Вы тут

Роўбіцкая «шклёндра» і культурная чарамша як прынады для турыстаў.


Роўбіцк — адна з цікавых і самабытных вёсак на рагу Белавежскай пушчы. Спрадвеку там развіваліся розныя рамёствы, жылі працавітыя людзі. Дастаткова сказаць, што новы Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій, які нядаўна адкрылі ў нацыянальным парку, мае сваёй гістарычнай радзімай менавіта Роўбіцк.
Між тым, сама вёска паціху страчвае свае дэмаграфічныя пазіцыі. Так, у наступным годзе ў мясцовую школу пойдуць усяго 28 вучняў. Колькасць людзей працаздольнага ўзросту ледзь дасягае трох соцень. Відавочна, што праз пару дзясяткаў гадоў Роўбіцк можа скаціцца да ліку іншых неперспектыўных вёсак раёна...

Кіраўніцтва Пружанскага раёна палічыла, што паспрабаваць выправіць сітуацыю можна сёння, калі Роўбіцк яшчэ немаленькая вёска. Тым больш, што ёй у пэўным сэнсе пашанцавала. Роўбіцк аказаўся зусім побач з аб'язной дарогай вакол тэрыторыі нацыянальнага парку «Белавежская пушча», уведзенай у эксплуатацыю ў 2011 годзе. Цяпер даехаць сюды з Пружан, Брэста, іншых гарадоў стала вельмі проста.

У Роўбіцку не так даўно прайшоў не зусім звычайны сход. Яго можна назваць яшчэ саветам нераўнадушных, зацікаўленых, аўтарытэтных людзей. І гэты сход вырас са звычайнага прыёму грамадзян, які праводзіў тагачасны старшыня райвыканкама Міхаіл Сяркоў. На прыём прыйшлі не толькі людзі, у каго былі праблемы альбо скаргі. Прыйшлі тыя, хто заклапочаны лёсам малой радзімы. На сход таксама запрасілі былых кіраўнікоў раёна.

Падчас дыскусіі было выказана нямала ідэй. Напрыклад, арганізаваць у вёсцы выпуск бандарнай прадукцыі, акультурваць і вырошчваць на продаж чарамшу ці бальзам, якія карыстаюцца попытам у грамадзян, а таксама харчовых прадпрыемстваў, але занесены ў Чырвоную кнігу і збор іх у дзікай прыродзе забаронены. Абсалютна аўтэнтычным назвалі і выпуск роўбіцкай «шклёндры» — мясцовай каўбасы, рэклама якой зможа павялічыць турыстычную прыцягальнасць вёскі.

На сходзе дамовіліся арганізаваць сустрэчы з патэнцыяльнымі пакупнікамі, а таксама наладзіць семінары з дасведчанымі спецыялістамі, якія параяць, чым займацца перспектыўна і як найлепш пачынаць свой нават самы невялікі бізнес.

Адзначалася, што да справы неабходна прыцягнуць эканамістаў, якія ў дадатак далі б фінансавыя выкладкі: колькі спатрэбіцца грошай для таго, каб стварыць, напрыклад, пчальнік, і як хутка мёд з яго пачне прыносіць даход. Чалавек зможа канкрэтна ацаніць свае матэрыяльныя магчымасці: укласці, скажам, сёння 10 мільёнаў рублёў, якія праз паўгода будуць прыносіць столькі ж штомесяц. Гэта дазволіць атрымаць фінансавую свабоду і адчуць сябе гаспадаром, ды яшчэ і паспрыяць добраму іміджу сваёй вёскі.

Першая сустрэча зацікаўленых людзей адбылася ў чэрвені. Дамовіліся, што праз два месяцы яна будзе мець працяг. Для таго, каб у наступны раз размаўляць было больш канструктыўна, стварылі ініцыятыўную групу, у якую ўвайшлі жыхары Роўбіцка Т. М. Папко, Г. К. Жукоўскі, В. І. Папко. Аўтарытэтныя вяскоўцы ўзяліся за гэты час вывучыць жаданні аднавяскоўцаў, іх заўвагі і прапановы ў азначаным кірунку.

Варта дадаць, што распачынаў справу старшыня райвыканкама Міхаіл Сяркоў, а нядаўна Міхаіл Мікалаевіч стаў намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама. Новы кіраўнік раёна Міхаіл Крэйдзіч выказаў намер прадоўжыць цікавае пачынанне.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Пружанскі раён

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.