Вы тут

Класічны ліпень у сталічнай Ратушы


У гэтым месяцы мінчан і гасцей сталіцы чакае вялікае падарожжа па музычнай класіцы: пачынаючы з 11 ліпеня ў цэнтры Мінска, на плошчы Свабоды, па суботах будуць праходзіць канцэрты жывой музыкі пад адкрытым небам.

Выводзячы класіку на плошчу Свабоды, арганізатары канцэртаў — кампанія Vеlсоm і фонд «Ідэя» — выказваюць намер замацаваць за Мінскам статус адной з культурных сталіц Еўропы і нагадаць слухачам пра багатую музычную спадчыну нашай краіны. Яны ўпэўнены, што класічная музыка пад адкрытым небам будзе добра ўспрымацца жыхарамі горада. «Класіка — яна розная і можа быць цікава розным людзям», — заявіў кіраўнік музычнага дома «Класіка» Аляксандр Чахоўскі.

Арганізатары абяцаюць, што прымаць удзел у канцэртах будуць найлепшыя музыканты і вакалісты краіны. Улічваючы фармат канцэртаў ореn аіr, класічныя творы не будуць выконвацца цалкам: прагучаць толькі самыя папулярныя мелодыі і тэмы.

Першая субота — 11 ліпеня — аўстрыйская. Прагучаць самыя вядомыя творы Моцарта ў выкананні брас-квінтэта «Няміга» і аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Івана Касцяхіна.

Другая субота — 18 ліпеня — падорыць слухачам мелодыі танга, якое эксперты таксама ўжо лічаць музычнай класікай. Усе ахвотныя змогуць патанцаваць. Акрамя таго, беларускія піяністы выканаюць творы Шапэна, Рахманінава, Ліста і Брамса.

Трэцяя субота — 25 ліпеня — пройдзе пад знакам музыкі барока. У праграме — «Поры года» Вівальдзі, «Музыка на вадзе» Гендэля і «Жарт» Баха. Разам з аркестрам выступіць і салістка Вялікага тэатра Таццяна Гаўрылава.

Завяршальны вечар — 1 жніўня — будзе прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Арганізатары абяцаюць інтэрактыўную праграму, касцюміраваны баль і іншыя сюрпрызы.

Пачатак усіх канцэртаў у 20 гадзін. Яны абсалютна бясплатныя і будуць даступны і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якіх арганізатары абяцаюць размясціць ля сцэны. Таксама прадугледжана паркоўка для веласіпедаў.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.