Вы тут

Судовая альтэрнатыва


Наколькі эфектыўна сёння ў краіне працуюць трацейскія суды і ці не перашкаджае ім адпаведны закон? Па ініцыятыве Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў ды іншых структур гэтыя пытанні абмеркавалі падчас «круглага стала». У ім узялі ўдзел юрысты-практыкі, старшыні трацейскіх судоў і трацейскія суддзі, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, Вярхоўнага Суда, пракуратуры, Адміністрацыі Прэзідэнта, вучоныя і, вядома, сенатары ды дэпутаты.

Закон «Аб трацейскіх судах» уступіў у сілу ў 2012 годзе. Наша краіна прыняла яго адной з апошніх на постсавецкай прасторы. «Мы вырашылі паглядзець, як закон дзейнічае на практыцы, ці ёсць у ім хібы і недахопы. Мы бачым, што сёння не так шмат зарэгістравана трацейскіх судоў і суддзяў», — гаворыць Лілія Мароз, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. На яе думку, важна праверыць, ці няма перашкод «на заканадаўчым узроўні» ў стварэнні структур падобнага кшталту, і калі ёсць, то ўстараніць іх.

Лілія Францаўна падкрэслівае, што станоўчыя бакі трацейскіх судоў перавышаюць адмоўныя. «Кожны грамадзянін ці суб'ект гаспадарання можа выбраць сабе трацейскага суддзю, бо гэта не правасуддзе, а інстытут грамадзянскай супольнасці, — расказвае яна. — Прытым спрэчкі могуць быць у эканамічнай, страхавой сферы, банкаўскай сістэме. А таксама па сямейным, жыллёвым і працоўным праве». Трацейскі суддзя вырашае праблему на падставе дзейнага заканадаўства. Часцей за ўсё такую пасаду займаюць суддзі ў адстаўцы са шматгадовым вопытам ці адвакаты і натарыусы.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, з аднаго боку ёсць вялікі плюс у тым, што не трэба звяртацца ў дзяржаўны суд, калі яму, напрыклад, не давяраеш. З другога — захоўваецца абсалютная канфідэнцыяльнасць справы, бо яе разгляд адбываецца закрыта. А таксама гэта досыць хутка (да 3 месяцаў на разгляд) і эканамічна выгадна. «Як правіла, дзяржаўная пошліна часта каштуе больш, чым узнагарода, якая выплачваецца трацейскаму суддзю», — падкрэслівае сенатар. Прытым вынесенае рашэнне абавязковае да выканання.

Тым не менш, трацейскія суды пакуль не карыстаюцца належным попытам. «Думаю, што самая вялікая праблема заключаецца ў тым, што яшчэ не ўсе ведаюць пра закон і яго практыку прымянення. Усе прывыклі, што ёсць дзяржаўныя суды, і да трацейскіх пакуль няма дастатковага даверу. Таму трэба расказваць людзям пра альтэрнатыўныя магчымасці», — кажа Віктар Камянкоў, старшыня Міжнароднага арбітражнага (трацейскага) суда «Палата арбітраў пры Саюзе юрыстаў», старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў». Для параўнання ён расказвае, што на Захадзе, у тым ліку ў Злучаных Штатах Амерыкі, трацейскія суды моцна разгружаюць дзяржаўныя. Сапраўды, у ЗША 60% камерцыйных спрэчак вырашаюцца ў першай з дзвюх сістэм.

— Мы сабраліся за круглым сталом, каб высветліць, якія праблемы выклікае закон у правакарыстальнікаў, — патлумачыў Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. — Тым больш што Савет Рэспублікі выступіў з ініцыятывай аб распрацоўцы суадносных змен і дапаўненняў у закон «Аб трацейскіх судах», якія плануецца разгледзець у якасці законапраекта ў наступным годзе.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.