Вы тут

Цяга да зямлі, або «Хімія адказнасці» маладога агранома


Бярэзінскі раён — непаўторны край бясконцых лясоў і палёў... Славутыя беларускія магнацкія роды ва ўсе часы лічылі за гонар мець тут свой надзел зямлі — Сапегі, Тышкевічы, Патоцкія... Нашы карэспандэнты накіраваліся ў госці да маладога спецыяліста, які вось ужо два гады абжываецца на новым месцы, каб дазнацца, як яму там жывецца.

9-28

Іван КАЗАК — 24-гадовы галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Брадзец». Сам хлопец родам са Жлобінскага раёна, а ў Бярэзінскім апынуўся па размеркаванні.

Выбар прафесіі ён тлумачыць у першую чаргу тым, што сам вырас у вёсцы. Штолета хлопец падпрацоўваў на зернесушылцы, назіраў, як жыве гаспадарка, і быў больш-менш знаёмы з працай на зямлі. У школе будучы аграном аддаваў перавагу дакладным навукам, асабліва цікавіўся хіміяй, спісваў дзясяткі блакнотаў формуламі, удзельнічаў у алімпіядах і нават меў вольны доступ да школьнай лабараторыі. Пасля школы Іван вырашыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і паступіў у Краснабярэжскі дзяржаўны аграрны каледж, потым атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

— Падчас вучобы ў Гродне мне пашчасціла апынуцца ў ліку студэнтаў, што стажыраваліся ў Германіі, — узгадвае Іван. — Да нас прыязджалі дэлегаты з Баварскага сялянскага саюза, якія адбіралі студэнтаў з усіх аграрных ВНУ для працы за мяжой. Я нядрэнна валодаю нямецкай мовай, знаёмы з сельскагаспадарчай тэхнікай, таму выбралі мяне. Так апынуўся ў гаспадарцы, што займалася вытворчасцю лекавых раслін і прадукцыі з іх. Паўгода я жыў і працаваў разам з сям'ёй уласніка. Безумоўна, уражанні засталіся неверагодныя. Спадабалася тое, як там ставяцца да працы — са славутымі нямецкімі педантызмам і адказнасцю.

На размеркаванні хлопцу прапаноўвалі шэраг варыянтаў: аграном — прафесія цяпер запатрабаваная. Але ён спыніў свой выбар на Беразіно. Галоўная прычына — блізкасць сталіцы, да Мінска адсюль можна даехаць за гадзіну. Напачатку Іван трапіў у іншую гаспадарку раёна, што ў вёсцы Паплавы. Але хутка яго забралі ў Брадзец, дзе не было агранома.

9-27

— Калі казаць шчыра, тое, што мяне адразу прынялі на адказную пасаду, прынесла дадатковыя хваляванні, — кажа Іван. — Згадзіцеся, заўсёды прасцей, калі ёсць начальства, якое дзе-нідзе дапаможа, накіруе. Недахоп вопыту — галоўная праблема на новым месцы. Трэба было з першых жа дзён увайсці ў курс спраў і прыняць на сябе ўсю адказнасць. Тым больш што працаваць я пачаў з 20 ліпеня — у разгар уборачнай кампаніі. Тэорыю ведаў добра, а вось практыкі не хапала.

Пераязджаць на новыя месцы Іван прывык: згаданая практыка ў Германіі, студэнцкае жыццё ў Гродне... Таму асаблівых цяжкасцей уладкаванне ў Бярэзінскім раёне яму не прынесла. Спачатку ён жыў у мясцовым інтэрнаце — для маладых спецыялістаў у гаспадарцы выдзелены двухпавярховы катэдж у хвіліне хады ад будынка адміністрацыі. Потым пераехаў за 20 кіламетраў ад гаспадаркі — на здымную жылплошчу ў Беразіно. На працу цяпер ездзіць на ўласным аўтамабілі.

— Агранамічная служба ў гаспадарцы — гэта я і мой падначалены, брыгадзір, — распавядае хлопец. — Даводзіцца займацца «ўсім і адразу»: аховай раслін, падборам «хіміі», сартавой працай. Замовіць насенне, знайсці пастаўшчыкоў — усё гэта раблю я, таму адказнасць вельмі вялікая. Было б зусім шыкоўна, калі б сюды размеркавалі яшчэ і памочніка галоўнага агранома.

Не сакрэт, што праца агранома моцна залежыць ад сезона. Лета — час найбольш актыўнай дзейнасці: з раніцы і да позняга вечара Іван знаходзіцца ў полі. Зімой жа — адносны адпачынак і падрыхтоўка да новай пасяўной: выбар угнаенняў, праца з дакументамі. Хлопец кажа, што калі ведаць усю тэхналогію, нічога асабліва складанага ў прафесіі няма. Хоць па першым часе пралікі непазбежныя.

— Сёлета я дапусціў сур'ёзную памылку, — распавядае Іван. — На кукурузе пестыцыд па правілах прымяняецца ў фазе трох-пяці лістоў, але ў час апрацоўкі стаяла вельмі спякотнае надвор'е, і ён не спрацаваў, як трэба. Давялося праводзіць дадатковую апрацоўку раслін...

Заробак у гаспадарцы, па вясковых мерках, неблагі — ад пяці да шасці мільёнаў рублёў. Частка з гэтых грошай ідзе на галоўнае хобі Івана — аўтамабіль. З сябрамі, якія ў маладога чалавека з'явіліся вельмі хутка, ён адпачывае на дыскатэках у райцэнтры. Але і ў Брадцы ёсць чым заняцца: спартыўная зала ў турыстычным комплексе, клуб. Праўда, у вёсцы зусім мала моладзі, і гэта галоўная праблема для тых, хто прыязджае сюды па размеркаванні. Знаходзіць Іван час і на літаратуру, апошняе, што прачытаў, — «Мёртвая зона» Стывена Кінга. Акрамя таго, цяпер хлопец завочна вучыцца ў Вышэйшай школе кіравання бізнесам пры Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

— Я лічу, што мой выбар прафесіі быў правільным, — рэзюмуе спецыяліст. — Не шкадую, што вучыўся і працую ў сельскай гаспадарцы. Цяжка, безумоўна, але лёгкай працы не бывае... Хутка заканчваецца маё размеркаванне, і я пакуль не ведаю, што буду рабіць далей. Ужо даўно знаходжуся ў спісе рэзерву кіруючых кадраў, цяпер мне прапаноўваюць стажыравацца і ісці на кіраўнічую пасаду. У любым выпадку, наўрад ці я кіну гаспадарку падчас уборачнай. А далей буду думаць...

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.