Вы тут

Амбулаторыя з гісторыяй


У Клімавіцкім раёне адзначылі 110-ы юбілей Бацэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Яе заснавальнікам быў вядомы ў медыцыне чалавек — Уладзімір Марзон (у гонар яго ў Бабруйску названа бальніца), які ў 1911 годзе, пасля заканчэння Юр'еўскага ўніверсітэта, прыехаў сюды працаваць у якасці земскага лекара. Менавіта дзякуючы яго клопатам мясцовы памешчык Незабытоўскі паскорыў будаўніцтва неабходных для лячэння карпусоў. Доктар быў усеагульным улюбёнцам, якога насельніцтва цаніла і паважала за адданасць працы і нястомны клопат пра сваіх пацыентаў. Будынак, дзе знаходзіцца амбулаторыя, быў моцна пашкоджаны падчас Вялікай Айчыннай вайны, але адноўлены і цяпер лічыцца помнікам архітэктуры.

Сярод медыцынскіх устаноў раёна Бацэвіцкая прызнана найлепшай па выніках працы за мінулы год. У зону яе абслугоўвання ўваходзіць 12 населеных пунктаў, дзе жыве каля 2 тысяч чалавек. Прыём вядзе ўрач агульнай практыкі і чатыры сярэднія медработнікі. Летась праз іх рукі прайшло амаль 3000 чалавек, прычым 5-я частка з іх — дзеці.

— Наогул у раёне шмат што робіцца для паляпшэння ўмоў абслугоўвання насельніцтва, — адзначыла намеснік галоўнага ўрача Клічаўскай раённай бальніцы Дзіяна Лук'янава. — Летась нарэшце справіла наваселле раённая паліклініка, якая 5 гадоў тулілася ў розных памяшканнях. Сёння гэта сучасная ўстанова, якая мае на ўзбраенні добрае медыцынскае абсталяванне. А хутка адкрыецца пасля капрамонту з мадэрнізацыяй Доўгаўская ўрачэбная амбулаторыя, у адным будынку з якой будзе знаходзіцца і бальніца сястрынскага догляду на 20 ложкаў. Прыемна і тое, што сярод нашых медыцынскіх работнікаў ёсць цалкам адданыя сваёй прафесіі людзі, сапраўдныя паслядоўнікі Уладзіміра Марзона. У той жа Бацэвіцкай амбулаторыі 30 гадоў прапрацавала фельчарам Данута Харламп, якая стала для сваіх пацыентаў анёлам-ахоўнікам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.