Вы тут

Праз цяжкасці — да прагрэсу


Упэўненасць у заўтрашнім дні дае калектыву ў паўтары сотні чалавек невялікая вясковая птушкафабрыка.

Дырэктар Аранчыцкай птушкафабрыкі Тэрэса ДЫБУЛЬ толькі што вярнулася з Санкт-Пецярбурга з чарговай узнагародай за якасць сваёй прадукцыі. Цяпер ужо дыпломаў у кабінеце дырэктара — цэлая сцяна і стос на стале. Трэба думаць, якую вітрыну для іх адвесці альбо зрабіць у калідоры адмысловы стэнд. Тут маюцца адзнакі не толькі прадпрыемства ўвогуле, але і асобных працаўнікоў, спецыялістаў. Але самай важнай узнагародай Тэрэса Валяр'янаўна лічыць сціплы на выгляд дыплом... Ён сведчыць пра атрыманне прэміі спажывецкага прызнання. Яе прысуджаюць у выніку галасавання пакупнікоў, нешта накшталт «кантрольнай закупкі» ў Расіі. Сам вытворца спачатку і не ведае, што яго прадукцыя выстаўлена для ацэнкі спажыўцоў. І тым больш было прыемна, калі паведамілі, што аранчыцкія «Яйкі вясковыя» атрымалі прэмію-прызнанне па выніках мінулага года.
9-30

Ды­рэк­тар Тэ­рэ­са Ды­буль.

«У асяродку аднавяскоўцаў сорамна працаваць дрэнна»

«За гэтым стаіць праца ўсяго калектыву», — так гаварыла дырэктар на цырымоніі ўзнагароджання. Так яно і ёсць. Калектыў у 162 чалавекі забяспечвае сёння работу птушкафабрыкі на 294 тысячы галоў птушкі ў вёсцы Аранчыцы Пружанскага раёна. Прадпрыемства па сённяшніх мерках не вялікае, але галоўная яго адметнасць — яно стабільна працуе і, як цяпер кажуць, устойліва развіваецца. Адна толькі лічба пра многае скажа. Па выніках шасці месяцаў гэтага года сярэдняя заработная плата па фабрыцы склала 5 800 000 рублёў. Любы чалавек, які хоць трошкі ведае сітуацыю ў сельскай гаспадарцы, засведчыць, што гэта вельмі прыстойны паказчык. І ні разу за апошнія пяць-шэсць гадоў гэтую зарплату не затрымалі. Як запісана ў калектыўным дагаворы, так і выплачвалі — строга па чыслах месяца. Людзі ўжо прывыклі размяркоўваць свае траты: плацяжы па крэдытах, узносы за вучобу дзяцей, іншыя абавязковыя выплаты можна рабіць рэгулярна і ў тэрмін.

Для любога працаўніка дзве найважнейшыя пазіцыі — зарплата і жыллё. За апошнія дзесяць гадоў для работнікаў фабрыкі пабудавалі 17 дамоў. Два з іх здалі летась. Адзін выдзелілі маладому спецыялісту — заатэхніку, які прыйшоў пасля заканчэння ВНУ, другі — сям'і, што стаяла ў чарзе на паляпшэнне. Некалькі гадоў таму купілі два прыватныя вясковыя дамы для сваіх работнікаў. Цяпер такіх, хто меў бы вострую патрэбу ў жыллі, няма.

Дырэктар гаворыць, што людзі даражаць работай. Прадпрыемства працуе ў вёсцы без малога паўстагоддзя. Бацькі нярэдка прыводзяць на працу дзяцей. І такім прэтэндэнтам, несумненна, аддаецца перавага. Ёсць ужо цэлыя працоўныя дынастыі, напрыклад сем'і Шчэрбаў, Транцоў, Маргуновых. І хоць сама Тэрэса Валяр'янаўна прыезджая, спецыялістамі стараецца браць менавіта мясцовых. Яна лічыць, што ў асяродку сваіх знаёмых, сваякоў, аднавяскоўцаў сорамна працаваць дрэнна. Ва ўчарашніх школьнікаў Пеці, Васі, Каці ёсць стымул мабілізаваць асабістыя рэзервы і паказаць сябе дарослым, сур'ёзным чалавекам перад сваімі ж суседзямі.

