Вы тут

Як кітайцу жывецца і працуецца ў сінявокай


Штогод тысячы маладых замежнікаў становяцца студэнтамі беларускіх ВНУ. Пасля атрымання дыплома яны, як правіла, вяртаюцца на радзіму, але ёсць і выключэнні. Напрыклад, аспірант БДУ Ван Шывэй дадому ў кітайскі горад Чанчунь пакуль не збіраецца. Хлопец расказаў пра свае мінскія будні, падзяліўся назіраннямі наконт нашай адукацыі і адзначыў найлепшую, на яго думку, якасць беларусаў.

9-2

Пра Беларусь Ван Шывэй упершыню пачуў у школе на ўроках сусветнай гісторыі. Яму проста стала цікава, дзе знаходзіцца той самы Брэст, у якім падпісалі Брэст-Літоўскі мірны дагавор. Прыехаць вучыцца да нас хлопец вырашыў пасля таго, як даведаўся, што адной з дзяржаўных моў тут з'яўляецца руская. Да таго ж прывабілі кошты на адукацыю: у параўнанні з Расіяй яны ніжэйшыя.

Са сваіх першых уражанняў ад Беларусі Ван Шывэй прыгадвае наступныя: «Мінск мне адразу спадабаўся сваёй чысцінёй, зелянінай. І незвычайная цішыня здавалася ўрачыстай. Складана было паверыць у тое, што гэта сталіца! Калі ўбачыў беларускія грошы, быў у шоку ад колькасці лічбаў. «Няўжо стаў мільянерам?» — думаў я тады. Яшчэ было дзіўным тое, што ў грамадскім транспарце трэба прабіваць талончык. У Кітаі няма такога кантролю за безбілетнікамі, ды і кандуктара вельмі рэдка можна сустрэць. Цяпер я ведаю, што да чаго, і заўжды купляю праязны білет, «зайцам» не езджу».

Ван Шывэй, як і большасць замежнікаў, якія вучацца ў БДУ, жыве ў інтэрнаце. На яго думку, гэта дае цудоўную магчымасць для моўнай практыкі.

— З беларускімі студэнтамі жыць весела і цікава. Я спецыяльна да гэтага імкнуўся ўвесь час. Напэўна, таму тут у мяне сяброў з Беларусі больш, чым з Кітая. Мае суседзі дапамагалі мне прызвычаіцца да ўсяго па першым часе, і рабілі гэта абсалютна бескарысліва. Увогуле, людзі ў вас спагадлівыя, хаця, зразумела, усякае здаралася. Але інтэрнатаўскія дні — найлепшыя ў маім жыцці, — з упэўненасцю сцвярджае аспірант.

Хлопец не шукае адрозненні паміж беларусамі і кітайцамі, наадварот, спрабуе знайсці нешта агульнае ў дзвюх нацый. «Карысна больш ведаць пра іншыя культуры, пра непадобных да цябе людзей. Такія страшныя рэчы, як расізм, нацызм узнікаюць з прычыны няведання», — тлумачыць ён сваю пазіцыю.

Да вучобы Ван Шывэй ставіцца надзвычай сур'ёзна. Пра гэта сведчыць яго ўпэўненае валоданне рускай мовай. Акрамя гэтага, хлопец мае дыплом магістра з адзнакай: «Калі я яго атрымаў, у маім сэрцы з'явілася радасць, таму што ён стаў доказам маіх ведаў. Значыць мая праца не была дарэмнай. Многія знаёмыя беларусы скардзяцца на тое, што ў вас складана вучыцца, але калі б яны павучыліся ў Кітаі, то абавязкова захацелі б назад. У вас ціск у плане вучобы меншы, чым на маёй радзіме. Але якасць ад гэтага не горшая, выкладчыкі ва ўніверсітэце (асабліва выкладчыкі моў) вельмі адказна ставяцца да сваёй працы».

