Вы тут

Тры сястры, тры мастачкі...


Пасляслоўе да адной выставы.

Сёння становіцца модным мець вялікую сям'ю. Маладыя не баяцца нараджаць і двое, і трое дзяцей. І галоўны аргумент тых, хто глядзіць на іх з перасцярогай — вельмі цяжка выхаваць у шматдзетнай сям'і ўсіх раўназначнымі, яркімі асобамі. Вядомыя беларускія жывапісцы, мастакі па касцюмах, якія стаялі ля вытокаў сённяшняга непаўторнага вобразу «Харошак», Юрый Піскун і Алена Юр'ева-Піскун не пабаяліся нарадзіць трох дачок у нялёгкія гады перабудовы. І вось цяпер, калі кожная з іх стала непаўторнай творчай асобай і яны разам зладзілі ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» сумесную выстаўку «Тры сястры», калі ў Алены і Юрыя ўжо ёсць унукі, можна гаварыць пра тое, што вялікая сям'я дае ўнікальную магчымасць рэалізавацца як асобе кожнаму. Вядома, пры ўмове вялікай любові і ўвагі з боку бацькоў.

Вольга Бычко. Скарб

Мяне чамусьці больш за ўсё кранула карціна Вольгі Бычко (у дзявоцтве Піскун) «Скарб». Дзяўчынка ў задуменні сцішылася на старым бабуліным, а можа, нават прабабуліным куфры... Гэты роздум пра свой род, пра традыцыю, якая дае і натхненне, і моц, выявіўся ў творах Вольгі, яшчэ калі яна вучылася ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка (гэтую навучальную ўстанову, дзе вучацца таленавітыя дзеці з усёй нашай рэспублікі, скончылі тры сястры). І ў дыпломнай працы юная Вольга ўвасобіла «Бацьку», які пляце кашы, «Маці», якая прадзе, і сястру, якая робіць папяровых птушачак... Пасля была вельмі плённая вучоба на кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І ў творах Вольгі ўсё выразней выяўляліся казачныя, міфалагічныя матывы.... На выставе яе жывапісныя палотны, жывыя, імпрэсіяністычныя, вылучаліся гэтым жа казачным святлом. Выдатна адчуваючы стыхію жывапісу, яна ўвасабляе няўлоўнае — то «Спеў даўніны», то «Пах абляпіхі» , то «Шум мора», то «Скрыпень» (партрэт трох сясцёр)... Яна дасюль мае шчасце глядзець на свет вачыма дзяцей, партрэты якіх з такою асалодаю піша. Матылёк на далоньцы — «Крылы вясны», а «Жар-птушка» можа даць табе сваё пёрка... Рыбы, птушкі, казачныя героі і рэальныя людзі дзіўным чынам суіснуюць у жывапісе Вольгі Бычко і пераконваюць у тым, што мастацтва дае кожнаму з нас цудоўную магчымасць пераступіць мяжу паміж рэальнасцю і міфам, казкай, мяжу, якую ніхто з нас папросту не заўважаў у дзяцінстве...

11-13

Сафія Піскун. Адлюстраванні

Пасля таго, як Сафія Піскун бліскуча скончыла аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, яна стажыравалася ў Германіі, шмат падарожнічала. І з поўнай адказнасцю сцвярджаю, што менавіта глыбокае адчуванне роднай беларускай культуры дало ёй магчымасць так востра, па-майстэрску перадаць свае ўражанні ад розных гарадоў. Яна працуе ў розных графічных тэхніках, але найбольшае захапленне выклікаюць яе афорты. «Горад-парк», «Горад-клетка», «Адбіткі Вільні», «Адлюстраванне»... А вы заўважалі, што кожны з гарадоў мае не толькі свой вобраз, але і сваю структуру? Займаецца Сафія і жывапісам. Сапраўды, як было перадаць хараство аднаго з самых загадкавых італьянскіх гарадоў без жывапіснай разняволенасці і шматфарбнага ззяння (карціна «Чаша Венецыі»)! Кожная з работ Сафіі Піскун — алегорыя. Як філасофскія, біблейскія алегорыі-прыпавесці ўспрымаюцца яе «Евангелісты».

Свет маленства, які таксама адлюстроўваецца ў творах Сафіі Піскун, таемны і нават трывожны. Дастаткова згадаць «Карабель-зніч», «Гензэль і Грэтэль», нізку «Прыгоды Кастуся»...

Выстаўка не магла змясціць усе творы маладых мастачак. І іх прэзентавалі ў мультымедыйным варыянце — на экране.

11-14

Валянціна Піскун. У краіне цудаў

Нізка «Аліса ў краіне цудаў» толькі пацвердзіла, што Валянціна, сама ўжо мама, не назірае за светам маленства, а дасюль натуральна ў ім існуе. Яркія, вострыя, казачныя кампазіцыі, дзе, здаецца, прамаўляе нават швейная машынка і ажывае нацюрморт («Бык»), часам нагадваюць захапляльную гульню («Імбрык»)... Валянціна скончыла аддзяленне мастацкіх тканін і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, стварыла нямала касцюмаў для ансамбля «Харошкі», для многіх рэспубліканскіх святаў, і пры гэтым яна займаецца жывапісам, мадэлюе сучаснае адзенне. Яе дыпломная калекцыя ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у свой час уразіла ўсіх востра сучасным падыходам да маладзёжнага адзення. Але ўсе ведалі, што Валянціна ўжо тады была адзначана на адным з прэстыжных конкурсаў за калекцыю, створаную на аснове народных строяў. Калі я бачу работы Валянціны, разумею, што далёка не кожны дарослы чалавек можа ісці на такія рызыкоўныя эксперыменты. Так смела эксперыментаваць здольныя толькі дзеці і яшчэ, напэўна, тыя, хто ўсё жыццё адчувае любоў і падтрымку блізкіх людзей. А Валянціну ад самага нараджэння ўжо любілі не толькі бацькі, а яшчэ і дзве старэйшыя сястры.

11-11

Сярод твораў Юрыя Піскуна і Алены Юр'евай-Піскун асаблівае месца займаюць партрэты дачок — то ў звыклым сучасным асяроддзі, то ў старажытных уборах, партрэты, якія не раз экспанаваліся на рэспубліканскіх і замежных выстаўках і сталі класікай беларускага мастацтва. Сёння іх дочкі таксама шмат пішуць дзяцей. Псіхолагі сказалі б: значыць, у саміх іх маленства было вельмі шчаслівае. І дарэчы тут згадаць фразу: «Ён так і не стаў дарослым. Ён стаў мастаком». Гэта значыць тым, хто здольны дапамагчы кожнаму з нас вярнуцца ў загадкавы, вабны свет маленства. Дзе пануюць гармонія і шчасце.

Галіна БАГДАНАВА

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.