Вы тут

«Дарожная карта» для гістарычнага помніка


Як яго захаваць і выкарыстаць пасля аднаўлення?

На чарговым пасяджэнні грамадскага Савета пры пракуроры Гродзенскай вобласці ішла гаворка аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна.

[caption id="attachment_91347" align="alignnone" width="600"]11-20 Ка­лож­ская царк­ва ў ча­кан­ні рэ­стаў­ра­цыі.[/caption]

Адказнасць — не толькі дзяржаўная

— Мы сабраліся не для таго, каб спецыяльна кагосьці пакрытыкаваць, а каб прааналізаваць сітуацыю ў сферы аховы нашых гісторыка-культурных каштоўнасцей, пачуць меркаванні прадстаўнікоў грамадскасці. Бо не толькі дзяржава павінна ўзяць на сябе клопаты пра захаванне помнікаў даўніны. Нядаўна я быў прыемна здзіўлены ўбачаным на Навагрудчыне, дзе за кошт спонсарскіх сродкаў дабрачынным фондам «Любчанскі замак» пад кіраўніцтвам яго заснавальніка Івана Пячынскага з удзелам валанцёраў праводзіцца рэстаўрацыя гістарычнага помніка, — зазначыў пракурор Гродзенскай вобласці Віктар МАРОЗАЎ.

Яшчэ адзін добры прыклад — аднаўленне палаца Агінскіх у аграгарадку Залессе на Смаргоншчыне. Задзейнічалі не толькі дзяржаўныя сродкі, але і міжнароднага трансгранічнага праекта, і цяпер там ідзе музеефікацыя, ладзяцца цікавыя творчыя імпрэзы. У Слоніме літаральна з руін аднавілі будынак былога народнага дома, дзе цяпер працуе трупа драматычнага тэатра. А ў Шчучыне да сёлетняга Дня беларускага пісьменства плануецца завяршыць рэстаўрацыю былога палаца князёў Друцкіх-Любецкіх.

Разам з тым, далёка не ўсе гісторыка-культурныя каштоўнасці «вызначыліся» са сваім далейшым лёсам. А калі і з'яўляецца надзея на іх аднаўленне, то не заўсёды гэта робіцца на належным узроўні. Пракуратура прааналізавала дагаворы куплі-продажу найбольш значных аб'ектаў. І што аказалася?

Старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Святлана ЗАЙЦАВА паведаміла, што ў большасці дагавораў не пазначаны ўмовы далейшага выкарыстання пакупнікамі аб'ектаў, тэрміны аднаўлення і захаванне іх гістарычнага характару. Не прадугледжаны штрафныя санкцыі ў выпадку парушэння дагаворных умоў, неналежнага ўтрымання аб'ектаў. У выніку яны гадамі не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, разбураюцца. Здараецца і так, што аб'екты, прададзеныя без умоў, страчваюць сваю гістарычную каштоўнасць і прывабнасць, бо служаць толькі асабістым інтарэсам новага ўласніка ці перапрадаюцца іншаму. Хаця павінны служыць беларускаму народу.

А вопыт — побач

Паважліваму стаўленню да аб'ектаў даўніны з пункту гледжання юрыдычных патрабаванняў зусім неабавязкова вучыцца за мяжой. Нядаўна, напрыклад, пасля неаднаразовых аўкцыёнаў з паніжэннем цаны нарэшце пашанцавала комплексу былой сядзібы Багудзенкі (дом, які з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства, і парк) у гарадскім пасёлку Поразава Свіслацкага раёна. У дагаворы куплі-продажу прадугледзелі неабходныя ўмовы, стварылі, так бы мовіць, дарожную карту для гэтага аб'екта на перспектыву. Новы ўласнік (ТАА «Сарб'е») ужо распрацаваў і зацвердзіў праект зоны аховы і звярнуўся ў Міністэрства культуры для прызначэння навуковага кіраўніка па работах на гісторыка-культурным аб'екце. Пасля адпаведнага дазволу яго плануецца адрэстаўраваць дзеля турыстычных паслуг.

Пры гэтым, выстаўляючы патрабаванні для новага ўласніка, трэба ведаць меру, каб яго не адпудзіць. Бо галоўнае — захаваць гістарычны аб'ект, нават і без жорсткіх умоў турыстычнага выкарыстання. На жаль, ёсць прыклады, калі аб'ект з «прывязкай» да пэўнага профілю ніяк не прадаваўся і ў рэшце рэшт, па сутнасці, страчваўся.

— У рэгіёнах трэба працаваць з новымі і патэнцыяльнымі ўласнікамі аб'ектаў — сустракацца, тлумачыць заканадаўчыя нормы, абмяркоўваць існуючыя праблемы. Вельмі важна, каб гэтыя людзі адчувалі, што да іх праяўляюць увагу, — лічыць начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар ЧАРНЯЎСКІ.

Каложа: пытанні глабальныя і «дробязныя»

Сімвалічна, што праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны абмяркоўваліся ў царкоўнапрыходскім комплексе непадалёк ад Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы. Яго пабудавалі дзеля таго, каб зменшыць нагрузку на архітэктурную жамчужыну ХІІ стагоддзя.

Настаяцель храма, протаіерэй Аляксандр БАЛОННІКАЎ азнаёміў з высновамі спецыялістаў БНТУ, якія правялі экспертызу тэхнічнага стану канструкцый царквы, падпорнай сцяны, а таксама з рэкамендацыямі нядаўняй міжнароднай канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў навуковых, грамадскіх і царкоўных колаў Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы.

— З боку царквы няма ніякага ціску альбо жадання, мінуючы навуковыя даследаванні, дамагчыся нейкай рэстаўрацыі. Ёсць усведамленне адказнасці за захаванне помніка на тым узроўні, якога патрабуе магчымая намінацыя храма ў спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І вельмі прыемна бачыць сапраўдны клопат і падтрымку з боку нашай дзяржавы, — кажа Аляксандр Балоннікаў.

Пры гэтым ёсць не толькі глабальныя пытанні, якія трэба вырашаць на падставе кваліфікаваных навуковых дыскусій, ацэнкі розных падыходаў да захавання помніка, але і «дробязі». Напрыклад, праблематычна з пад'ездам да храма. Па суботах там бывае 8-10 вялікіх экскурсійных аўтобусаў, ды яшчэ вясельныя картэжы. Аднак рух транспарту ніяк не рэгулюецца і двум аўтобусам у сустрэчным кірунку адначасова не праехаць, узнікаюць непрыемныя сітуацыі. Патрэбна такая дарожная схема, каб гэтага пазбегнуць.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

У тэму

Ігар МАРТЫНЕНКА, загадчык кафедры грамадзянскага права і працэсу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктар юрыдычных навук, аўтар першага ў краінах СНД падручніка «Прававая ахова гісторыка-культурнай спадчыны»:

— З 1 верасня сёлетняга года на юрыдычным факультэце нашага ўніверсітэта ўпершыню ў рэспубліцы будзе чытацца спецкурс «Прававая ахова гісторыка-культурнай спадчыны». Студэнты не толькі даведаюцца аб асаблівасцях адпаведнага заканадаўства Беларусі і міжнародных прававых актаў, але і навучацца падрыхтоўцы працэсуальных дакументаў, напрыклад іскавых заяў у суд па кампенсацыі страт, прычыненых гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым будуць выкарыстоўвацца прыклады з практычнай дзейнасці па ахове такіх аб'ектаў у нашай краіне.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.