Вы тут

Там, дзе запальваюцца «зоркі»


Назва «Славянскі базар» зразумелая без перакладу ў любым кутку Зямлі.

Дваццаць чацвёрты па ліку фестываль сабраў рэкордную колькасць краін-удзельніц за ўсю сваю гісторыю: калі ў 1992 годзе ў «Славянскім базары» прымалі ўдзел усяго 8 краін, то цяпер у Віцебск завіталі прадстаўнікі больш як 40 дзяржаў з Еўропы, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.

11-24

Менавіта пра значнасць і выдатнасць фестывалю ў сваім відэазвароце да канкурсантаў, артыстаў і гледачоў «Славянскага базару» гаварыў кіраўнік нашай дзяржавы падчас цырымоніі адкрыцця. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, спалучаючы прастору і час, міжнародны форум садзейнічае захаванню культурнай самабытнасці розных народаў. «Амаль чвэрць стагоддзя «Славянскі базар» збірае артыстаў і паклоннікаў у культурнай сталіцы Беларусі. Для яго быў выбраны цудоўны дэвіз: «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення», які аказаўся вельмі актуальным і ў нашы дні, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Сёння Беларусь па праве стала пляцоўкай для мірных ініцыятыў, правадніком ідэй добрасуседства і супрацоўніцтва. Гэта датычыцца не толькі знешняй палітыкі, але і духоўнай сферы, паколькі мастацтва аб'ядноўвае людзей, не ведаючы межаў, з'яўляючыся эфектыўнай формай народнай дыпламатыі».

«За апошнія два дзесяцігоддзі на эстрадным небасхіле з'явілася цэлая плеяда вядомых артыстаў, якія ўпершыню заявілі аб сабе на сцэне нашага Летняга амфітэатра. Дзякуючы цудоўнаму песеннаму форуму наш старажытны Віцебск стаў месцам, дзе «запальваюцца зоркі», дзе маладыя таленты набываюць крылы для творчага палёту». «У бягучы год, аб'яўлены ў нашай краіне Годам моладзі, асабліва важна падтрымаць маладое пакаленне, даць яму магчымасць для самарэалізацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Учора па традыцыі ў межах фестывалю прайшлі мерапрыемствы пад эгідай Саюзнай дзяржавы. У сядзібе, якая належала славутаму мастаку Рэпіну, адбыўся пленэр юных мастакоў з Расіі і Беларусі, працавала школа юных журналістаў. Маленькія спевакі і танцоры паказалі клас... Ганаровым госцем стаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

11-32

Дарэчы, падчас яго сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарстнёвым сярод іншага абмяркоўвалася магчымасць стварэння на базе віцебскіх музеяў Рэпіна і Шагала культуралагічных адукацыйных цэнтраў. Вялі перамовы і наконт рэалізацыі праграмы развіцця льняной індустрыі, больш плённага супрацоўніцтва ў іншых напрамках
вытворчасці...

Як заўсёды, шыкоўным быў канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае... Злучаючы прастору і час». У ім бралі ўдзел Леанід Агуцін, Анжэліка Варум, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, дзіцячыя цыркавыя калектывы і іншыя. Адбылася прэм'ера гімна Саюзнай дзяржавы «Анёл над горадам Шагала».

11-31

Учора ж у межах фестывалю прайшоў «круглы стол» «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў», арганізаваны Міністэрствам інфармацыі. Паколькі Выдавецкі дом «Звязда» меў да мерапрыемства непасрэднае дачыненне, у адным з найбліжэйшых нумароў мы апублікуем падрабязны матэрыял аб дыскусіі, якая адбылася.

Сёння ж у фестывальным Віцебску правіць баль Дзень моладзі. У Год моладзі, які сёлета праходзіць у Беларусі, гэтая акцыя на «базары», як запэўнілі арганізатары, будзе вельмі маштабнай, крэатыўнай. Упершыню запрацуе «Маладзёжны падворак». Там можна будзе прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні, азнаёміцца з фальклорам рэгіёнаў краіны: народнымі абрадамі, касцюмамі, гульнямі, побытам... Сярод удзельнікаў інтэрактыўнай экспазіцыі «Маладзёжны падворак» — канкурсанты праектаў «Уладар сяла», «100 ідэй для Беларусі», творчых конкурсаў, маладыя рамеснікі, майстры народных промыслаў, фермеры. Маладзёжная эстафета «Калейдаскоп гумару» — таксама прыемны сюрпрыз сёлетняга фэсту.

У горадзе «базарнае» жыццё кіпіць. Можна набыць вырабы ручной работы ў горадзе майстроў, пры гэтым бясплатна паслухаць самадзейныя калектывы з розных краін. А мо нехта з іх стане славутым? Вытворцы харчовай прадукцыі, каб рэкламаваць свой тавар, прыдумляюць арыгінальныя «хады». Напрыклад, можна згуляць у шашкі з «малочкі», убачыць каўбасу даўжынёй некалькі метраў, хлебабулачныя вырабы вышынёй з чалавека...

11-30

Дарэчы, ужо адбылося лёсаванне юных канкурсантаў (выступленні ўдзельнікаў дзіцячага музычнага конкурсу адбудуцца 11 і 12 ліпеня. Беларусь на конкурсе прадставяць юныя «зорачкі» Элеці і Стэфанія Сакалова). Па волі лёсу ў першы дзень Стэфанія выйдзе на сцэну пад нумарам 6, а Элеці дастаўся нумар 11. У другі дзень конкурсу пад 11-м нумарам выступіць ужо Стэфанія Сакалова, а Элеці будзе другой. Нагадаю, старшыня журы дзіцячага музычнага конкурсу — народны артыст Расіі, вядомы выканаўца і кампазітар, прадзюсар Дзмітрый Малікаў. Ён, звяртаючыся да дзяцей, падкрэсліў, што, калі камусьці не пашанцуе, не важна. Галоўнае — развіваць свой талент. А калі будуць няўдачы, трэба не зацыклівацца, а пастарацца з новымі сіламі імкнуцца да запаветнай мэты — стаць «зоркай»...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара Нікалаева

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.