У апошнія гады давялося праводзіць на пенсію многіх спецыялістаў і рабочых, якія адпрацавалі больш як 30 гадоў, значыць, ледзь не ад адкрыцця фабрыкі. Дырэктар кажа, што рабіць гэта было вельмі няпроста. Людзі перажылі самыя складаныя часы прадпрыемства, а былі і такія ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х, не звольніліся, не з'ехалі ў горад. І галоўнае, захавалі пачуццё адказнасці за работу, за якасць таго, што робіш, і яшчэ нешта вельмі важнае, што цяжка выказаць словамі, але на чым трымаецца калектыў, можа, яго своеасаблівы маральны стрыжань. Таму і ўзнікалі такія пачуцці.
9-29

Іна Іва­но­ва, спе­цы­я­ліст па про­да­жах.

На шчасце, традыцыі фабрыкі захоўваюцца і са зменай пакаленняў. «Ёсць многа працаўнікоў, якія перажываюць за работу, здольны бачыць не толькі за паўметра ад сябе», — разважае дырэктар. А кіраўніцтва стараецца ўсяляк добрую работу стымуляваць. На прадпрыемстве маецца прыстойны сацыяльны пакет. Для тых, каму застаецца пяць гадоў да пенсіі, дзейнічае накапляльны фонд. За ўказаны адрэзак часу збіраецца пэўная сума, якой чалавек можа распарадзіцца сам: забраць яе адразу альбо атрымліваць штомесяц як невялікую прыбаўку да пенсіі. Распрацаваны і дзейнічаюць сістэмы страхавання і стымулявання. Аб'яўлена рашучая вайна розным парушэнням дысцыпліны. Тыя, хто мае грэх залішне заглядваць у чарку, усвядомілі, што праверкі алкатэстарам праводзяцца без папярэджання і ў любы час. Таму парушэнні сталі выключэннем.

Праўда, ёсць некалькі чалавек, якіх даводзіцца выхоўваць, браць шэфства брыгадамі і цэхамі. Адна з іх — абавязаная асоба, якая павінна плаціць за ўтрыманне дзяцей. Жанчыну і на работу, здараецца, трэба прыводзіць. Ёсць працаўнік, якога два разы звальнялі, але потым бралі зноў на ўчастак з меншай аплатай і меншай адказнасцю. Цяпер мужчына закадзіраваўся, зусім не п'е. Ёсць яшчэ адзін, які пражывае сумесна з братам. І зарплата апошняга — адзіны сродак для існавання абодвух. «Можна іх усіх выкінуць за вароты прадпрыемства, і фабрыцы будзе, дакладна, не горш, — разважае Тэрэса Дыбуль. — Але куды падзенуцца гэтыя людзі? Яны пакоцяцца ў самы ніз, пачнуць здабываць сабе ежу крымінальным шляхам, створаць напружанасць у вёсцы. Таму і церпім, і выхоўваем. І працаўнікі мяне, здаецца, разумеюць».

