Вы тут

На 1000 мужчын — 1047 жанчын


Прыпадае ў Беларусі ва ўзроставай групе ад 31 да 49 гадоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

На пачатак гэтага года ў рэспубліцы пражывалі 5 млн 71,6 тыс. жанчын і 4 млн 409,3 тыс. мужчын. На 1000 мужчын прыпадала 1150 жанчын, у тым ліку ў гарадской мясцовасці — 1167 жанчын, а ў сельскай мясцовасці — 1095 жанчын на 1000 мужчын. Аднак суадносіны мужчын і жанчын значна адрозніваюцца па ўзроставых групах. Так, напрыклад, на пачатак 2015 года ва ўзроставай групе да 14 гадоў на 1000 хлопчыкаў было 944 дзяўчынкі, сярод моладзі 14—30 гадоў на 1000 юнакоў прыпадала 951 дзяўчына. Перавышэнне колькасці жанчын над колькасцю мужчын назіраецца ва ўзроставых групах старэйшых за 35 гадоў. Пры гэтым, калі сярод людзей ад 31 да 49 гадоў на 1000 мужчын прыпадала 1047 жанчын, то ва ўзростах 50—64 гады суадносіны ўжо склалі 1237 жанчын на 1000 мужчын, а ва ўзросце 65 гадоў і старэйшым колькасць жанчын у нашай краіне перавысіла колькасць мужчын больш як у два разы.

Сярэдні ўзрост насельніцтва, пачынаючы з 1990 года, пастаянна павялічваецца. Так, за гэты перыяд жыхар нашай рэспублікі пасталеў на 4,9 года (мужчына — на 4,6 года, жанчына — на 5 гадоў). Цяпер сярэдні ўзрост насельніцтва Беларусі — 40 гадоў (мужчыны — 37,2 года, жанчыны — 42,4 года). Сярэдні ўзрост гараджаніна, пачынаючы з 1990 года, павялічыўся на 6,7 года і склаў 38,7 года. За гэты перыяд вясковец пасталеў на 3 гады і яго ўзрост склаў 44,3 года.

Віцебская вобласць — самы ўзроставы рэгіён (сярэдні ўзрост насельніцтва Віцебшчыны складае 41,4 года). Самым маладым рэгіёнам з'яўляецца Мінск, дзе сярэдні ўзрост насельніцтва складае 38,3 года. Чаканая працягласць жыцця жыхароў рэспублікі за апошнія 15 гадоў павялічылася ў сярэднім на 5,3 года і склала ў 2014 годзе 73,2 года.

Паводле слоў спецыялістаў, агульнасусветная тэндэнцыя ўрбанізацыі характэрна і для сучаснай Беларусі. Тры чвэрці насельніцтва краіны — гараджане. На пачатак гэтага года колькасць гараджан склала 7 млн 325 тыс. чалавек. Найбольшае павелічэнне колькасці жыхароў адзначана ў Мінску (на 16,5 тыс. чалавек). Амаль 70 працэнтаў гарадскога насельніцтва сканцэнтравана ў буйных гарадах з колькасцю насельніцтва 100 тыс. чалавек і больш. Гэта Мінск, усе абласныя цэнтры, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Салігорск, Наваполацк.

Колькасць насельніцтва Беларусі на пачатак 2015 года склала 9 млн 481 тыс. чалавек.

Статыстычны агляд падрыхтаваны да Сусветнага дня народанасельніцтва. Паводле даных Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, 11 ліпеня 1987 года насельніцтва Зямлі склала прыкладна 5 млрд чалавек — гэты дзень быў умоўна названы Днём пяці мільярдаў. У 1989 годзе ААН заснавала міжнароднае свята — Сусветны дзень народанасельніцтва, які штогод адзначаецца 11 ліпеня. Паводле даных ААН, апублікаваных у красавіку гэтага года, за апошнія 25 гадоў колькасць насельніцтва свету павялічылася на 2 млрд чалавек — з 5,3 млрд у 1990 годзе да 7,3 млрд у 2015-м.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.