Вы тут

Як спраўляюцца жанчыны-старшыні сельскіх Саветаў са сваім службовым транспартам?


Гадоў восем таму ў адным з райцэнтраў мне расказалі забаўную гісторыю. Старшынёй сельскага Савета стала жанчына перадпенсійнага ўзросту. Ёй у спадчыну дастаўся службовы аўтамабіль. На правы яна сяк-так здала, а вось з кіраваннем адчувала цяжкасці. І ехала часам, не зважаючы ні на знакі, ні на астатніх удзельнікаў руху, праўда, ехала не хутка. Райцэнтр жа невялікі, неўзабаве мясцовыя кіроўцы сталі яе пазнаваць. І на скрыжаванні дарог, калі яна набліжалася, усе спыняліся і прапускалі яе — далей ад граху. Мужчына, які расказваў гэта, смяяўся: прапускаем, нібы ўрадавы картэж... Прайшоў час, тая старшыня ды яе аднагодкі пайшлі ўжо на пенсію. Сёння прадстаўніцы маладзейшага пакалення, як правіла, прыходзяць на работу ўжо з пасведчаннямі кіроўцы ў кішэні. Ды і жанчын у органах мясцовай улады становіцца ўсё больш. Спраўляцца самастойна не толькі з кіраваннем, а і з абслугоўваннем транспартных сродкаў ім не заўсёды бывае проста і лёгка.

8-24

Сваімі думкамі падзяліліся на гэты конт некаторыя старшыні сельскіх Саветаў.

Таццяна НАВІЦКАЯ, старшыня Велікасельскага сельскага Савета Пружанскага раёна:

— Восем з дванаццаці мясцовых Саветаў нашага раёна ўзначальваюць жанчыны. І толькі старшыня Ружанскага выканкама мае ў штаце вадзіцеля, бо там вельмі вялікая тэрыторыя. Астатнія спраўляюцца самі. Не так даўно я была па абмене вопытам у баранавіцкага калегі, дык ён спытаў: «А хто вас, жанчын, возіць па вашых сельсаветах?» Самі, кажу, сябе і возім.

Шчыра кажучы, цяжкавата сумяшчаць работу кіраўніка з абавязкамі кіроўцы. Хоць я вадзіцель са стажам, нярэдка да канца рабочага дня адчуваю фізічную стомленасць менавіта ад кіравання. Бываюць дні, што з машыны фактычна не вылазіш. Акрамя таго, што трэба наведваць людзей, сацыяльныя аб'екты, якія загадзя плануеш, узнікае шмат неадкладных спраў. То ветэрана альбо адзінокага пенсіянера трэба падвезці ў бальніцу ці ва ўстанову сястрынскага догляду, а то і маладзейшаму вяскоўцу дапамагчы. Гэту работу, калі яна тэрміновая, нікому не даручыш, таму і даводзіцца накручваць лішнія кіламетры.

Хоць у цэлым работа з транспартам сельсаветаў арганізаваная. У бюджэт мясцовага органа ўлады штогод закладваюцца сродкі на рамонт і тэхнічнае абслугоўванне машыны. Так што без праблем звяртаешся ў рамонтныя арганізацыі. Мне яшчэ пашанцавала, што машына новая, яна не патрабуе частых рамонтаў. А вось бягучыя рамонты — напрыклад, кола замяніць — для мяне нярэдка становяцца праблемай, якую даводзіцца вырашаць самымі рознымі спосабамі.

Людміла ЭСАНАВА, старшыня Здзітаўскага сельскага Савета Бярозаўскага раёна:

— Я лічу, што справа з транспартным забеспячэннем сельскіх органаў улады пастаўлена цяпер на нармальным узроўні. Галоўнае, што грошы на абслугоўванне выдзяляюцца. У нас, напрыклад, фірма «Бяроза-Лада», з якой мы маем дагавор, заўсёды прыйдзе на выручку і якасна правядзе работу. Іншыя сельвыканкамы, наколькі я ведаю, працуюць з іншымі станцыямі тэхабслугоўвання і асабліва не наракаюць на іх. Калі рамонтная арганізацыя не адпавядае патрабаванням, яе заўсёды можна памяняць на іншую.

