Вы тут

Віцебск стаў сталіцай фестываляў


Аляксандр Сідарэнка, кіраўнік дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пазаўчора быў выбраны старшынёй Сусветнай асацыяцыі фестываляў. Карэспандэнт «Звязды» павіншаваў Аляксандра Пятровіча і задаў яму некалькі пытанняў.

Славянский базар 2015

— Можна назваць нечаканасцю, а магчыма і сенсацыяй тое, што цяпер Віцебск — «галоўны горад фестываляў»?

— Дырэкцыя фестывалю працавала ў гэтым кірунку як мінімум тры гады. Нездарма сёлета такі пашыраны міжнародны фармат «Славянскага базару ў Віцебску». Гэта вынік таго, што кожны год вядзецца вялікая работа з прадстаўнікамі розных краін свету. У нас з'яўляюцца новыя партнёры: па арганізацыі фестывальных праектаў, конкурсаў. Тое, што ў гэтым годзе на фестывалі прадстаўлена больш за 40 краін свету, кажа пра многае. І лічу, што гэта — заканамернасць... Людзі, якія пабывалі на фестывалі, пасля раз'язджаюцца па розных краінах свету і міжволі становяцца нашымі «пасланцамі», партнёрамі і калегамі. А ўсё дзякуючы таму, што ў іх прыемныя і пазітыўныя ўражанні. Яны імкнуцца зноў трапіць у Віцебск...

— А дзе раней знаходзілася «штаб-кватэра» асацыяцыі?

— Пры стварэнні асацыяцыі штаб-кватэра была ў Македоніі. Цяпер, з улікам таго, што мне даверылі кіраўніцтва, у Віцебску — у дырэкцыі фестывалю. Ужо абмяркоўваем перспектыўны план прамежкавых сустрэч членаў савета дырэктараў. Адпаведна вызначаем той аб'ём працы, якую неабходна правесці. У першую чаргу, працу ў СМІ. Я маю на ўвазе падрыхтоўку новага сайта. Ён ёсць, але мы ўжо бачым, як яго трэба развіваць...

Самае галоўнае, што ўсе члены асацыяцыі маюць непадробнае і шчырае жаданне працаваць сумесна. У нас агульныя інтарэсы, паколькі ўсе з'яўляюцца арганізатарамі шматлікіх міжнародных конкурсаў, якія праходзяць у розных краінах. І прынята рашэнне штогод збірацца ў нас, праводзіць выніковыя сесіі асацыяцыі.

— Адпаведна на «Славянскім базары» стане больш пераможцаў конкурсаў іншых фестываляў?

— Так. Атрымаць у якасці ўдзельніка свайго фестывалю пераможцаў іншых міжнародных конкурсаў — гэта перспектыва вельмі добрая. І той папярэдні адбор у рамках Сусветнай асацыяцыі, які неабходна праводзіць, несумненна паўплывае і на ўзровень міжнародных конкурсаў нашага фестывалю і ўвогуле на яго...

Дарэчы, сёлета на конкурсы выканаўцаў у Віцебск прыехалі яшчэ больш пераможцаў адборачных тураў, якія прайшлі ў многіх краінах. І мы ідзём да таго, каб у найбліжэйшы час, можа быць, праз год, або два ў кожнай краіне праходзіў адборачны тур...

— Як, на ваш погляд, павінна развівацца асацыяцыя?

— Аналагічных арганізацый існуе ў свеце некалькі, і яны аб'ядноўваюць фестывалі па прынцыпе кантынентаў і дзяржаў. Наша асацыяцыя адносна маладая, і ў ёй у асноўным прадстаўнікі славянскіх краін. Упэўнены, што ў найбліжэйшы час геаграфія ўдзельнікаў асацыяцыі будзе пашырацца. Пры гэтым мы не зацікаўлены ў колькасці, а гаворка ідзе толькі пра якасны адбор членаў. Толькі пасля папярэдняга адбору фестываль зможа трапіць у члены асацыяцыі. Гэта трэба рабіць для таго, каб фарміраваць станоўчы імідж асацыяцыі...

Прыемна, што кіраўнікі фестываляў — членаў асацыяцыі — лічаць «Славянскі базар» прыкладам таго мерапрыемства, таго ўзроўню, да якога трэба імкнуцца. І тое, што яны аб'ядналіся вакол «Славянскага базару ў Віцебску», — гэта таксама вельмі многа значыць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара Нікалаева

10-40

Валерыя Грыбусава, прадстаўніца Беларусі на Міжнародным конкурсе эстрадных выканаўцаў «Славянскі базар — 2015»

— Я хацела нумар 12, але вось буду выступаць пад нумарам 21. Магчыма, гэта добры знак, хоць я і не веру ў магію лічбаў. Буду выступаць у самым канцы, таму варта запасціся цярпеннем і захаваць сваю энергію да канца. Але я ўпэўнена ў сваім матэрыяле і думаю, што ўсё пройдзе добра. Канкурэнцыя пакуль што не адчуваецца, таму што мы як адна вялікая сям'я і ўсе зараджаныя атмасферай свята. Адна з канкурсантак нават падаравала мне манетку на ўдачу, можа, яна сыграе сваю ролю. Веру, што ўсё атрымаецца.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.