Вы тут

Магчымасці для ініцыятыўных


Клімавіцкі раён адзін з тых рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, які атрымаў новыя магчымасці для свайго развіцця. Згодна з 235-м указам Прэзідэнта, ён трапіў пад дзеянне шэрагу льгот і прэферэнцый, якімі змогуць скарыстацца інвестары і камерсанты, якія пачалі сваю справу з 1 ліпеня, і ўсе тыя, хто збіраецца тут жыць і працаваць. На рэалізацыю праграмы выдаткоўваецца каля двух з паловай трыльёнаў рублёў, прадугледжана стварэнне новых прадпрыемстваў ва ўсіх галінах эканомікі. Аб тым, як ідзе справа ў гэтым кірунку, наша размова з намеснікам старшыні Клімавіцкага райвыканкама Аляксандрай Міхеенкай.

Безимени-3

— Ці шмат ахвотных скарыстацца магчымасцю пачаць свой бізнес у раёне?

— Да нас звяртаюцца прадпрымальнікі з іншых абласцей, якія нават гатовы да таго, каб згарнуць свой бізнес у сябе, прыехаць у наш раён і займацца вытворчасцю і ўкладваць грошы ў нейкія пэўныя праекты, у прыватнасці ў перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі. Польскія інвестары цікавяцца магчымасцямі будаўніцтва невялікага завода па выпуску газасілікатных блокаў для збыту прадукцыі на польскім і расійскім рынках. Ёсць ахвотныя з Брэсцкай вобласці арганізаваць сваю фермерскую гаспадарку і адкрыць на яе базе невялікі мяса-малочны перапрацоўчы цэх. Падставы для цікавасці вельмі сур'ёзныя: за кошт зніжэння падаходнага падатку і адлічэнняў у фонд сацабароны добрасумленныя працадаўцы, якія прывыклі працаваць законна, без усялякіх там канвертаў і шэрых схем, нядрэнна сэканомяць.

— Ужо існуючыя клімавіцкія прадпрыемствы ў чымсьці тут выйграюць?

— Ільготы на іх не распаўсюджваюцца, але будзе магчымасць затрымаць тут спецыялістаў. Крэдыт на будаўніцтва жылля пад 1% на 20 гадоў вельмі добры стымул для гэтага. У нас на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў пастаянна знаходзіцца каля тысячы чалавек. Гэта сведчыць пра тое, што людзі гатовы будавацца і заставацца ў раёне. Наша задача — стварыць ім працоўныя месцы. З тымі прэферэнцыямі, якія прадугледжвае ўказ, лягчэй прывабіць інвестараў. Калі яны рэалізоўваюць у нас свае праекты, то інжынерная структура будзе зроблена за сродкі бюджэту — а гэта прыблізна 30% кошту любога праекта, вельмі значная сума.

— Наколькі неабходны раёну тыя прэферэнцыі, якія прадугледжвае ўказ?

— Для раёна гэта вельмі сур'ёзная дапамога ў стварэнні новых працоўных месцаў. Сёння паўсюдна вядзецца аптымізацыя вытворчасці, прамысловым прадпрыемствам цяжка выжываць на рынку і яны павінны ісці на скарачэнне колькасці працуючых. Таму новыя вытворчасці проста неабходны. І прыватны бізнес нам тут вельмі добра дапамагае. Асаблівыя поспехі на рахунку нашых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, такіх як «Онікс», «Будтэхінвест» (яны працуюць нават з іншымі краінамі).

Наогул, у раёне зарэгістраваны 82 камерцыйныя арганізацыі і звыш 500 прадпрымальнікаў. На іх мы і робім стаўку. Плануем развіваць фермерства. Падчас семінара, які арганізаваў для нас аблвыканкам, наведалі Шклоўскі і Дрыбінскі раёны. І былі ўражаны тым, як там працуюць фермеры. Мы адразу сабралі нашых прадпрымальнікаў, абмеркавалі, што трэба для адкрыцця фермерскай гаспадаркі і чым мы можам ім дапамагчы. Пакуль у нас толькі 8 фермераў на ўвесь раён, але спадзяёмся, хутка будзе болей.

Ёсць у нас што прапанаваць і патэнцыйным інвестарам. У раёне некалькі прывабных інвестпляцовак з інжынернай інфраструктурай, адна з якіх — былы аэрадром у вёсцы Барсукі. З патэнцыялам рэгіёна можна больш падрабязна пазнаёміцца на сайце Клімавіцкага райвыканкама. Мы вельмі зацікаўлены ў ініцыятыўных людзях.

Запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара.

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.