Вы тут

Пра класікаў — па-новаму


У Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага адбылася сустрэча з гродзенскай паэткай, літаратуразнаўцай, крытыкам Алай Петрушкевіч, аўтаркай кнігі «Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай», якая нядаўна пабачыла свет. На прэзентацыю былі запрошаны работнікі бібліятэк вобласці, якія прыехалі на курсы павышэння кваліфікацыі. Думаю, яны не пашкадавалі аб вечарыне-канцэрце, якую падрыхтавала пісьменніца разам са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы.

У кнізе сем раздзелаў — «Дарогамі філаматаў», «Эліза Ажэшка, Алаіза Пашкевіч, Зоська Верас», «Нашаніўскія класікі ў культурнай прасторы Гарадзеншчыны», «У Заходняй Беларусі», «Іх лёс звязаны з Гараденшчынай», «Ларыса Геніюш, Данута Бічэль, Вольга Іпатава», «Ужо ў ХХІ стагоддзі». Аўтарка верная сваім перавагам — даследуе творчасць Э.Ажэшкі. А.Пашкевіч, Л.Сівіцкай, Л.Геніюш. А.Карпюка, В.Быкава, Я.Брыля, У.Калесніка і многіх іншых пісьменнікаў, лёс якіх неяк быў звязаны з Гродзеншчынай.

Агульнасць інтарэсаў і паразуменне яскрава прадэманстравалі таленавітыя студэнты факультэта філалогіі — Анжаліка Дудко, Вікторыя Янчарская, сястра і брат Альжбета і Дзмітрый Даўгаполікі і іншыя ўдзельнікі імпрэзы. Мы пачулі ў іх выкананні беларускія вершы, яны спявалі лірычныя рамансы, песні на вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль.

Дакладна і прафесійна Ала Мікалаеўна расставіла ўсе акцэнты, правяла нешта накшталт экскурсіі па старонках сваёй кнігі. Трэба валодаць глыбінёй ведаў, талентам асобы і творчай інтуіцыяй, каб, здавалася, пра даўно вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў расказаць зусім па-новаму, раскрыць раней не апублікаваныя моманты іх творчых біяграфій, тым самым зрабіўшы гэта здабыткам літаратурнай грамадскасці.

Гэта сапраўдныя маленькія адкрыцці, якія папоўняць скарбонку айчыннага літаратуразнаўства.

Ірына ШАТЫРОНАК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.