Вы тут

У падарожжа... па слова


...Рашэнне было прынята спантанна. Некалькі разоў паглядзеўшы па канале «Беларусь-3» праграму «Размаўляем па-беларуску», падумалі: «А можа, паспрабуем? Чаму б не?» Пасля тэлефоннага званка ў рэдакцыю праграмы высветлілася, што ехаць давядзецца ў Гомель...

9-13

Перад намі (мной і маёй сяброўкай Рэнатай Дзяковіч) паўстала цяжкая задача. Трэба было арганізаваць каманду, якая складалася б з трох чалавек. Дарэчы, мы чамусьці думалі, што яна павінна быць толькі з дзяўчат, таму гэта яшчэ больш ускладніла справу. Зусім не ведалі, каго можна ўзяць з намі, хто пагодзіцца на такое падарожжа. Мы пайшлі не па самым лёгкім шляху: праз сеціва шукалі дзяўчыну з Гомеля. Праз пару дзён усё ж такі знайшлі трэцюю ўдзельніцу.

Але калі мы ўжо вырашылі ўсе арганізацыйныя пытанні, зацвердзілі склад каманды, то даведаліся, што з-за нейкіх асабістых праблем трэцяя дзяўчына не можа ўдзельнічаць у праграме. Давялося хутка шукаць замену. Выбар прыпаў на майго брата Сяргея Марцінкевіча. Мы былі ўпэўнены, што ён не адмовіцца ад паездкі. Так і атрымалася.

Калі апынуліся ў студыі, адразу адчулі, што нам былі рады, што нас чакалі. Незнаёмыя людзі клапаціліся пра нас, як родныя. Вядома, дзеці праехалі каля 400 кіламетраў дзеля ўдзелу ў перадачы... Дарэчы, такое стаўленне было да ўсіх удзельнікаў. Гэта было прыемна, настрой адразу падняўся.

У тэлевіктарыне ўдзельнічалі дзве каманды. Нашымі сапернікамі былі два хлопцы і дзяўчына з гомельскай гімназіі №10. Сама віктарына складалася з пяці тураў: прыгадваем, перакладаем, тлумачым, ужываем, цытуем. Таксама трэба было падрыхтаваць назву каманды і візітоўку. Рашэнне гэтых пытанняў мы адклалі да цягніка. Вырашылі: прыдумаем у дарозе. Як аказалася, гэта было больш складана, чым мы палічылі спачатку, але ўсё ж такі назва была прыдумана. Яна склалася з нашых любімых беларускіх слоў. Каханне (слова Сяргея), скарбонка (Рэнаты), дзіўны (маё). Атрымалася назва «Каскад», якую ўсе адразу ўхвалілі.

Прадстаўленне нашай каманды спадабалася і вядучай, і рэдактару, і эксперту-мовазнаўцу. Здаецца мне, што візітоўка была адзіным заданнем за ўсю гульню, якое мы выканалі на выдатна...

У першым туры мы крыху разгубіліся. Трэба было неяк уліцца ў гульню, зразумець, што ды як — мы ж прысутнічалі на здымках перадачы першы раз. Другі тур адыгралі больш-менш добра і нават паверылі ў свае сілы. Значыць, можам, калі захочам, не ўсё так дрэнна, і надзея на перамогу яшчэ ёсць. І яна б заставалася, калі б не трэці тур, які стаў для нас цалкам правальным. Пасля гэтага мы проста працягвалі гуляць, атрымліваць асалоду ад гаворкі па-беларуску, ад прыемнай вядучай, ад цікавых заданняў. Бо ведалі, што лепш узяць ад гэтай гульні ўсё магчымае, пачынаючы з ведаў і заканчваючы эмоцыямі. Супакойвала і тое, што нашу каманду падтрымлівалі, як маглі.

Пасля заканчэння гульні нас пайшлі правесці новыя знаёмыя, а каманда сапернікаў прапанавала сябе ў якасці экскурсаводаў і суправаджала ўвесь астатні час.

Рэната пасля гульні агучыла мне цытату з кнігі: «Тут няма пераможцаў, няма пераможаных. Ёсць толькі тыя, хто змагаюцца». І гэта сапраўды так. Гэтая праграма паказвае, што галоўнае не перамога, а тое, што нас аб'ядноўвае — родная мова. Няхай ты размаўляеш па-беларуску не вельмі добра, але першы крок ужо зроблены: ты размаўляеш! Мне здаецца, што такія праграмы робяць нашу мову больш папулярнай.

Мы ехалі па прыгоды, новыя пачуцці, знаёмствы. Гэтая вандроўка змясціла ў сабе і вопыт, і незабыўныя моманты, і прагу самастойнасці, і родную мову. Наша каманда (я ўпэўнена, з маімі словамі пагодзяцца Сяргей і Рэната) ні на хвіліну не пашкадавала, што паехала ў Гомель.

«Каскад» яшчэ праявіць сябе. Можа, нават у той жа перадачы «Размаўляем па-беларуску» на тым жа канале, з тымі ж добрымі і шчырымі людзьмі.

Кацярына БУХЦІНАВА, выпускніца 11 класа Бярозаўскай СШ №3 Лідскага раёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.