Вы тут

Галоднае лета буслоў


Колькасць птушанят на гняздоўях сёлета скарацілася ў разы.

Увогуле, спецыялісты грамадскай арганізацыі «Ахова птушак бацькаўшчыны» (АПБ) называюць лета 2015-га адным з самых няўдалых для нашых буслоў. Назіранні паказалі, што сёлета больш за палову гняздуючых пар маюць у вывадку толькі па аднаму-двое птушанят.

9-32

Сёння эксперты АПБ паведамляюць аб папярэдніх выніках акцыі па ўліку і кальцаванні белых буслоў. Яшчэ да выезду спецыялісты казалі пра тое, што год вельмі няпросты: працэнт няўдалага гнездавання пар як ніколі высокі, а ў гнёздах тых, хто ўсё-такі змог абзавесціся «малымі», мала птушанят. Тлумачыцца гэта многімі фактарамі: спачатку была сухая вясна, потым раптоўныя халады ў яе сярэдзіне, летнія засухі, перасыханне вадаёмаў. Пракарміцца самім ды яшчэ і выгадаваць птушанят складана не толькі буслам, але і ўвогуле ўсім птушкам.

Арнітолагі НАН Беларусі пры падтрымцы АПБ працуюць ужо другі тыдзень і могуць падзяліцца сваімі ўражанннямі.

Загадчыца лабараторыі арніталогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Ірына Самусенка расказвае, што пойма Прыпяці заўсёды была спрыяльным месцам для буслоў, дзе шчыльнасць гнездавання гэтых птушак была самай высокай у краіне. Аднак спадарыня Самусенка адзначае, што сёлета і тут пахваліцца няма чым. Кальцаванне і ўлікі яшчэ не скончаны, але гэты сезон ужо называюць катастрофай: нічога падобнага на Прыпяці за апошнія 20 гадоў не назіралася.

У такіх сітуацыях яшчэ важней становіцца кальцаванне птушак: менавіта гэтыя звесткі дазваляюць атрымліваць інфармацыю пра іх: змену колькасці, паводзін і міграцыйных стратэгій. Вяртанне кольцаў дае навукоўцам карысную інфармацыю і дазваляе звяртаць увагу на праблемы птушак на прафесійным узроўні. Даследаванні паказваюць, што колькасць белых буслоў у нас павялічвалася, але ў апошнія гады сітуацыя пачала сур'ёзна змяняцца.

Кальцавальнікі знаходзяць у гнёздах нямала загінулых буслоў. Мясцовыя жыхары расказваюць, як буслы выкідалі з гнёздаў яйкі і птушанят, а пакідалі толькі па 1-2. Такім чынам птушкі спрабуюць захаваць хоць бы частку нашчадкаў, калі разумеюць, што не змогуць выкарміць усіх. Людзі імкнуліся дапамагчы, падбіралі птушанят і спрабавалі іх выходжваць.

У гэтым выпадку прафесійных арнітолагаў радуе стаўленне нашых людзей да птушак. Відаць, што для многіх яны сталі амаль сваякамі. «Людзі перажываюць з нагоды кожнага загінулага птушаняці і гатовы гадзінамі расказваць пра сямейнае жыццё сваіх птушак. На некаторых дахах шыфер выкладзены толькі да гнязда, каб не разбураць яго. Гэта дае надзею, што белых буслоў у Беларусі ўсё-такі чакае шчаслівая будучыня», — піша ў сваім дзённіку валанцёр АПБ Андрэй Барадзін, які некалькі дзён правёў на ўліках буслоў.

Падлік птушанят белага бусла праводзіцца ў Беларусі ўжо трэці год. За гэты час было «пазначана» больш за 400 птушанят. Сёлета кальцаванне белых буслоў будзе весціся да сярэдзіны ліпеня. Хочацца верыць, што 300 нарыхтаваных кольцаў атрымаюць сваіх гаспадароў. Пакуль на птушанятах гэтага года толькі 185 кольцаў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.