Запоіны


Запоіны. Заручыны. Калі падчас сватаўства бацька і дачка давалі прысутным згоду на вяселле, пачыналіся так званыя «запоіны» («запівіны», «малыя заручыны», «малая гарэлка»). Пасля «запоін» дзяўчына лічылася засватанай. На Беларусі пра яе казалі: «яна запіта» ці «заедзена яечняй».

* Але пасля гэтага абраду вяселле яшчэ не было абавязковым. Калі па якой-небудзь прычыне адзін ці другі бок не выконвалі патрабаванняў, даведваліся што-небудзь дрэннае пра жаніха ці нявесту, калі не падабаўся пасаг ці штосьці яшчэ, дамоўленасць магла быць скасавана.

* Звычайна праз тыдзень пасля запоін адбываліся заручыны. Асноўная мэта заручын («змовін», «вялікай гарэлкі», «вялікіх запоін», «ладу», «рукабіцця») была ў канчатковай дамоўленасці аб правядзенні вяселля, усіх яго абставінах — як эканамічных, так і абрадавых.

* На заручыны, якія адбываліся ў хаце нявесты, запрашалі больш шырокае кола сваякоў, якія былі сведкамі перамоў і дасягнутай дамоўленасці. Удзельнікі гэтага абраду павінны былі больш дэталёва пазнаёміцца з сем'ямі двух родаў; вызначыць асноўных удзельнікаў вяселля (шафер, шаферка і г.д.); вызначыць колькасць гасцей з кожнага боку; колькасць сваякоў, якіх неабходна ўшанаваць падарункамі на вяселлі; тых, хто будзе пячы вясельны каравай; пагадзіцца на склад і колькасць пасагу; тут жа вызначаўся дзень і час вянчання і г.д.

* З ХVІІ—ХVІІІ стст. абрад заручын заканчваўся тым, што жаніх і нявеста абменьваліся пярсцёнкамі і тым самым давалі згоду на шлюб. Пасля гэтага бацька нявесты звязваў рукі маладых са словамі: «Дай, Божа, у добры час, на вясёлае жыцце, на дзяцінае шчасце!».

* Пасля заручын адмовіцца ад вяселля было практычна немагчыма. І калі адзін з бакоў усё ж такі адмаўляўся ад вяселля, то на гэту сям'ю накладалі штрафныя санкцыі на карысць пацярпелага боку. За выкананнем такіх жорсткіх патрабаванняў назірала мясцовая грамадскасць. З запісаў карэспандэнта: «У Тураве шлюбы заключаюцца па волі бацькоў. На працягу 25 гадоў было толькі 15 выпадкаў адмовы ад шлюбу з боку жаніха ці нявесты, і справа заканчвалася мірна з вяртаннем выдаткаў тым бокам, які адмаўляўся» (г.Тураў, 1898 г).

* На Беларусі грамадская думка высока ставіла тую дзяўчыну, да якой часцей ездзілі сваты. Лічылася, што нявеста, якую часта сватаюць, валодае вялікай колькасцю станоўчых якасцяў, з'яўляецца добрай гаспадыняй, майстрыхай, або за ёй будзе ладны пасаг. Але такія надзеі не заўсёды спраўджваліся. А ў народзе казалі: «з вялікага перабору ні лапцяў, ні абораў».

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.