Вы тут

Спякота аб'явіла тайм-аўт


Максімальная тэмпература паветра ў суботу складзе толькі плюс 22 градусы.

Сёння ўдзень на тэрыторыю Беларусі будзе паступаць халаднаватая і няўстойлівая паветраная маса з прапіскай над Скандынавіяй. Спецыялісты Белгідраметцэнтра паведамляюць, што чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, калі ўдзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, а ў асобных раёнах прагрымяць навальніцы.

Холад поўначы Еўропы

Прагназуецца заходні вецер, месцамі — моцны парывісты. Максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе плюс 14-20 градусаў, па паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да 23 цяпла. Не будзе суперцёпла і ў выхадныя. Атмасферны ціск уначы будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца. У наступныя двое сутак, 11-12 ліпеня, захаваецца халаднаватае ветранае надвор'е.

У суботу наша краіна трапіць пад уплыў франтальных раздзелаў і няўстойлівых паветраных мас, якія паступаюць з паўночнага захаду Еўропы. Пройдуць дажджы, у асобных раёнах — навальніцы. Месцамі па паўднёвым захадзе краіны моцны парывісты вецер. Мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе 8-13 цяпла, а максімальная ўдзень — плюс 15-22 градусы. У нядзелю тэрыторыя Беларусі трапіць у зону паніжанага атмасфернага ціску, а па паўночна-ўсходняй палове краіны будзе адчувацца ўплыў няўстойлівых паветраных мас. Месцамі, пераважна па паўночным усходзе, пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы чакаецца 8-13 цяпла, а тэмпература паветра ўдзень складзе плюс 17-22 градусы, па паўднёвым захадзе — да 24 цяпла.

Бульба спякоту не любіць

Пасля дажджоў запасы вільгаці ў глебе папаўняюцца галоўным чынам на паўднёвым усходзе Беларусі. Паводле апошніх візуальных назіранняў спецыялістаў Белгідраметцэнтра, у Гомельскай вобласці шэраг метэастанцый адзначыў добрае ўвільгатненне верхняга 10-сантыметровага пласта глебы. Увільгатненне глебы захоўваецца ў большасці раёнаў Віцебскай вобласці, у паўночна-заходняй частцы Мінскай, месцамі на поўначы Брэсцкай і на крайнім паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці.

Аднак сурёзныя дажджы былі не паўсюдна. Таму ў многіх паўднёва-заходніх раёнах і месцамі па ўсходнім рэгіёне краіны верхні пласт глебы застаецца сухім. Спецыялісты адзначаюць, што ў першы тыдзень ліпеня з прычыны глебавай засухі і высокіх тэмператур паветра ў Гомельскай, на поўдні і паўднёвым усходзе Мінскай абласцей метэастанцыі фіксавалі пагаршэнне стану кукурузы, бульбы і цукровых буракоў. У паўднёвай зоне і месцамі на захадзе краіны заўчасна пачалося паспяванне азімых збожжавых культур і яравога ячменю. Вільготнасць збожжа месцамі не перавышае 8-11%. У Гомельскай вобласці частку пашкоджаных збожжавых убіраюць на сянаж. Шэраг метэастанцый Віцебскай і Мінскай абласцей адзначылі паляганне збожжавых культур ад ветру і ліўневых дажджоў.

У найбліжэйшы час у сувязі з паніжэннем тэмпературнага рэжыму і запланаванымі ападкамі аграметэаралагічнае становішча на значнай тэрыторыі краіны палепшыцца. Аднак з прычыны нераўнамернага размеркавання ападкаў глебавая засуха ў шэрагу рэгіёнаў, асабліва на паўднёвым захадзе Беларусі, захаваецца.

Тым часам

Крыху раней навукоўцы ўжо прагназавалі істотнае зніжэнне ўраджайнасці, што звязана з няпростымі ўмовамі надвор'я. Аднак сітуацыя мяняецца. Учора першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч абверг інфармацыю пра рэзкае зніжэнне ўраджайнасці збожжавых у Беларусі. «Падзенне ўраджайнасці азімых збожжавых у нашай краіне сёлета будзе нязначным — на 2-2,5 цэнтнера», — упэўнены спецыяліст. Ён адзначыў, што цяпер аграрыі ўжо пачалі ўборку азімага ячменю. Паводле інфармацыі ведамства, на 9 ліпеня ўбрана каля 45% плошчаў. Там падзенне ўраджайнасці склала толькі 1,8 ц/га.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.