Пытаюся ў дырэктара, ці кожнага яна ведае ў сваім калектыве. Кажа, што кожнага, і не толькі ў твар, але і гісторыю яго сям'і, працоўную біяграфію. Тэрэса Валяр'янаўна працуе тут 11 гадоў, дырэктарам — пяцігодку. За апошнія гады прыйшла да высновы, як важна падтрымліваць карпаратыўны дух. Таму вырашылі праводзіць сваё свята-фестываль у кастрычніку, калі адзначаецца Міжнародны дзень яйка. Кожны цэх, кожнае падраздзяленне рыхтуе сваю праграму: песні, танцы, стравы, прэзентацыі. Культмасавы сектар загадзя ўсё аб'яўляе. І людзі раскрываюцца па-новаму. Ніхто, напрыклад, не ведаў, што сталага ўзросту зваршчык цудоўна выконвае рамансы. А Вікторыя Базылюк, працаўніца склада, наогул артыстка. Пасля аднаго такога мерапрыемства мясцовая настаўніца па сакрэце расказала, што адна з птушніц тэлефанавала ёй і прасіла дапамогі ў складанні оды яйку. Такое заданне было ў праграме свята. Дырэктар парадавалася за тое, як людзі адказна паставіліся да падрыхтоўкі. Многія актыўна ўдзельнічаюць у турзлётах, днях рыбака, іншых спартыўных мерапрыемствах, што праходзяць у раёне. І гэта важна, паводле думкі кіраўніка. Вадзіцелі не бачаць адзін аднаго ў працэсе работы, кожны едзе ў сваім кірунку. А дзень рыбака дае магчымасць для нефармальных стасункаў. А не так даўно ўсе віншавалі Вікторыю, бо яна стала найлепшай сандружынніцай раёна. Людзі павінны неяк сябе праяўляць, раскрываць, тады і працуецца весялей.

«Грошы мае той, хто ўмее іх лічыць»

Сёння Аранчыцкая птушкафабрыка працуе рэнтабельна, без даўгоў і вялікіх крэдытаў. Частка прадукцыі ідзе на экспарт у Расію. За папярэднія гады паспелі на сто працэнтаў памяняць машынна-трактарны парк, правесці рэканструкцыю фактычна ўсёй вытворчасці.

— Лічым кожную капейку, узважваем свае магчымасці. У крэдыты не ўлазім, дзесяць разоў не пралічыўшы. Выжываем за кошт абаротных сродкаў... — задумваецца Тэрэса Валяр'янаўна. — Маем 400 гектараў ворыўных зямель, але гэтага мала для забеспячэння кармавой базы, таму купляем збожжа. Ёсць грошы, бяром адразу многа і па перадаплаце, так атрымліваецца значна танней. Самі гадуем курэй з сутачнага кураняці, самі атрымліваем прадукцыю, самі прадаём, самі развозім спажыўцу. Пра якасць дбаем заўсёды. Каб падтрымліваць сваю марку, клапоцімся пра экалагічна чыстыя кармы, працуем з тымі камбікормавымі заводамі, прадукцыя якіх адпавядае нашым патрабаванням. Многа ёсць складнікаў... Пра калектыў я ўжо гаварыла. Разумная эканомія стала часткай стратэгіі. У нас амаль усе спецыялісты сумяшчаюць пасады. Ну, не можа вясковае невялікае прадпрыемства дазволіць сабе ўтрымліваць асобную адзінку ў якасці эколага, інжынера па ахове працы, намесніка па ідэалогіі. Экалогіяй займаецца аграном, кадры вядзе работнік прыёмнай і гэтак далей. У нас усе ўсвядомілі, што грошы мае той, хто ўмее іх лічыць. А галоўнае прызначэнне прадпрыемства ў вёсцы — даваць людзям работу, зарплату і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

* * *

Тэрэса Валяр'янаўна нездарма ганарыцца сваім калектывам, у гэтым давялося ўпэўніцца, калі я ўжо адыходзіла і развітвалася. Мяне літаральна абступілі сімпатычныя супрацоўніцы і сталі прасіць, каб я напісала пра іх новую марку: «Мы так старанна абдумвалі назву, спрачаліся і спыніліся на прыгожых беларускіх словах «Хатні сняданак». Абяцала, што пастараюся, адно каб не абвінавацілі мяне ў рэкламе. «А вы прысылайце да нас таго, хто абвінаваціць, — сказала самая бойкая. — Мы яму папулярна патлумачым, што шкодна рэкламаваць, а за што карысна агітаваць, у прыватнасці, калі гэта здаровае харчаванне». І было зразумела, што гэтыя дзяўчаты змогуць пераканаць каго заўгодна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Пружанскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.