамі ўласнага ўзроўню жыцця: калі ў 1998 годзе лічылі свой дастатак сярэднім толькі чвэрць грамадзян (27%), то ў 2015 годзе такіх стала большасць (75,5%). Пры гэтым у некалькі разоў скарацілася колькасць тых, хто лічыць, што ён знаходзіцца за мяжой беднасці (з 13% да 3%).

Зразумела, меркаванні рэспандэнтаў шчыльна ўпісаны ў агульны сацыяльны кантэкст і часта абумоўлены тымі ці іншымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Адразу пасля сумна вядомага здарэння ў мінскім метро ў красавіку 2011 года, напрыклад, пагрозу тэрарыстычных актаў у якасці актуальнай праблемы паказалі рэкордныя 28% апытаных. Сёння занепакоенасць знешняй палітыкай ЗША праяўляе практычна трэцяя частка апытаных (31,5%), хоць яшчэ ў 2013 годзе паказчык не перавышаў 13%. З высокай ступенню верагоднасці гэта звязана з падзеямі ў суседняй Украіне.

— Электаральныя сацыялагічныя даследаванні — адзін з самых складаных кірункаў дзейнасці сацыёлага. Цяпер ужо ёсць нейкія напрацоўкі па тэме будучых прэзідэнцкіх выбараў? Маецца на ўвазе вывучэнне адносін грамадзян да гэтай падзеі, цікавасці да яе.

— Безумоўна, правядзенне электаральных сацыялагічных даследаванняў звязана з шэрагам цяжкасцяў. Да іх можна аднесці і спецыфіку самой тэматыкі падобных апытанняў, і высокія патрабаванні да даследчай методыкі.

Спецыфіка электаральных даследаванняў таксама заключаецца ў тым, што іх вынікі правяраюцца шляхам супастаўлення з вынікамі галасавання, якое, з сацыялагічнага пункту гледжання, уяўляе з сябе не што іншае, як суцэльнае сацыялагічнае даследаванне. З гэтай прычыны правядзеннем электаральных апытанняў звычайна займаюцца найбольш прафесійныя і падрыхтаваныя структуры. Усяго ў краіне сёння маюць акрэдытацыю на правядзенне падобных апытанняў чатыры даследчыя арганізацыі, у тым ліку і наш цэнтр. Сацыялагічнае даследаванне сацыяльна-палітычнай сферы з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў нашай працы на працягу многіх гадоў.

Пра якія-небудзь канкрэтныя рэйтынгі пакуль рана гаварыць, аднак ужо зараз можна канстатаваць паступовы рост дасведчанасці грамадзян аб маючых адбыцца выбарах і гатоўнасці прыняць у іх удзел. Так, у лютым гэтага года ведалі пра будучыя выбары 91% грамадзян, а планавалі прыняць у іх удзел 89%, а ў маі доля дасведчаных вырасла да 95,5%, а ўзровень актыўнасці — да 91%. Такім чынам, атрыманыя вынікі сведчаць пра высокую ступень гатоўнасці грамадства да пачатку выбарчай кампаніі.

— Часам вынікі апытанняў значна адрозніваюцца ад вынікаў выбараў. З чым, на ваш погляд, гэта звязана? Былі ў практыцы айчынных сацыёлагаў такія выпадкі?