Вядома, намнога лепш было б мець у штаце вадзіцеля. Але мы ўсе разумеем, што трэба жыць па сродках. Таму мыць машыну, даглядаць яе даводзіцца самім. А вось у нейкім дробным рамонце мне, як правіла, дапамагаюць спецыялісты мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Ларыса МЫШКАВЕЦ, старшыня Нацкага сельскага Савета Ганцавіцкага раёна:

— Якія праблемы, пра што размова? Я не нарадуюся, што ўжо два месяцы на колах. Вялікіх паломак за гэты час не было.

Я за рулём з 1998 года, таму машыну навучылася адчуваць, любыя непаладкі вызначаю сама — па гуку. З дробным рамонтам, кшталту памяняць зімовыя шыны на летнія альбо правесці замену масла, дапамагаюць дарослыя дзеці. Калі ж спатрэбіцца кваліфікаваная і грунтоўная дапамога спецыялістаў, лічу, з гэтым праблем не будзе. Можна звярнуцца ў любую профільную арганізацыю Ганцавіч.

Вядома, цяжкавата сумяшчаць работу старшыні з работай кіроўцы няновага аўтамабіля. Але ж, з другога боку, нам ніхто не перашкаджае зарабляць грошы і набываць сучасныя іншамаркі. У нашым сельсавеце, на жаль, для гэтага менш магчымасцяў, чым у суседзяў. У нас няма журавін, каб за сезон папоўніць мясцовы бюджэт на 50-70 мільёнаў, у нас не прадаюцца ўчасткі, як у ваколіцах вялікіх гарадоў. Таму даводзіцца жыць па сродках і працаваць у тых умовах, якія ёсць.

Людміла ПАШКЕВІЧ, старшыня Лахвенскага сельскага Савета Лунінецкага раёна:

— Самае галоўнае, каб машына была, а кіраванне і абслугоўванне — пытанні вырашальныя. Адразу, калі я прыйшла ў сельскі Савет, тут быў толькі разбіты «УАЗ», фактычна непрыдатны да выкарыстання. Давялося некаторы час нават ездзіць па вёсках на скутары. Аднойчы мяне ўбачыў старшыня райвыканкама — магчыма, гэты факт і паскорыў прыняцце іншага рашэння. І ў 2010 годзе мы набылі «жыгулі», на гэтай машыне езджу і цяпер.

Сёння ў раёне я адзіная жанчына на пасадзе старшыні сельскага Савета. Некаторыя калегі маюць іншамаркі. Ды ім, мужчынам, вядома, абыходзіцца з тэхнікай лягчэй. Даглядаць машыну мне ў асноўным дапамагае муж. Калі трэба разлічыцца за рамонт на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, эканомлю на бензіне, у той месяц стараюся менш выязджаць. Бывае, на дапамогу прыходзяць кіраўнікі прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, якія размешчаны на тэрыторыі. Гэта называецца, «вырашыць пытанне на асабістых кантактах». Даводзіцца круціцца, бо машына ў мясцовага органа ўлады павінна быць. Таму што, напрыклад, адлегласць ад Лахвы да самага аддаленага населенага пункта складае 29 кіламетраў.

Таццяна ВАСЮХНЕВІЧ, старшыня Велікамалешаўскага сельскага Савета Столінскага раёна:

— Наш сельсавет знаходзіцца па суседстве з Альшанскім, толькі размешчаны яшчэ далей ад райцэнтра: мы жывём на мяжы з Гомельскай вобласцю. Альшаны ўсе ведаюць як край працаўнікоў, але нашы людзі не менш працавітыя, таксама трымаюць цяпліцы, вырошчваюць сельгаспрадукцыю. У нас многа будуецца дамоў, нараджаецца шмат дзяцей. На тэрыторыі пражывае пяць тысяч чалавек. І машына старшыні сельскага Савета, вядома, патрэбна. Раней былі праблемы з транспартам. А год таму, пахвалюся, мы набылі новую іншамарку. Пакуль праблем не маем, бо яна на гарантыйным абслугоўванні. Нейкія бягучыя тэхнічныя моманты вырашаю па дамоўленасці — нехта ў любым выпадку дапаможа старшыні, якая па сумяшчальніцтве яшчэ і кіроўца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.