Вы тут

За творчасцю і вучобай — поспех!


Нядаўна Прэзідэнт аб'явіў падзяку групе студэнтаў беларускіх ВНУ. Мы зацікавіліся, а хто ж яны, найлепшыя прадстаўнікі новага пакалення? Пра свае інтарэсы, жыццёвыя перакананні і планы на будучыню нам распавялі трое з узнагароджаных.

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анастасія КЛЕПЧА вучыцца на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва па спецыяльнасці «Бальны танец». Дзяўчына родам з Магілёўшчыны, усё жыццё займаецца харэаграфіяй, танец для яе — галоўная цікавасць і штодзённы занятак: трэніроўкі, рэпетыцыі, падрыхтоўка да турніраў...

— Мне падабаецца даносіць да кожнага гледача свае перажыванні, думкі, эмоцыі і ідэі. У класічным танцы я заўсёды захаплялася харызмай Рудольфа Нурыева, пяшчотай і чуллівасцю Маі Плісецкай, у бальным танцы маім эталонам тэхнікі з'яўляецца Джаана Льюіс, жаноцкасці — Ганна Мельнікава, падачы — Карына Смірнофф, — кажа Анастасія.

У планах на будучыню ў дзяўчыны — самарэалізацыя ў якасці выканаўцы бальных танцаў, спартсменкі (Анастасія прадстаўляе нашу краіну на шматлікіх міжнародных танцавальных турнірах), балетмайстра-пастаноўшчыка і выкладчыка танцаў.

— Падзяка Прэзідэнта — гэта, напэўна, пакуль што самая значная падзея ў маім жыцці, якая запомніцца назаўсёды, — лічыць дзяўчына. — Гэта значыць, што мая добрая вучоба, удзел у навуковых канферэнцыях, перамогі на шматлікіх турнірах не засталіся незаўважанымі.

Студэнтка факультэта беларускай і рускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Вікторыя МЯСЦОВА родам з Мінска. З чатырох гадоў дзяўчына займалася мастацкай гімнастыкай, гэта сфарміравала яе ўпарты характар. Але пасля атрымання разрада кандыдата ў майстры спорту Вікторыя вырашыла скончыць спартыўную кар'еру і зрабіла ўпор на вучобу.

Цяпер дзяўчына займаецца навукова-даследчай дзейнасцю, сфера яе інтарэсаў — праблемы беларускага літаратуразнаўства. У прыватнасці адной з тэм навуковых публікацый былі асаблівасці дэтэктыўнага жанру ў беларускай літаратуры: ад твораў Уладзіміра Караткевіча да сучасных аўтараў, такіх, як Міраслаў Адамчык ці Тэафілія Сабоцкая (пад гэтым псеўданімам піша група аўтараў). Вікторыя актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, з'яўляецца стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Вольны час спрабую праводзіць разнастайна: чытаю кнігі, падарожнічаю, — дзеліцца студэнтка. — Мне падабаецца ў выхадны дзень выправіцца ў паездку па цікавых мясцінах Беларусі, прагуляцца па горадзе, у якім раней не была. Любімыя месцы — палац Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, вуліца Савецкая ў Брэсце, Нясвіж. У найбліжэйшай будучыні планую паступіць у магістратуру. Я хацела б працягваць займацца навуковай дзейнасцю. Сваю вучобу, як і раней, буду сумяшчаць з працай трэнера ў спартыўным клубе.

Дзмітрый НІКАНОВІЧ — студэнт спецыяльнасці «менеджмент СМІ» Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Хлопец нарадзіўся і вырас у Брэсце, з дзяцінства захапляецца музыкай, з'яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных музычных фестываляў і конкурсаў, прадстаўляў БДУ на музычных тэлепраектах. Дзве яго арыгінальныя беларускамоўныя песні — «Ніколі» і «Ключы» — цяпер знаходзяцца ў радыёратацыі.

Не забываецца Дзмітрый і пра вучобу — на яго рахунку ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, публікацыі ў зборніках. Дзякуючы актыўнай даследчыцкай дзейнасці, ён размеркаваўся выкладчыкам у свой інстытут на кафедру гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ, збіраецца працягваць навучанне ў магістратуры.

— Для простага хлопца з Брэста, які калісьці паступіў на журфак, Падзяка Прэзідэнта азначае прызнанне, — кажа Дзмітрый. — Сям'я ганарыцца. Аказалася, што сярод некалькіх тысяч выпускнікоў 50 універсітэтаў краіны на самым высокім узроўні былі адзначаны толькі 15, і я сярод іх. Нечакана і неверагодна прыемна. Перакананы, што ў гэтым заслуга маіх бацькоў і настаўнікаў, якія заўсёды вялі мяне правільнай дарогай. А яшчэ мяне засцерагае мая разумніца і прыгажуня жонка, без якой у мяне б нічога не атрымалася.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.