Вы тут

З якімі баламі возьмуць у студэнты?


Зніжаць парогавыя значэнні на ЦТ для дадатковага набору сёлета не плануецца.

Каб вызначыцца з выбарам навучальнай установы і спецыяльнасці, сёлета ў абітурыентаў будзе тры дадатковыя дні. Прыём дакументаў на бюджэтныя месцы на ўсе формы навучання стартуе 8 ліпеня. Летась, нагадаем, прыём дакументаў праводзіўся ў вельмі сціслыя тэрміны (да 12 ліпеня), але затым абітурыентам давялося даволі доўга чакаць інфармацыю пра вынікі залічэння. Сёлета раздумваць і падлічваць свае шанцы на паступленне абітурыенты змогуць да 15 ліпеня. І ўсё ж такі лепш не адкладваць свой візіт у прыёмную камісію на апошні дзень: калі такіх жа разумнікаў акажацца шмат, конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі, і абітурыент атрымае ўсе шанцы... застацца за бортам.

Толькі да 18.00

Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў будзе абнаўляцца прыёмнымі камісіямі штодня кожныя тры гадзіны: у 9.00, 12.00, 15.00 і 18.00 гадзін. Але ў апошні дзень прыёму дакументаў абнаўленне інфармацыі спыніцца а 15 гадзіне, а допуск абітурыентаў у будынак навучальнай установы, у якой размешчана прыёмная камісія, — у 18 гадзін. У гэты ж час прыёмная камісія таксама спыніць выдачу абітурыентам дакументаў з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць. Пры гэтым будзе ажыццяўляцца прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, якія паспелі трапіць у будынак да таго, як дзверы на ўваход зачыніліся.

Уступныя іспыты ў ВНУ сілавых ведамстваў пройдуць з 16 па 19 ліпеня, у творчых ВНУ — з 16 па 25 ліпеня, а ва ўсіх астатніх — з 16 па 21 ліпеня.

Залічэнне на бюджэтныя месцы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы МУС і МНС, а таксама ў Інстытут пагранслужбы і Ваенную акадэмію пройдзе да 23 ліпеня; у Акадэміі мастацтваў, Акадэміі музыкі і Універсітэце культуры — да 29 ліпеня. У іншых ВНУ — да 25 ліпеня.

У тым выпадку, калі ў якой-небудзь ВНУ застануцца незапоўненыя бюджэтныя месцы, будзе аб'яўлены дадатковы набор. Дакументы ад абітурыентаў, якія паступаюць у рамках дадатковага набору, у ВНУ сілавых ведамстваў будуць прымацца з 24 па 26 ліпеня. У творчых ВНУ — з 30 па 31 ліпеня, а ва ўсіх астатніх — з 26 па 28 ліпеня.

IMG_2584

IMG_2584

 

Дакументы на платную форму навучання ў ВНУ сілавых ведамстваў будуць прымацца па 29 ліпеня, у творчых ВНУ — па 31 ліпеня, ва ўсіх іншых — па 2 жніўня.

Дадатковы шанц

Сёлета магчымасць правядзення дадатковага набору на бюджэтныя месцы, што засталіся вакантнымі пасля першай хвалі залічэння, плануецца прадаставіць усім ВНУ і на ўсіх спецыяльнасцях. У Міністэрстве адукацыі мяркуюць, што дадатковы набор можа спатрэбіцца на спецыяльнасцях, якія традыцыйна не карыстаюцца ў абітурыентаў папулярнасцю, хоць яны вельмі і вельмі патрэбны эканоміцы нашай краіны. Гэта цэлы шэраг інжынерных, машынабудаўнічых і сельскагаспадарчых спецыяльнасцяў.

