Вы тут

У коней «вырасталі крылы»


На Аршаншчыне сотні людзей сталі сведкамі захапляльнага спартыўнага мерапрыемства

Тут адбыліся рэспубліканскія дзіцячыя спаборніцтвы па конным спорце. Дарэчы, горад Барань — адзінае месца ў Беларусі, дзе праводзяцца падобныя турніры. І, што дзіўна, не ў Віцебску, а менавіта тут размяшчаецца «штаб-кватэра» абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце. А фі­лі­ялы — у Ор­шы, Та­ла­чы­не і Ві­цеб­ску.

Безимени-4 копия

— Сёння праводзіцца «Кубак С. П. Закатава» па канкуры (пераадоленне перашкод. — А.П.). Сяргей Пятровіч Закатаў, былы дырэктар завода «Чырвоны кастрычнік». На жаль, год таму пайшоў з жыцця. Дзякуючы яму, у Барані пабудавалі першую канюшню, набылі спартыўных коней. Было гэта ў 1990 годзе, у няпросты час... Пасля разбурэння СССР ён, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці прадпрыемства, працягваў рабіць усё магчымае для таго, каб конны спорт развіваўся ў глыбінцы...

Спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню ў Барані праводзяцца другі год запар. У іх бяруць удзел хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце да 14 гадоў. Па-за конкурснай праграмай выступаюць і ўжо вопытныя наезнікі. Апошнія робяць гэта, каб у чарговы раз праверыць узровень сваёй падрыхтоўкі, каб конь не «страчваў форму», — распавядае «Звяздзе» Ларыса Саматохіна, старшыня Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі.

Пакуль дзеці рыхтаваліся да выступлення, пагутарыў са знакамітым спартсменам.

— Я па-ранейшаму выступаю і паралельна трэнірую. І прызавыя месцы займаў на этапах Кубка свету, спаборніцтвах рознага класа... А жонка Ірына брала ўдзел у Алімпіядах: у 2004 і 2008 гадах. У выездцы заняла 23-е месца — у Афінах, 29-е — у Ганконгу. Нядрэнны вынік для Беларусі, бо за «золата» змагаліся каля 60 спартсменаў... Наконт узросту ўдзельнікаў, наш спорт — адзін з нямногіх, у якім можна выступаць, нават калі табе за 60. У прыватнасці 68-гадовы японец змагаўся за медалі на Алімпіядзе ў Ганконгу. А самаму сталаму беларусу, калі не памыляюся, ужо пад 50. Усё залежыць ад таго, наколькі можаш, як кажуць прафесіяналы, «захоўваць сябе ў спорце», — адказвае на пытанні Аляксандр Ліс, майстар спорту міжнароднага класа.

«Роўнага поля, стойкіх перашкод і душэўных коней!» — традыцыйна такім чынам жадаюць поспехаў наезнікам.

Падчас спаборніцтваў гледачы ўбачылі захапляльнае відовішча. Перыядычна здавалася, што ў коней літаральна «вырасталі крылы». Настолькі спрытна яны пераскоквалі перашкоды. Вышыня апошніх да 110 сантыметраў, а на Алімпійскіх гульнях — да 160. А мянушкі якія цудоўныя ў жывёл: Лірыка, Барбарыс, Плакат, Гільза, Перамога, Хлопчык, Заліў...

Цікава, што каманднае месца вызначаецца з улікам найлепшых вынікаў двух спартсменаў. «Золата» атрымала каманда з Мінска. Перамогу прынеслі Ганна Голдышава, якая выступала на Эйнары, Ксенія Шэпелева — на Бэці. А ў індывідуальным заліку 1-е месца заняла прадстаўніца Магілёўшчыны Ксенія Лапіцкая (паказала клас на Энігме. — Аўт.)...

У наступным годзе тут плануюць правесці міжнародныя спаборніцтвы.

— А наколькі ў маленькім гарадку дзеці цікавяцца конным спортам?

— Ім дзятва займаецца ахвотна. Нават з Оршы прыязджаюць на трэніроўкі. Толькі, на жаль, мала хлопчыкаў. Рост і вага для дзяцей, якія жадаюць стаць прафесійнымі спартсменамі, няважныя. Галоўнае, на мой погляд, каб любілі жывёл. Вучоба бясплатная. Дзеці ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў — нашы выхаванцы першага года навучання. Потым, калі здаюць адпаведны нарматыў, вучацца далей. На сёння ў нас больш за 110 вучняў. Спартыўных коней каля 50, а ўсяго — больш за 70, — кажа Наталля
Сільчанка, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Віцебскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі.

Суразмоўцы падкрэслілі, што вельмі спрыяў развіццю спорту адпаведны ўказ Прэзідэнта, які быў падпісаны некалькі гадоў таму. Згодна з ім, у кожнай вобласці павінны былі стварыць аналагічныя цэнтры. У будучыню трэнеры і выкладчыкі глядзяць з аптымізмам. Рыхтуюць спартсменаў да ўдзелу ў найбліжэйшых чэмпіянатах Еўропы, «з прыцэлам» на Алімпіяду.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Аршанскі раён — Віцебск.

Фота Віктара Нікалаева

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.