Ван Шывэй і сам звязаў сваё жыццё з выкладчыцкай дзейнасцю: паралельна з аспірантурай ён працуе ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. Хлопец адзначае невялікую заработную плату тых, хто працуе ў сферы адукацыі, і ўспамінае адну са сваіх калег, якая па гэтай прычыне стала прадаўцом у супермаркеце. Аднак грошы для Ван Шывэя не галоўнае ў жыцці. Ён шчыра не разумее моладзь, якая не імкнецца да навукі:

— Мне сумна, калі заўважаю абыякавасць студэнтаў да вучобы або даведваюся, што выпускнікі школ нават не спрабуюць паступіць у каледжы ці ВНУ, а адразу ідуць працаваць. Я ж выкладчык, таму і не магу пра гэта не думаць.

Радасных момантаў у працы Ван Шывэя таксама хапае: «Раней я выкладаў кітайскую мову ў БДУ. Калі прымаў экзамен па гэтым прадмеце, заўважыў, што некаторыя студэнты намалявалі складаныя для запамінання іерогліфы на руцэ. І хаця я супраць «шпаргалак», гэта выглядала так міла! Увогуле, мне падабаецца бачыць, што студэнты намагаюцца ісці наперад, нават дапускаючы памылкі.

У вольны час Ван Шывэй любіць вандраваць па Беларусі. Ён сядае ў маршрутку і едзе ў маленькія гарады. Ён любіць бываць на прыродзе, фатаграфаваць беларускія краявіды. Падчас такіх вандровак Ван Шывэй звычайна купляе бульбу і казінае малако.

— Па-за Мінскам жывуць неверагодна гасцінныя людзі! Яны давалі мне, незнаёмцу, пакаштаваць яблыкі са свайго саду, мёд... Мінчане, напэўна, не такія, некаторыя з іх нават не ведаюць, як завуць іх суседзяў, — дзеліцца сваімі назіраннямі хлопец.

Акрамя гэтага, Ван Шывэй гуляе ў настольны тэніс, ходзіць у бібліятэку, малюе. Таксама ён піша вершы і прозу. На яго старонках у сацыяльных сетках можна знайсці шмат заметак, апавяданняў на вельмі розныя тэмы — ад лірычных замалёвак да сур'ёзных разважанняў. Беларускія сябры хлопца і нават незнаёмыя людзі актыўна каментуюць гэтыя творы. «Гэта дапамагае мне, як аўтару. Аднойчы я параўнаў светлую скуру дзяўчыны з вараным яечным бялком, але пасля мне растлумачылі, што ў вас такія параўнанні не прыняты». Запісы ў асноўным Ван Шывэй робіць па-руску, але час ад часу трапляюцца сказы і на беларускай мове. Аспірант лічыць: «Калі прыехаў у чужую краіну, дык трэба разумець яе мову».

Хлопец не забываецца на сваю родную культуру, заўсёды адзначае кітайскія святы. Аднак і да нашых ужо прызвычаіўся: спачатку адзначае каталіцкае Раство, пасля — Новы год, затым — Раство праваслаўнае, далей — стары Новы год і напрыканцы — Новы год па ўсходнім календары. Сярод любімых беларускіх свят Ван Шывэй вылучыў Масленіцу і Купалле.

— Канкрэтных планаў на будучыню ў мяне пакуль няма, — прызнаецца малады чалавек. — Раней думаў, што да дваццаці сямі гадоў знайду сабе жонку і мы разам будзем вырашаць, у якім напрамку рухацца далей, але я пакуль у актыўным пошуку «той самай дзяўчыны»... У дзяцінстве марыў стаць пісьменнікам, хацеў сваёй творчасцю змяніць свет. Калі вырас, зразумеў, што спачатку трэба мяняць сябе. Чалавек павінен захоўваць дабрыню, імкнуцца да прыгажосці і любві, пастаянна самаўдасканальвацца. Беларусы маюць цудоўныя рысы характару — яны простыя, адкрытыя! Нават Леў Талстой лічыў, што гэта неабходная ўмова для стварэння прыгожага. Вельмі хочацца, каб вы не гублялі гэтыя якасці.

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».