— Пытанне ў тым, наколькі ўвогуле карэктна супастаўляць вынікі электаральных апытанняў і вынікі выбараў. Варта разумець, што перавагі выбаршчыкаў — гэта не пастаянная велічыня, меркаванні грамадзян у перыяд выбарчай кампаніі могуць змяняцца. Гэта красамоўна прадэманстравалі нядаўнія вынікі сацыялагічных апытанняў, праведзеных напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі ў Польшчы. У прыватнасці за некалькі месяцаў да старту выбараў дзеючы Прэзідэнт, па звестках апытанняў, упэўнена перамагаў у першым туры, аднак, як мы ведаем, справа ўсё ж дайшла да другога тура, у якім ён саступіў кандыдату ад апазіцыі. І тут нельга казаць аб сур'ёзнай памылцы вымярэнняў, бо даныя электаральных апытанняў адлюстроўвалі аб'ектыўную сітуацыю на момант правядзення апытання. У гэтым выпадку галоўная задача сацыёлагаў складаецца не ў прадказанні вынікаў галасавання, а ў тым, каб аператыўна адсочваць змены ў перавагах выбаршчыкаў і паказваць на асноўныя тэндэнцыі. Што да прагназавання вынікаў выбараў, то з высокай доляй верагоднасці прадказаць выніковы расклад сіл магчыма толькі ў дзень галасавання з дапамогай методыкі экзітпол (апытанне на выхадзе з выбарчых участкаў).

— Экзітполы, вынікі якіх актыўна цытуюцца ў дзень выбараў, часам даюць няправільную інфармацыю. Гэта сведчыць пра тое, што апытаныя не жадаюць гаварыць, за каго яны насамрэч прагаласавалі? Ці справа ў хібнасці?

— У параўнанні з іншымі апытальнымі методыкамі, экзітполы, як правіла, адрозніваюцца большай дакладнасцю. Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што апытанне праводзіцца ў дзень выбараў і меркаванне рэспандэнта фіксуецца постфактум, гэта значыць, ужо пасля працэдуры галасавання, што дазваляе пазбегнуць нявызначаных пазіцый. Да таго ж колькасць рэспандэнтаў, апытаных па методыцы экзітпол, як правіла, значна перавышае лік апытаных у рамках традыцыйных электаральных апытанняў, што таксама павышае дакладнасць вынікаў.

У большасці выпадкаў рэспандэнты, пагадзіўшыся прыняць удзел у экзітполе, не хаваюць сваіх палітычных пераваг. У сітуацыі, калі рэспандэнт жадае пакінуць пры сабе сваё меркаванне — ён проста адмаўляецца ад удзелу ў апытанні.

Значныя неадпаведнасці паміж вынікамі выбараў і вынікамі апытання на выхадзе могуць быць звязаны з метадычнымі парушэннямі пры правядзенні экзітполу, невыкананнем патрабаванняў выпадковасці пры адборы рэспандэнтаў, нераўнамерным тэрытарыяльным размеркаваннем пунктаў правядзення апытання...

Варта адзначыць, што прыцягненне да правядзення экзітполаў сацыялагічных арганізацый, якія не маюць дастатковага вопыту ў гэтай сферы, уяўляе з сябе істотны фактар рызыкі. Улічваючы ступень сацыяльнай адказнасці і складанасць правядзення такіх апытанняў, да гэтай працы, як правіла, прыцягваюцца вопытныя даследчыцкія арганізацыі, у тым ліку і міжнародныя, якія маюць добрую рэпутацыю і здольны забяспечыць надзейнасць і дакладнасць вынікаў.

— У чым, на вашу думку як сацыёлага, спецыфіка цяперашняй выбарчай кампаніі?

— Галоўная адметная рыса цяперашняй выбарчай кампаніі заключаецца ў тым, што яна праходзіць ва ўмовах досыць напружанага міжнароднага становішча. Складаная эканамічная сітуацыя як у свеце, так і на постсавецкай прасторы, а таксама падзеі ў суседняй Украіне востра актуалізавалі запыт беларускіх грамадзян на такія базавыя чалавечыя каштоўнасці, як стабільнасць і бяспека.

У гэтым ключы, верагодна, не варта чакаць якіх-небудзь праяў сацыяльнай напружанасці як да, так і пасля выбараў. Мяркую, грамадзяне спакойна скарыстаюцца сваім канстытуцыйным правам і аддадуць голас за таго ці іншага кандыдата. Таксама, я думаю, гэта будзе спрыяць высокай яўцы выбаршчыкаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

 yushkevich@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.