Вы тут

Вёску адродзяць... гараджане?


У Лёзненскім раёне вёска, якую лічылі неперспектыўнай, актыўна адраджаецца — у многім дзякуючы гараджанам, што пераехалі туды жыць. Дарэчы, вяскоўцы таксама сталі «мецэнатамі»: сабралі 20 мільёнаў рублёў для паляпшэння функцыянавання воданапорнай вежы. Выпадак калі не ўнікальны, дык вельмі рэдкі.

[caption id="attachment_90810" align="alignnone" width="600"]Ак­са­на Вай­лу­па­ва. Ак­са­на Вай­лу­па­ва.[/caption]

Раней Асіпоўшчына нічым не адрознівалася ад іншых вёсак. Калісьці тут было каля 30 падворкаў, потым засталося толькі два. Моладзь з'язджала, старыя паміралі — усё, як і ў многіх іншых... Вядома, сёння дачнікі часта купляюць дамы ў глыбінцы. Але ў гэту вёску гараджане прыязджаюць, каб стаць тутэйшымі жыхарамі. Чатыры сям'і  ўжо «аселі», яшчэ восем купілі ўчасткі пад будаўніцтва. У чым сакрэт?

— Нельга казаць, што Асіпоўшчына была ўнікальнай, з нейкім асаблівым ландшафтам, напрыклад. Такія, бадай, ёсць у кожным раёне. Ні крамы, ні ФАПа, ні пошты ці іншых выгод... Нават аўтобус туды не заязджаў... Але менавіта ў Асіпоўшчыне штогод павялічваецца колькасць жыхароў. Каб іх стала яшчэ больш, спрабуем атрымаць гранты. Рыхтуем пакеты дакументаў для ўдзелу ў конкурсах — у рамках праектаў развіцця мясцовых тэрыторый ЕС/ААН. Максімальная сума, на якую можна разлічваць у такім конкурсе, — 18 тысяч долараў. Абавязковая ўмова пры гэтым — сумеснае фінансаванне (ад нас у памеры не менш за 10%). Другі грант можна атрымаць для пашырэння эканамічных магчымасцяў у глыбінцы. Гэтыя грошы плануем патраціць на паляпшэнне водазабеспячэння і стварэнне ўмоў для прыёму турыстаў. У выніку ў раёне можа з'явіцца першая агратурыстычная вёска, — інтрыгуе Тамара Дрылёнак, старшыня Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў.

Ад Лёзна Асіпоўшчына знаходзіцца прыкладна за 20 кіламетраў. Столькі ж — да абласнога цэнтра. Рэчкі няма, натуральнага возера таксама. Дык чаму туды цягне людзей?

— Калі вы там не пабываеце, не зразумееце... Цяпер там і вадаёмы штучныя ёсць, і рыба водзіцца таксама. Сад пасадзілі. Дзякуючы актывістам вёсачка літаральна на вачах мяняецца ў лепшы бок. Хоць жывуць там звычайныя людзі. Праўда, вельмі працавітыя. У прыватнасці, і фермерствам спрабуюць займацца. Сярод наваспечаных вяскоўцаў — сям'я спартсменаў, якая займаецца адным з водных відаў спорту, — распавядае Святлана Пукава, старшыня Лёзненскага сельскага Савета.

...З трасы, якая пралягае ў бок Віцебска, робім паварот, і вось яна — Асіпоўшчына. Адразу заўважыў незвычайны зруб. Старшыня растлумачыла, што такія вырабляе ў вёсцы прадпрымальнік: бярвенні «насаджваюцца» адно на адно на спецыяльным васковым клеі. Такі дом добра трымае цяпло, а сама тэхналогія лічыцца экалагічна чыстай.

Пакуль ехалі па вёсцы, Святлана Пукава паказала штучныя вадаёмы. А вось і канатная дарожка для катання на вадзе.

— Тут раней рос бур'ян, а цяпер бераг добраўпарадкаваны... Наогул у вёсцы некалькі вадаёмаў выкапалі. Уявіце сабе, якую трэба было гіганцкую працу выканаць: выкапаць, пачысціць, запусціць ваду, зліць яе і зноў пачысціць...

Паколькі гэта не аграгарадок, тут дазваляецца зямельныя ўчасткі прадаваць не праз аўкцыён. Кожны ўчастак быў набыты ахвотнымі ў сярэднім за 7 мільёнаў рублёў, — тлумачыць нюансы Святлана Пукава.

Здзівіла адсутнасць агароджы ля дамоў. Сярод іншага ўбачыў і матацыкл на «п'едэстале». Аказалася, што гэта — упрыгажэнне падворку тутэйшых жыхароў. Да іх і напрасіўся ў госці. Праўда, гаспадыня Аксана Вайлупава папрасіла, каб пачакаў, пакуль яна птушак загоніць...

[caption id="attachment_90809" align="alignnone" width="600"]У вёс­цы Асіпоўшчына. У вёс­цы Асіпоўшчына.[/caption]

— Я карэнная гараджанка. Як і ў многіх, у мяне бабуля ў вёсцы жыла. У Віцебску я працавала дырэктарам крамы вядомай буйной сеткі па продажы бытавой тэхнікі. Зарплата была, паверце, вялікая. А ўпершыню прыехала ў Асіпоўшчыну з мужам да яго сваякоў — тут яго бацька займаўся мэблевай вытворчасцю. Мы з мужам спачатку наогул у «бытоўцы» спалі. Першы дом, які пабудавалі для сябе, быў няўдалым — даў расколіну. Зруб знялі і пабудавалі зноў — з блокаў, ды потым прадалі, а сабе паставілі новы, з гаражом унізе, — расказвае Аксана.

У сельскім жыллі, на мой погляд, цеснавата. Але ўсё зроблена стылёва, прадумана да дробязяў.

— Што такое горад сёння? Мітусня, бруднае паветра, суседзі, грукат... Усё цісне. Ты маеш кватэру, яна быццам бы твая, але не твая... Што такое вёска? Месца для яднання з прыродай, магчымасць дыхаць, вырошчваць садавіну, гародніну... Да нас госці прыязджалі, ім вельмі спадабалася... Мы купілі экскаватар, зрабілі штучную сажалку і рыбу туды запусцілі: карпа, карася і ліня. І яшчэ адну выкапалі, праўда, яна пакуль без рыбы. У нас 30 гусей, курэй элітных парод больш за 40, і яшчэ 20 качак. Хачу завесці авечак — таксама элітнай пароды. Думаем заняцца і агратурызмам, — расказвае жанчына.

Добра, дадае яна, што дарогу «залаталі», але было б яшчэ лепш, каб і зімой яе не забывалі чысціць ад снегу.

У выканкаме паабяцалі, што пастараюцца, каб былыя гараджане не скардзіліся. Такія людзі на вагу золата і ім, вядома, трэба ісці насустрач...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanski@zviazda.by

Фота аўтара.

Лёзненскі раён. 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.