Нагадаем, што летась дадатковы набор быў аб'яўлены на 1439 месцаў і паспяхова прайшоў ва ўсіх ВНУ міністэрстваў адукацыі, спорту, культуры, унутраных спраў і абароны. На многіх спецыяльнасцях нават сфарміраваўся конкурс, якога не назіралася падчас асноўнага набору, а прахадныя балы істотна перавышалі прахадныя балы ў асноўны набор: на некаторых спецыяльнасцях розніца даходзіла нават да 80 пунктаў. Дадатковым шанцам скарысталіся абітурыенты з высокімі баламі сертыфікатаў ЦТ, якія не прайшлі па конкурсе на прэстыжныя спецыяльнасці асноўнага набору. Да таго ж прыйшлі абітурыенты, якія па адной з экзаменацыйных дысцыплін мелі бал, які не дазваляў ім удзельнічаць у асноўным наборы, затое па двух іншых прадметах балы былі ў іх дастаткова высокія. Верагодна, абітурыенты, якія пераацанілі свае сілы і сутыкнуліся з перашкодамі, атрымаўшы дадатковую магчымасць, пачалі больш рэальна ацэньваць сітуацыю і падавалі свае дакументы туды, куды маглі паступіць. У гэтым плане дадатковы набор аказаўся вельмі карысным.

Праўда, планка патрабаванняў да абітурыентаў, якія паступалі ў рамках дадатковага набору, была летась зніжана. Першае і самае важнае, што трэба ведаць абітурыентам узору 2015 года: сёлета мінімальныя балы па прадметах ЦТ, з якімі можна будзе паступаць у рамках дадатковага набору, зніжацца не будуць! Яны такія ж, як і мінімальныя балы, устаноўленыя для асноўнага набору. На вакантныя месцы змогуць прэтэндаваць абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе пры паступленні ў іншыя ВНУ, але маюць на руках патрэбныя сертыфікаты, або паступалі на іншыя спецыяльнасці ў тую ж ВНУ.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны будуць паведаміць пра месцы, якія засталіся пасля асноўнага набору, да 25 ліпеня (ВНУ сілавых ведамстваў — да 23 ліпеня, творчыя ВНУ — да 29 ліпеня). Дакументы ў рамках дадатковага набору будуць прымаць ад абітурыентаў у ВНУ «сілавых» ведамстваў — з 24 па 26 ліпеня, у «творчых» ВНУ — з 30 па 31 ліпеня, ва ўсіх іншых ВНУ — з 26 па 28 ліпеня.

Непрахадныя балы

Пункты правядзення ЦТ ужо распачалі выдачу сертыфікатаў абітурыентам. Нагадаем, што абітурыенты здавалі абавязковы для ўсіх экзамен па дзяржаўнай мове плюс дзве профільныя дысцыпліны. Па выніках ЦТ-2015 нездавальняючымі адзнакамі па беларускай і рускай мовах будуць лічыцца балы ад 0 да 9. Выключэнне складаюць толькі некаторыя філалагічныя спецыяльнасці, па якіх, для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, трэба будзе набраць не менш як 20 балаў.

Калі матэматыка, фізіка, хімія, біялогія з'яўляюцца першай профільнай дысцыплінай, то нездавальняючымі прызнаюцца адзнакі ад 0 да 14 балаў. Станоўчым вынікам лічацца 15 балаў і больш. Калі тыя ж дысцыпліны з'яўляюцца другім профільным іспытам, то планка патрабаванняў зніжаецца і абітурыенту дастаткова будзе набраць усяго 10 балаў (нездавальняючымі лічацца ад 0 да 9 балаў). Калі першай профільнай дысцыплінай з'яўляюцца гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, геаграфія і замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), нездавальняючымі лічацца балы ад 0 да 19. Калі гэта другая профільная дысцыпліна, то трэба набраць не менш як 15 балаў, каб быць дапушчаным да ўдзелу ў конкурсе.

Самыя мінімальныя парогавыя значэнні вызначаны для абітурыентаў, якія будуць паступаць сёлета ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта, на ваенныя факультэты грамадзянскіх ВНУ, а таксама ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па групах спецыяльнасцяў «Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства», «Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый», «Меліярацыя і водная гаспадарка», «Аграінжынер». Для таго, каб удзельнічаць у конкурсе, ім дастаткова будзе набраць усяго 5 балаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія», «Біялогія», «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя найноўшага часу», «Грамадазнаўства», «Геаграфія» і «Замежныя мовы». Такія ж балы ўстаноўлены і для абітурыентаў ВНУ Міністэрства ўнутраных спраў, але толькі для тых, хто будзе паступаць у рамках дадатковага набору.

Трэба мець на ўвазе, што па некаторых спецыяльнасцях з гэтага года змяніліся профільныя прыярытэты. Скажам, на спецыяльнасці «фармацыя» галоўнай профільнай дысцыплінай будзе лічыцца хімія, а другой — біялогія, па ўсіх іншых медыцынскіх спецыяльнасцях галоўным профільным прадметам з'яўляецца біялогія, а хімія — толькі другім.

