Вы тут

Палац Радзівілаў оптам і ў розніцу


Былая маёмасць Радзівілаў у Дзятлаве прапануецца на аўкцыёне ўжо па заніжаным кошце.

Комплекс будынкаў і збудаванняў былога палаца знаходзіцца ў райцэнтры Гродзенскай вобласці. Сёння гэты аб'ект знаходзіцца на балансе Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, у ім з 1938-га і амаль да 2010 года размяшчалася гарадская стаматалогія. Палац уяўляе сабой двухпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай больш за 1,5 тысячы квадратных метраў. Да яго падведзены камунальныя сеткі і іншыя інжынерныя камунікацыі.

[caption id="attachment_90795" align="alignnone" width="600"]Ця­пер бы­лы па­лац больш на­гад­вае ста­рую рай­баль­ні­цу. Ця­пер бы­лы па­лац больш на­гад­вае ста­рую рай­баль­ні­цу.[/caption]

Дубль два

Аўкцыён па продажы палаца адбудзецца 15 ліпеня ў Гродне, арганізатарам выступае Гродзенскі абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасці. У рэгіянальным фондзе карэспандэнту паведамілі, што цяпер стартавы кошт лота «з вытрымкай» складае крыху менш за 1,8 млрд рублёў. Тут жа нам нагадалі, што гэта ўжо другая спроба прадаць будынак з гісторыяй з малатка. Упершыню былы палац быў выстаўлены на таргі сёлета 4 чэрвеня, але аўкцыён не адбыўся па прычыне адсутнасці патэнцыяльных пакупнікоў. Таму на паўторным аўкцыёне першапачатковы кошт аб'екта змяншаецца адразу на 20%.

Пакупка з умовамі

Увогуле дзятлаўскі палац з'яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі, таму інвестару прапануюць набыць будынак на ўмовах падпісання ахоўнага абавязацельства. Акрамя таго, пакупнік будзе вымушаны падрыхтаваць адпаведнае архітэктурнае рашэнне і на працягу трох гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу, абавязаны выканаць рамонт фасада і даху будынка. Разам з палацам на аўкцыёне прадаецца і права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 41 сотка (пад забудовай) тэрмінам на 50 гадоў.

Нагадаю, што перад аўкцыёнам яго непасрэдныя ўдзельнікі павінны ўнесці задатак у памеры 178 млн рублёў. І яшчэ. Мяне асабіста зацікавіла, а ці маюцца нейкія асаблівыя ўмовы выкарыстання такога знакавага раней аб'екта? Нам паведамілі, што нічога невыканальнага ў раней агучаных умовах няма. Падпісваеш ахоўную паперу, робіш звонку рамонт, і далей будынак можна выкарыстоўваць ужо па сваім жаданні. Ніякіх абмежаванняў тут увогуле няма.

А яшчэ мяне зацікавіў пункт № 5 у аб'яве аб правядзенні аўкцыёну. Там гаворыцца, што аўкцыён з'яўляецца адкрытым. Таму ў ім могуць удзельнічаць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі нашай краіны, а таксама замежныя юрыдычныя асобы, іншыя замежныя арганізацыі і замежныя індывідуальныя прадпрымальнікі, проста жыхары нашай краіны, грамадзяне іншых дзяржаў і асобы без грамадзянства. Вось так. Калі ў чалавека ёсць грошы, то сёння ён даволі проста можа набыць былы палац Радзівілаў ва ўласнасць.

Пабудова з падтэкстам

«Нараджэнне» палаца звязана з сям'ёй вядомага пісьменніка, паэта і гісторыка, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, князя Святой Рымскай імперыі Ульрыка Крыштафа Радзівіла, ураджэнца Дзятлава. Менавіта яго бацька, Мікалай Фаўстын Радзівіл, за ўласныя сродкі пачаў будаўніцтва палаца ў Дзятлаве, якое было завершана ў 1751 годзе. Першапачаткова палац уяўляў сабой значны комплекс, у які ўваходзілі таксама малыя архітэктурныя формы (павільёны, масткі, скульптуры), размешчаныя ў пейзажным парку ля ракі Дзятлаўка. Уздоўж палацавага ансамбля цягнуўся ланцуг сажалак, створаных ракой. Побач з адным з гэтых вадаёмаў і размяшчаўся палац.

[caption id="attachment_90796" align="alignnone" width="600"]Та­кім ба­чыў па­лац Ра­дзі­ві­лаў вя­до­мы бе­ла­рус­кі мас­так На­па­ле­он Ор­да. Та­кім ба­чыў па­лац Ра­дзі­ві­лаў вя­до­мы бе­ла­рус­кі мас­так На­па­ле­он Ор­да.[/caption]

Праўда, з гадамі знешняе аблічча палаца моцна спрасцілася, і сёння ён мае плоскі дах. Між тым на малюнку Напалеона Орды, які датуецца прыкладна 1860—1870 гадамі, палац мае дзве бакавыя трох'ярусныя вежкі з шатровымі завяршэннямі. Фасады палаца і дагэтуль захавалі дэкаратыўныя элементы позняга барока і ракако, яны багата ўпрыгожаны сандрыкамі, гірляндамі, медальёнамі, раслінным арнаментам і геральдычнымі знакамі.

Увогуле, гэты будынак ужо даўно патрабуе рэканструкцыі. У свой час у спецыялістаў была ідэя размясціць у палацы гісторыка-краязнаўчы музей. Наконт гэтага нават рыхтавалася праектная дакументацыя. Планавалася аднавіць у некалькіх памяшканнях інтэр'ер XVІІІ стагоддзя, адкрыць кавярню, а ў сутарэннях размясціць рэстаўрацыйна-мастацкія майстэрні і фонды музея. Аднак такая высакародная ідэя засталася на паперы.

Таму сёння на аўкцыёне прадаецца не проста нейкі будынак, а магчымасць дакрануцца да гісторыі нашай радзімы. Тут прадаецца права паўдзельнічаць у захаванні на тэрыторыі рэгіёна помнікаў былога шляхецтва, няхай цяпер толькі ў выглядзе аднаго старэнькага будынка.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.