Вы тут

Горкі пах язміну


Кідаючы пад ногі тое, што маеш, можаш апынуцца на краі бездані.

Казак у жыцці ў прынцыпе не бывае, а тыя, што ўсё ж зрэдку здараюцца, песціш у памяці доўгія гады, стараючыся захаваць кожную драбніцу, каб зноў і зноў вяртацца да таго адчування акрыленай радасці.

У мяне да нядаўняга часу была такая казка — простая і прыгожая. Яна здарылася дзевяць гадоў назад і пачыналася ў тлуме і беганіне — з «гарачай пуцёўкі», якую купілі ў самы апошні момант за проста смешныя грошы. Потым былі бакавыя месцы ў плацкарце маскоўскага цягніка, мітуслівая дарога да Внукава, самалёт, на які паспелі толькі цудам, сумка, якая ў аэрапорце далёкай незнаёмай краіны ўмудрылася зваліцца ў сярэдзіну круга, па якім рухаліся рэчы прыляцеўшых пасажыраў, пошук таго, хто яе дастане, а пасля — патрэбнага аўтобуса сярод сотні іншых, што стаялі на пляцоўцы. Цёмная-цёмная ноч, якая раптоўна, без прыцемкаў, апусцілася проста на галаву чорнай безданню неба з калючымі яркімі зоркамі і не дала разгледзецца, зразумець, асэнсаваць...

Але потым настала раніца, і, выглянуўшы ў акно свайго пакоя, мы проста ахнулі. Блакітнае спакойнае мора, крыху святлейшае за яго неба, белы пясок на пляжы, пальмы, з якіх цяжкімі гронкамі звісаюць фінікі, вялізныя, дагэтуль нябачаныя кветкі ўсіх магчымых адценняў... Горад, у які мы трапілі, сапраўдны ўсходні горад, жыў сваім размераным жыццём. Да гэтага жыцця можна было з лёгкасцю далучыцца, проста выйшаўшы за межы тэрыторыі гатэля. І гэта быў новы раздзел экзатычнай незабыўнай казкі. Чаго вартая была купля сярэбранага бранзалета на кірмашы ў Медыне (гістарычнай частцы горада): мы з гандляром таргаваліся дзве гадзіны, сабраўшы дзясяткі з тры гледачоў, і ўрэшце цана са ста трыццаці долараў была зніжана да трыццаці сямі пад апладысменты ўражаных прысутных. Ці палёт над горадам на дэльтаплане — з вышыні было ўражанне чысцютка-белага колеру ўсіх будынкаў, яны нібы іскрыліся пад гарачым сонцам. Разам з месцічамі мы пілі сапраўдную арабскую каву ў кавярнях, нават спрабавалі курыць кальян. Заўсёды знаходзілі агульную мову — ці то французскую, ці то англійскую. Бачылі: жывуць небагата, але спакойна, і шчыра радуюцца нам усім, бо турысты для многіх — галоўная крыніца даходаў.

Яшчэ ў той казцы былі падарожжа на ўскраек Сахары на джыпе, паездка верхам на драмадэры (так завуцца аднагорбыя вярблюды, і ўтрымацца на ім нават у дыхтоўным сядле, скажу я вам, няпроста). Вёска трагладытаў — «пячорных людзей», якія жывуць у апартаментах, выкапаных проста ў зямлі. Горы Малога Атласа — там Джордж Лукас здымаў «марсіянскі» пейзаж сваіх «Зорных войнаў». Сустрэча ўсходу сонца на былым салёным возеры. Цяпер там пустыня, але соль, якая выступіла на паверхню і набыла ружовы колер пяску, пад першымі промнямі пачынае ззяць і пералівацца. І ты ідзеш, ідзеш насустрач сонцу па гэтай дыяментавай прасторы, і здаецца, вось-вось убачыш Стваральніка Сусвету... Пасля зноў былі чорныя ночы і блізкія — здаецца, працягні руку і дастанеш — пранізліва-яркія зоркі. І пах язміну, які там больш падобны на нашы півоні. І адчуванне спакою, якім, здавалася, дыхае ўся гэта сагрэтая шчодрым сонцам зямля...

Казкі не стала раптоўна, яна ператварылася ў кашмар, які не даваў заснуць некалькі начэй запар. 26 чэрвеня. Туніс. Горад Сус. Тэрарыст з аўтаматам Калашнікава на пляжы. Сорак забітых, дзясяткі параненых. Той самы горад, той самы гатэль, той самы пляж. Там, дзе дзевяць гадоў назад было адчуванне разняволенага спакойнага палёту...

На бялюткім пяску пляжа — рудыя плямы крыві і целы забітых. Турысты натоўпамі пакідаюць краіну. Бюджэт падлічвае страты: каля сямі мільярдаў долараў — для не самай багатай краіны вельмі значны ўрон. Як напісаў нядаўна ў сеціве тамтэйшы калега, з якім пазнаёмілася на адпачынку: «Туніс ужо не той і, на жаль, ніколі ранейшым не стане»...

У тыя некалькі бяссонных начэй, калі перад вачыма стаяў расстраляны пляж з маіх казачных успамінаў, думалася шмат аб чым. Пра тое, што фактычна з Туніса, з іх «Язмінавай рэвалюцыі» пачалася «арабская вясна», якая, як скажуць цяпер палітолагі, і спарадзіла гэтых маладых небарак з аўтаматамі, гатовых страляць ва ўсіх без разбору. А тады людзі па закліку ў сацыяльных сетках выйшлі на вуліцу з патрабаваннем... невядома чаго і, галоўнае, змены ўлады. Аўтар першага закіду з заклікам да пратэсту і сёння застаецца невядомым, але і праз гады, калі ўсё раскрыецца, вельмі мала тунісцаў скажуць яму дзякуй. Людзі, спакойныя нармальныя людзі, фактычна самі разбурылі і страцілі сваю краіну, якую яшчэ колькі гадоў таму з гордасцю называлі часткай Еўропы ў Афрыцы. Ахопленыя эйфарыяй натоўпу, гарланячы разам з іншымі «Далоў!», яны наўрад ці нават у страшным сне маглі ўявіць, што праз колькі гадоў людзей будуць страляць сярод белага дня ў музеях і на пляжы, што турысты, якіх яны так песцілі і дзякуючы якім даволі бязбедна жылі, будуць стрымгалоў кідацца да пададзенага трапа самалёта, каб хутчэй з'ехаць адсюль і больш каб нага ніколі не ступала... Апанаваныя нейкай не зусім зразумелай, але дакладна «высакароднай» мэтай, тыя тысячы, што выйшлі на вуліцы зімой 2011-га, вядома ж, не хацелі, каб адбылося тое, што маем сёння. Але, пэўна, многія з іх цяпер задумваюцца, ці не стаў асабіста іх учынак часткай вялікага пускавога механізму, які, спрацаваўшы, прывёў да катастрофы, ад якой церпіць і краіна ўвогуле, і кожны асобны яе жыхар.

Разбурыць заўсёды прасцей, чым стварыць. Кінуўшы пад ногі тое, што маеш, набываеш усе шанцы прыйсці да бездані. Вось такая мараль у гэтай казкі, якой не стала.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.