Вы тут

Бяскроўны Грунвальд, або Як ферзь стаў гетманам


Ці любіце вы шахматы? А хнефатафл? Апошняе слова — не памылка, а назва старадаўняй скандынаўскай настольнай гульні, якая ў многім падобная да сучаснай забавы гросмайстраў. Насамрэч, у свеце існуе безліч лагічных дваябор'яў, якія ў рознай ступені нагадваюць любімы від спорту Астапа Бэндара. Японскія сёгі з іерогліфамі, візантыйскія круглыя шахматы, індыйская чатуранга і кітайскія сянцы, у якія можна гуляць утрох, — гэта толькі некалькі прыкладаў. Не так даўно намаганнямі арт-студыі «PRAS» з'явіўся і беларускі варыянт славутай гульні — беларуска-ліцвінскія шахматы. Пра гісторыю іх стварэння мы паразмаўлялі з дырэктарам студыі Мікалаем ТАМАШЭВІЧАМ.

9-10

Першае, што заўважаеш, гледзячы на дошку беларуска-ліцвінскіх шахмат, — адрозненне ад класічнага варыянта ў памеры: дзевяць на дзевяць клетак (у класічных — восем на восем). У самым цэнтры «трон», поле, якое знаходзіцца ў акружэнні «палаца» — квадрата памерам пяць на пяць клетак. Як «палац», так і «трон» зроблены ў выглядзе прыступак, якія ўздымаюцца над дошкай, як піраміда.

— Гэтыя шахматы літаральна сасніў напрыканцы 1990-х гадоў прафесар Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі, — распавядае Мікалай Тамашэвіч. — Уначы яму ўявілася, што каманда чмялёў і пчол супрацьстаіць восам і шэршням якраз на такой пляцоўцы. На выбары герояў, відаць, адбілася біялагічная адукацыя Алеся Аляксандравіча. Я тады супрацоўнічаў са «Звяздой», шукаў цікавыя матэрыялы для рубрыкі «Звяздарыначка», вось і натрапіў у інтэрнэце на малюнак з гэтымі шахматамі. Мы сустрэліся з Алесем Астроўскім і вырашылі працаваць над стварэннем гульні сумесна. Я, як больш дасведчаны ў шахматнай стратэгіі і тактыцы чалавек, прапанаваў некаторыя змяненні ў правілах і канцэпцыі, пасля чаго мы прыступілі да распрацоўкі дошкі і фігур.

9-11

Па словах Мікалая Тамашэвіча, галоўная адметнасць беларуска-ліцвінскіх шахмат заключаецца ў тым, што яны сэнсава «абапіраюцца» на беларускія гістарычныя рэаліі. Два войскі — Вялікага Княства Літоўскага і Тэўтонскага ордэна — змагаюцца за княжацкі трон. Перамогу можна здабыць рознымі шляхамі: у агрэсіўным стылі або амаль бяскроўна, як неаднойчы здаралася ў гісторыі Беларусі. Фігуры захавалі свае ўласцівасці, але змянілі назвы на больш аўтэнтычныя: сланы сталі гарматамі, ладдзі — вежамі, коні — вершнікамі, пешкі — ратнікамі, ферзь — гетманам, кароль — князем. Акрамя таго, з'явілася адна новая фігура — княжыч, які перасоўваецца ў любы бок па гарызанталі, вертыкалі і дыяганалі на адну ці дзве клеткі. У выпадку «смерці» князя гэты герой становіцца яго спадкаемцам.

Задача гульца — захапіць «трон», гэта значыць, заняць цэнтральнае поле і пратрымацца на ім на працягу аднаго ходу. Зрабіць гэта можа толькі асоба каралеўскай крыві — князь ці княжыч. Калі на месцы манарха апынецца любая іншая фігура, яна мусіць пакінуць яго наступным ходам. Акрамя таго, княжыч не можа захапіць «трон», калі князь не знаходзіцца ў «палацы». Думаеце, гэта зусім проста? Мікалай сцвярджае, што пратрымацца ў цэнтры дошкі на працягу аднаго ходу — неверагодна цяжкая задача. Ёсць тут і традыцыйныя сітуацыі шаху і мату, але яны становяцца магчымымі толькі ў выпадку «смерці» адной з каралеўскіх фігур.