Хто пройдзе
без экзаменаў?

Права быць залічанымі без здачы ўступных іспытаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы будуць мець сёлета пераможцы 11 міжнародных алімпіяд і турніраў. У гэты пералік увайшлі міжнародныя: 56-я матэматычная алімпіяда (Тайланд), 49-я Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі (Арменія), 47-я хімічная алімпіяда (Азербайджан), 46-я фізічная алімпіяда (Індыя), 27-я алімпіяда па інфарматыцы (Казахстан), 26-я біялагічная алімпіяда (Данія), 12-я геаграфічная алімпіяда (Расія), 9-я алімпіяда па астраноміі і астрафізіцы (Інданезія), а таксама 4-я Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат (Беларусь), алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы па рускай мове і рускай літаратуры «Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства» (2014 год, Расія), 8-я Міжнародная алімпіяда навук аб Зямлі (ІESO) (Іспанія). Без здачы цэнтралізаванага тэсціравання змогуць паступаць абітурыенты, якія атрымалі на гэтых алімпіядах дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў.

Без экзаменаў паступаюць і пераможцы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай у бягучым навучальным годзе (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў) пры ўмове паступлення на спецыяльнасці, для якіх гэты прадмет устаноўлены прадметам першага профільнага іспыту. Таксама сёлета захавалася магчымасць паступлення на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў для залатых і сярэбраных медалістаў і пераможцаў абласных алімпіяд. У гэты пералік увайшлі так званыя вострадэфіцытныя спецыяльнасці: «дашкольная і пачатковая адукацыя», «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «біялогія», «хімія», «геаграфія», «матэматыка», «інфарматыка», «фізіка», «тэхнічная творчасць», «беларуская мова і літаратура», «руская мова і літаратура», «тэхнічная праца і прадпрымальніцтва», «абслуговая праца», «выяўленчае мастацтва», «лагапедыя», «сурдапедагогіка», «тыфлапедагогіка», «алігафрэнапедагогіка», «сацыяльная педагогіка» і іншыя. Усяго ў спісе 22 спецыяльнасці, падрабязней з імі можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі (edu.gov.by).

Планы прыёму

Усяго на бюджэтныя месцы ў ВНУ плануецца прыняць 27,9 тыс. абітурыентаў — на адну тысячу менш у параўнанні з планам папярэдняга года. Па рашэнні Міністэрства аховы здароўя, прыём на бюджэтную форму навучання на медыцынскія спецыяльнасці скараціўся на 85 месцаў. На спецыяльнасці культуры і мастацтва (па рашэнні Міністэрства культуры) набор зменшыўся на 60 чалавек. Затое Міністэрства абароны плануе набраць на бюджэт на 176 чалавек больш. На спартыўныя спецыяльнасці набор павялічваецца на 31 месца, на сельскагаспадарчыя — на 21 месца. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях таксама павялічвае колькасць бюджэтных месцаў (на 25 чалавек).

Зусім новых спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе няшмат. Так, Магілёўскі ўніверсітэт харчавання ўпершыню прапануе абітурыентам спецыяльнасць «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» (у харчовай прамысловасці). Спецыяльнасць «нацыянальная эканоміка» адкрыта ў Беларускім эканамічным універсітэце, «геаінфармацыйныя сістэмы» — у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце. Яшчэ адзін новы напрамак у БДУ — «геадэмаграфія» на спецыяльнасці «геаграфія». А ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ адкрываецца новы напрамак «дызайн касцюма і тканін». Рыхтаваць будучых дызайнераў плануецца ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай школай прыгажосці, Беларускім цэнтрам моды, Саюзам дызайнераў і студыяй моды Івана Айплатава. Спецыялісты будуць запатрабаваны ў дызайнерскіх майстэрнях адзення, на прадпрыемствах, арганізацыях і ва ўстановах сферы тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Пытанні, што датычацца ўступнай кампаніі, выпускнікі і іх бацькі могуць задаць па «гарачай лініі» Міністэрства адукацыі (223-43-12) ці патэлефанаваўшы ў штаб Дзяржаўнай камісіі па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў (327-66-80).

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.