Вы тут

Новыя вытворчасці — новыя рабочыя месцы


Сёлета на Гродзеншчыне стварылі больш за 2 тысячы новых рабочых месцаў, а да канца года іх павінна быць каля 6 тысяч. Аб гэтым паведаміў журналістам у Ашмянах старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.

Не толькі расійскі рынак

Сітуацыя ў прамысловасці няпростая, асабліва што тычыцца продажу прадукцыі на знешніх рынках. У прыватнасці з прычыны дэвальвацыі расійскага рубля значна скарацілася валютная выручка ад экспарту мяса-малочнай прадукцыі. Шмат страцілі і праз забарону паставак у Расійскую Федэрацыю вырабаў са свініны. Хаця сітуацыя пачынае паляпшацца: для двух прадпрыемстваў Гродзеншчыны «Рассельгаснагляд» нядаўна зняў гэтую забарону, і ёсць надзея, што так будзе і з іншымі. Адпаведна трэба павялічваць і сыравінны патэнцыял. У жніўні ў эксплуатацыю будзе ўведзена ферма на 27 тысяч парасят — па самых перадавых тэхналогіях. Там жа, у Карэліцкім раёне, аднаўляецца свінакомплекс. А ў Бераставіцкім і Смаргонскім раёнах пачалі будаваць іх прыватныя інвестары.

Пры гэтым у экспарце нельга арыентавацца толькі на Расію, куды Гродзенская вобласць прадае 96-97% сваёй мяса-малочнай прадукцыі. Тым больш што расіяне ў сувязі з вядомымі санкцыямі зараз шмат інвеструюць у развіццё сваёй сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

— Таму ставім задачу дыверсіфікацыі нашых паставак, каб не залежаць толькі ад расійскага рынку, — зазначыў Уладзімір Краўцоў.

У прыватнасці кіраўнікі шэрагу перапрацоўчых прадпрыемстваў Гродзеншчыны накіраваліся на інвестыцыйны форум у кітайскую правінцыю Ганьсу. Гродзенскі мясакамбінат цяпер наладжвае продаж на азіяцкі рынак каўбасных вырабаў з ялавічыны.

Інвестыцыйным праектам — падтрымка ўлады

Уладзімір Краўцоў падкрэсліў, што безумоўным прыярытэтам сёння з'яўляецца стварэнне новых рабочых месцаў. А гэта дасягаецца дзякуючы адкрыццю новых вытворчасцяў. Нядаўна завяршылася мадэрнізацыя адкрытага акцыянернага таварыства «Мастоўдрэў». Выпуск шклаваты (сучаснага экалагічнага ўцяпляльніка) наладзілі на шклозаводзе ў Бярозаўцы: раней яе імпартавалі, а зараз не толькі забяспечваем свой рынак, але і маем экспартныя магчымасці. У Ваўкавыскім раёне арганізавалі імпартазамяшчальную вытворчасць фруктовых напаўняльнікаў для ёгуртаў, хлебапякарнай і кандытарскай прамысловасці — стварылі каля 100 рабочых месцаў. Больш за тое, яна «цягне» за сабой развіццё адпаведнай сыравіннай базы — вырошчванне садавіны, збыт якой будзе гарантаваны.

— Штотыднёва разглядаем у аблвыканкаме ход рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, існуючыя праблемы і шляхі іх вырашэння, — кажа Уладзімір Краўцоў.

Дарэчы, перспектывы працаўладкавання звязаны не толькі з прамысловасцю, але і іншымі сферамі. Напрыклад, нядаўна на Дзятлаўшчыне ў партнёрстве з расійскім інвестарам пабудавалі санаторый, дзе створана больш за 100 рабочых месцаў — не толькі для медыцынскага персаналу, але і для мясцовых жыхароў, якія будуць там гатаваць ежу, прыбіраць, выконваць іншую работу.

Важным інвестыцыйным накірункам Уладзімір Краўцоў таксама лічыць удзел у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва. Прыклад тут паказвае Ашмяншчына, дзе за апошнія тры гады на ажыццяўленне розных праектаў атрымалі ад Еўрапейскага саюза каля 1 мільёна еўра. У прыватнасці нядаўна адкрылі стадыён з трыбунамі на 500 месцаў, футбольным полем, бегавымі дарожкамі, зонай для кідання ядра. Гэты аб'ект пабудавалі дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі, дзе партнёрамі сталі Ашмянскі райвыканкам і ўпраўленне гміны Сувалкі (Польшча).

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.