Вы тут

Маўчаць, гавораць, робяць...


...Справа была зімой. Аднойчы вырашыў вынесці з кватэры смецце. Кажу жонцы, якая ў суседнім пакоі прасуе бялізну: маўляў, я да смеццеправода, туды і назад. Далей адчыняю дзверы ў тамбуры і літаральна лоб у лоб сутыкаюся з суседзямі. Мы вітаемся адно з адным і праціскаемся кожны ў патрэбным яму напрамку. Ад нечаканай сустрэчы я машынальна зачыняю за сабой дзверы. І ў тую ж секунду разумею, што ключ жа я з сабой не браў! А кнопкі кватэрных званкоў на лесвічную пляцоўку ў нашым доме амаль ні ў каго не выведзены... Нешта рабіць трэба тэрмінова, бо я апрануты зусім лёгка. Хуценька выкідваю смецце і з вядром еду ўніз, да ўваходных дзвярэй. Паколькі і ад іх ключа ў мяне з сабой няма, адчыніўшы дзверы знутры, высоўваюся па пояс, каб дацягнуцца да дамафона. Набіраю нумар кватэры. Ідуць гудкі, але ў адказ — цішыня...

9-19

Набіраю зноў, чакаю, думаючы пра тое, каб не апынуцца ўвогуле па-за пад'ездам. Нарэшце, чую незадаволены жончын голас: «Хто?» Кажу: «Свае, адчыняй тамбур...» Зайшоўшы ў кватэру, пытаюся ў яе, чаму не падыходзіла так доўга да дамафона. Яна ў адказ: «А я яшчэ думаю, чаму ты сам не падыходзіш да яго?» Пра маё папярэджанне, што іду выкідваць смецце, яна, зразумела, забылася — проста таму што была на сваёй хвалі, у сваіх думках. Мабыць, многія ведаюць, што гэта такое. («Жанчына, якая на ўсе твае пытанні адказвае фразай «усё нармальна», — гэта самая небяспечная з'ява ў свеце».) Дык гэта яшчэ ўсё па-добраму абышлося. Бо здараецца ж, як у тым анекдоце. «Сёння ранкам спакойна спытаўся ў жонкі: «Ты чайнік паставіла?» Пакуль моўчкі чысціў зубы, даведаўся, што яна ў мяне рабыня, я яе не цаню, перастаў бачыць у ёй жанчыну і нам увогуле пара разводзіцца, бо я знайшоў іншую... Нішто сабе гарбаткі папіў!»

Калі ад думак жанчыны пераходзяць да спраў, таксама часам не засумуеш. Вось нядаўна, каб падтрымаць зборную Венесуэлы на Кубку Амерыкі па футболе, вядучыя тэлеканала «Голыя навіны» рэгулярна... распраналіся ў жывым эфіры (у прынцыпе, а чаго яшчэ чакаць ад работнікаў канала з такой назвай? А адна з іх падчас турніру забаўлялася тым, што рабіла прагнозы на матчы з дапамогай сваіх грудзей. Яна прымацоўвала да аголенага бюста сцяжкі каманд, а пасля без дапамогі рук спрабавала іх скінуць (эх, група «Топлес» такі шанец упусціла на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы!). Згодна з яе прагнозамі, прайграе тая каманда, чый сцяжок зваліцца першым... Дарэчы, не так даўно бачыў у інтэрнэце фатаграфію: у расійскай краме ля касы стаіць імправізаваная скрыня для ахвяраванняў з надпісам: «На новыя ногі футбалістам». Такі жарт мог напісаць толькі мужчына, які разумее, што адным толькі выглядам аголеных бюстаў вынікаў не дасягнуць, прынамсі ў футболе.

Зноў жа — пра іх думкі. «Хачу гарбаты!» — сказала дама і чамусьці адчыніла халадзільнік. Так-так, гэта ўсё пра жаночую логіку: чаго б такога паесці, каб пахудзець? Ну, з гэтым яшчэ мірыцца можна. А бывае ж і так. «Нікуды я з табой не пайду!!!» — «А чаго ты тады так прыбралася?» — «А каб ты бачыў, якая прыгажуня з табой нікуды не пайшла!» Яшчэ горш, калі ў іх з'яўляюцца такія думкі. «Пасварылася з сужэнцам, адвярнулася, ляжу і думаю: «Абдымі, ну, абдымі, блін!» І тут ён абдымае мяне, а я: «Так, рукі прымі!»

Але самая «песня» — гэта калі прадстаўніцы прыгожага полу кантактуюць паміж сабой. Адна сяброўка тэлефануе другой: маўляў, чым займаешся. «На веласіпедзе катаюся», — адказвае першая. «Каб пахудзець?» — «Не, навошта?» — «Ну, каб лішнюю дзірачку ў рэмені зрабіць»...

Паглядзіце, як гавораць пра строі ўдзельніц якога-небудзь конкурсу стылісты-жанчыны. «Спадніца прыгожа падкрэслівае тонкую талію і стройныя ногі дзяўчыны! Але кашуля з кветкавым прынтам з ёй абсалютна не спалучаецца. Лепш замяніць яе аднатоннай блузкай ці кароткім топам. А цёмныя калготкі — цялеснымі». У мужчынскіх мазгах адразу пачынае пульсаваць фраза з вядомага кінафільма: «Не зразумеў! Перакладзі!» Як быццам бы стыліст зрабіла камплімент, але фактычна прагучала зусім супрацьлеглае... «Сіняя сукенка і белы жакет не спалучаюцца з фіялетавымі туфлямі. У гэтым выпадку нават чорны абутак глядзеўся б лепш. Але ўвогуле вобраз неблагі, а галоўнае — універсальны!» Як кажуць, не жаночая гэта справа — маўчаць...

Наогул, сітуацыю добра перадае такі анекдот. «Жанчына — як кошка. Намякае вам, што сыходзіць. Адчыняеш ёй дзверы — не ідзе. Закрываеш — хоча сысці. Адчыняеш — не ідзе». Насамрэч, ёсць адзін спосаб зразумець жанчыну. Толькі яго ніхто не ведае...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.