Вы тут

Пад брэндам «Сваё»


Рукадзелле зноў набывае папулярнасць.

Заняткі па працоўным навучанні ў нашай школе штогод праходзілі па аднолькавым сцэнарыі. Першую чвэрць мы кулінарылі, у астатнія — «прыручалі» швейную машынку (бачылі б вы гэтыя ледзь не дарэвалюцыйныя агрэгаты!). З гатаваннем я «не пасябравала» з самага пачатку. Іншая справа — рукадзелле. Валодаць іголкай і спіцамі мяне некалі навучыла маміна знаёмая, таму сурвэткі-шалікі-ручнікі я майстравала не толькі на школьных занятках, але і ў вольны час дома. Праўда, не прызнавалася сябрам. Не па-маладзёжнаму гэта было — вышываць увечары крыжыкам.

[caption id="attachment_90925" align="alignnone" width="600"]9-5 Выпускніца бія­фа­ка На­сця Стад­ні­ка­ва но­сіць усё сваё.[/caption]

У студэнцкія гады сапраўднай знаходкай сталі часопісы з выкрайкамі. Тое, што трэба, калі канструяваць адзенне не ўмееш, а пашыць нешта па фігуры вельмі хочацца. Ледзь не кожны месяц частка маёй стыпендыі заставалася ў крамах, дзе прадавалі тканіну. Рабіла блузкі, спадніцы, сукенкі... Не ўсё атрымлівалася, вядома. Дагэтуль у кутках шафы сарамліва хаваюцца ні разу не апранутыя вырабы. Затое кожная ўдалая рэч прыносіла кампліменты ад сябровак і ўпэўненасць у тым, што больш ніхто з тваіх сакурсніц не прыйдзе ў такім жа строі.

Даўно заўважыла, што колькасць аматараў рукадзелля сярод сучасных дзяўчат павялічваецца. Напрыклад, Даша Пузырова — эканаміст па адукацыі. Па спецыяльнасці дзяўчына працаваць так і не пайшла: захапілася перынатальнай псіхалогіяй (галіна, якая даследуе псіхічнае жыццё ненароджанага дзіцяці ці немаўляці) і вырашыла змяніць прафесію. Цяпер Даша завочна атрымлівае другі дыплом, а ў вольны час шые сабе адзенне. Майстраваць вучылася сама, шляхам спроб і памылак. «Глядзела, як мама рабіла адзенне для сябе, а потым у сеціве натхніла дзяўчына-рамесніца», — прыгадвае яна. Лёгкія баваўняныя тканіны ў кветкі і гарошак — Дашына слабасць. Будучы псіхолаг аддае перавагу доўгім спадніцам. «У нас доўгія сукенкі, такія, каб цалкам задавальнялі, купіць праблематычна. А так — выбрала тканіну, якая спадабалася, прадумала фасон і пашыла», — тлумачыць яна свой выбар.

Даша часта ходзіць у сваіх строях і да кампліментаў ад знаёмых ужо прывыкла. «Сябры ўгаворваюць паўдзельнічаць у мінскіх фэшн-маркетах, але я да гэтага яшчэ не дарасла, напэўна. Магчыма, у будучыні паспрабую», — сціпла прызнаецца дзяўчына. Пачуўшы пытанне «Ці не думала ператварыць сваё хобі ў працу?», майстрыха задумалася: «Каб зрабіць гэта заробкам, трэба або наймаць работнікаў, або самой шыць бесперапынна, што асабіста для мяне непрымальна. Такая дзейнасць будзе, хутчэй, стамляць. Хаця попыт на працу рамеснікаў штогод расце, бо для многіх важная індывідуальнасць і цеплыня, якая закладзена ў хэнд-мэйд рэчах».

Сёлетняя выпускніца біялагічнага факультэта БДУ Насця Стаднікава захапляецца вязаннем і вырабляе цёплыя капелюшы і шалікі на заказ. Дзяўчына распавядае, як у дзяцінстве бегала з іголкай па доме і сшывала кавалачкі тканіны ў адзенне для лялек. «Пасля ўбачыла, як бабуля вяжа кручком, і папрасіла навучыць. Мне тады было сем гадоў. Атрымалася не адразу. І пальцы балелі, і перарабляла адно і тое ж па некалькі разоў, і мора слёз было, але не здавалася. Першай маёй працай стала маленькая сумачка, 10 на 10 сантыметраў, цераз плячо. Потым я вязала падобныя сумкі аднакласніцам на дні нараджэння».

Цяпер Насця з дапамогай кручка і спіц вырабляе самыя розныя рэчы: шкарпэткі, кофты, галаўныя ўборы, аксесуары для дома. «Не хачу паказацца самаўпэўненай, але для мяне не існуе складаных работ у вязанні, — кажа яна. — Усё ж такі стаж — 15 гадоў». Працуе дзяўчына хутка. На пару шкарпэтак ідзе 6-7 гадзін, на зімовы камплект (капялюш, шалік, рукавіцы) — паўтара дня. А за тры дні майстрыха паспявае звязаць стандартную кофту без узораў.

Спачатку Насця вязала толькі для сябе і блізкіх. Гартала модныя часопісы, шукала рэчы, якія яшчэ не з'явіліся ў продажы ў крамах. Потым пачала рыхтаваць самаробныя падарункі прыяцелям, а праз колькі часу замаўляць вязаныя рэчы сталі знаёмыя знаёмых. Дзяўчына нават не заўважыла, як хобі перарасло ў падпрацоўку. У асноўным заказы паступаюць восенню і ўзімку. «Мне падабаецца ствараць праз свае рэчы ўтульнасць. Парады рамеснікам-пачаткоўцам? Набярыцеся цярплівасці і ніколі не адступайце ад сваіх ідэй. Атрымлівайце задавальненне ад працы, тады ўсё будзе выдатна».

Чаму рукадзелле зноў стала папулярным? Дзесьці гэта спосаб сэканоміць на пакупках. Хаця з улікам кошту швейнай машынкі (у сярэднім 300 долараў), курсаў па кройцы і шыцці (два месяцы навучання абыдуцца прыкладна ў 100 долараў — не абавязкова, але карысна) і ўласнага затрачанага часу атрымліваецца не так ужо і танна. Дый тканіна розная бывае. Самі разумееце, натуральны шоўк і сінтэтыка — рэчы непараўнальныя. Рабіць адзенне сваімі рукамі сталі, верагодна, таму, што захацелася якасці і эксклюзіву па прымальных коштах. Да таго ж, у адказ на пытанне «Адкуль паліто?» вельмі прыемна прызнацца, што пашыў яго сам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з архіва Анастасіі Стаднікавай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?