Вы тут

ААН падтрымае ініцыятывы маладых


Сёлета Арганізацыя Аб'яднаных Нацый адзначае сваё сямідзесяцігоддзе. Адной з дзяржаў, якія ў 1945 годзе ў Сан-Францыска падпісалі Статут ААН, стала БССР. З атрыманнем краінай незалежнасці Арганізацыя Аб'яднаных Нацый сур'ёзна пашырыла сваю дзейнасць у Беларусі. Учора ў сталічным бізнес-клубе ІMAGURU прайшла цырымонія афіцыйнага прызначэння членаў Маладзёжнага кансультацыйнага савета пры ААН (МКС ААН) у нашай краіне, што падкрэсліла тую ўвагу, якую ААН надае пытанням моладзі.

У савет увайшлі 13 чалавек, якія прадстаўляюць самыя розныя катэгорыі моладзі: школьнікі, студэнты, маладыя спецыялісты.

— Усяго было пададзена каля 200 заявак, — расказала супрацоўнік офіса Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі Дар'я МІРОНАВА. — Хлопцы і дзяўчаты выбіраліся пасля разгляду іх матывацыйных лістоў, у якіх яны тлумачылі, чаму хочуць увайсці ў склад МКС. Мы імкнуліся, каб у Савеце былі прадстаўлены погляды людзей максімальнай колькасці ўзростаў, заняткаў і цікавасцяў. Важна, што яны прадстаўляюць інтарэсы не якой-небудзь арганізацыі, а свае ўласныя. Штогод склад МКС будзе напалову змяняцца, такім чынам мы зможам даць магчымасць выказаць свае ідэі яшчэ большай колькасці людзей.

Новы орган будзе мець кансультатыўны характар. У яго абавязкі ўваходзіць прадстаўленне рэкамендацый арганізацыям сістэмы ААН па пытаннях моладзі, удзел у мерапрыемствах агенцтваў ААН. Гэта значыць, што члены савета будуць уцягнуты ва ўсе праекты агенцтваў арганізацыі (напрыклад, UNІCEF), якія закранаюць маладзёжную сферу, прымуць удзел у іх планаванні. Аналагічныя структуры ужо існуюць у Шры-Ланцы, Непале і іншых краінах. Нядаўна МКС ААН запрацаваў ва Украіне.

— Рашэнні па ключавых сусветных праблемах нярэдка прымаюць людзі ў пінжаках — афіцыйныя асобы, — зазначыў пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака САМАРАСІНХА. — Пры гэтым недастаткова ўвагі надаецца думцы простых людзей, тым больш юных членаў грамадства. Ёсць старая прымаўка: старыя абвяшчаюць вайну, а маладым прыходзіцца змагацца. Сёння гэта ўсё яшчэ так. Праблема заключаецца ў тым, што дарослыя людзі хутка забываюць пра тое, як гэта — быць юным. Ім ужо незразумелыя страхі, хваляванні і перажыванні, звязаныя з гэтым складаным узростам. Мы спадзяёмся, што стварэнне Маладзёжнага кансультатыўнага савета ў Беларусі нагадае грамадству аб праблемах юных членаў соцыуму.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.