9-12

— Напачатку мы зрабілі першы драўляны варыянт дошкі, — працягвае Мікалай Тамашэвіч, — ён быў вельмі грубы, непрыгожы. Цяпер захоўваю яго як памяць — на лецішчы. З цягам часу дапрацавалі макет, знайшлі рамеснікаў, якія могуць выканаць усю тэхнічную працу. Пры стварэнні дошкі выкарыстоўваем каштоўныя пароды дрэва: мароны дуб, ясень. Фігуры робяцца з керамікі з дапамогай формаў, дробныя дэталі дабаўляюцца ўручную. Усяго за гэты час зрабілі каля дзесяці набораў, але сабекошт атрымаўся вельмі вялікім. Самы танны каштуе каля 700 долараў, а таму набываюць нашы шахматы даволі заможныя людзі. Зразумела, што пераважна ў якасці сувеніра — дошка ўпрыгожвае інтэр'ер дзе-небудзь у катэджы і выкарыстоўваецца па прызначэнні, можа, пару разоў на год.

Тым, хто жадае пагуляць у беларуска-ліцвінскія шахматы, але не мае лішніх долараў, не варта сумаваць. Ужо зараз хлопцы і дзяўчаты са студыі працуюць над таннейшым варыянтам гульні. Фігуры будуць зроблены з эпаксіднай смалы, а ў якасці дошкі будзе выкарыстоўвацца кавалак ільняной тканіны з разметкай (такім жа чынам зараз выглядае згаданы напачатку скандынаўскі хнефатафл).

Акрамя таго, ужо амаль гатова версія гульні для камп'ютараў. Мікалай Тамашэвіч дэманструе яе інтэрфейс — на галоўным экране быццам бы чакае бою крылаты гусар. Для карыстальніка даступны настройкі, электронны падручнік па правілах і сама гульня: праз інтэрнэт з жывым сапернікам або супраць штучнага інтэлекту. Праўда, вось якраз інтэлекту электроннай версіі нестае — у распрацоўшчыкаў пакуль не атрымалася напісаць сапраўды «разумную» праграмную частку, якая б адказвала за дзеянні камп'ютара падчас гульні. Існуючая версія падыдзе толькі для пачаткоўцаў. Мікалай кажа, што яны будуць рады любой дапамозе з боку праграмістаў.

Асабліва ўражвае дэталёвы ці, лепш сказаць, перфекцыянісцкі падыход каманды да рэалізацыі праекта: для вокладкі гульні на фотасесію запрасілі аднаго з беларускіх акцёраў, спецыяльна для камп'ютарнай версіі была напісана атмасферная музыка. Усе фігуры ў беларуска-ліцвінскіх шахматах таксама распрацоўваліся асобна. Напрыклад, вежа ў войску ВКЛ — амаль дакладная копія Камянецкай, адпаведная фігура ў тэўтонаў нагадвае адну з вежаў замка ў Марыенбургу, колішняй сталіцы Ордэна. Тое самае датычыцца і іншых фігур: іх знешняга выгляду, зброі.

Канчатковая прэзентацыя праекта беларуска-ліцвінскіх шахмат запланавана на восень. У гэты час з'явіцца танны варыянт дошкі, будуць даведзены да ладу сайт гульні і электронная версія, з'явіцца падарункавы набор шахмат. Што ж, пажадаем хлопцам поспехаў у безу-моўна вартай ініцыятыве і спадзяёмся, што айчынная гульня знойдзе сваю аўдыторыю як у Беларусі, так і за яе межамі.

Дарэчы

Адной з прычын выбару назвы «беларуска-ліцвінскія шахматы» стала тое, што «беларускія шахматы» ўжо існуюць. Такая гульня была створана ў 1989 годзе нашымі суайчыннікамі Мікалаем Грушэўскім і Пятром Шклудавым і ўяўляе з сябе сумесь шахматаў і шашак.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.

Кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

Аўтарскі погляд на чалавека і яго лёс праз дакументальнае кіно

У Мінску завяршыўся фестываль «Еўразія.DOC».

Спорт

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Андрэй Барбашынскі: Калі мы гаворым пра медалі для краіны — без вучылішча алімпійскага рэзерву не абысціся

Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.