Вы тут

Выпрабаванне спёкай


Дачакаліся! Колькі наракалі на лета, што цяпла не было, а тут, як той казаў, бярыце, колькі зможаце. У паўднёвым рэгіёне краіны на пачатку мінулага тыдня было 35, а то і 36 вышэй за нуль. Станцыя ў Пінску зафіксавала на глебе тэмпературу ў плюс 66! На сонцы на маёй дачы разагрэты градуснік паказваў ні мала ні многа — плюс 43. Кожны паважаны партал размясціў парады, як ратавацца ў спёку. Толькі людзі пры гэтым, як заўсёды, паводзілі сябе па-рознаму.

Ну, напрыклад, мой сусед па дачы зрабіў нарэшце летні душ і вельмі гэтым ганарыўся. Хвалілася клапатлівасцю мужа і суседка. Але ж для мяне гэта лецішча, для іх — месца пастаяннага жыхарства. І па-мойму, устанавіць такую простую рэч у доме без выгод можна было і раней. Ды, зразумела, лепей позна, чым ніколі. Суседзі ж па гарадской кватэры ў самую спёку дзяўблі сцяну. Аказалася, для таго, каб паставіць вялікі кандыцыянер. Цяпер у іх вокны заўсёды зачыненыя, а паветра ахалоджваецца з дапамогай прыбора.

Але не ўсе могуць дазволіць сабе магутныя кандыцыянеры ды іншыя цуды сучаснай тэхнікі. Ну вось, напрыклад, як гэтая жанчына, што на рагу вуліцы прадавала чарніцы. Заўсёды тут купляю ягады па дарозе з працы. Пакуль па звычцы разглядвала, што сёння прадаюць, пачула невясёлы аповед зборшчыцы чарніц. Апошняя гаварыла суседцы, якая стаяла з морквай і вішнямі, што ў лесе вельмі горача і душна, доўга давялося чакаць цягніка, і цяпер спіны не чуе. Але ж трэба было ехаць у ягады, бо ў хаце няма грошай. І засталося здагадвацца, якія цяжкасці напаткалі гэтую жанчыну. Яшчэ яна скардзілася таварышцы, што цэны цяпер на чарніцы невысокія, нават нягледзячы на спёку і на тое, што ягады дзе-нідзе засыхаюць.

Я купіла ў яе літровы слоік ягад, яны былі цёплыя, нібы падагрэтыя. А калі доўга па яе просьбе шукала і лічыла дробныя грошы, падышоў мужчына ў квяцістых шортах, пацікавіўся коштам. Потым стаў гучна абурацца, што яны, гандляры, скуру дзяруць з пакупніка. Было відавочна: дзядзька проста шукае прычыну, каб прычапіцца хоць да чаго. Ёсць такі тып людзей, іх хлебам не кармі, а дай пасварыцца. Але, дзякуй Богу, гандляры не той кантынгент, які проста дасць сябе пакрыўдзіць. І хоць жанчына з чарніцамі яўна разгубілася, на дапамогу прыйшла дзябёлая маладзіца, якая прынесла маладую бульбу: «Ты б пасля перапою шорты папрасаваў ці штаны надзеў, перш чым на вуліцу сунуцца!» — выгукнула яна. Нядаўні «аратар» глянуў крадком на сваю адзежыну пад дружны рогат навакольных ды пайшоў далей. Хоць ён не быў падобны на п'яніцу, і шорты выглядалі акуратна, але рашучы адпор яўна пайшоў на карысць аматару сварак.

А вось у паліклініку гэтымі днямі маладзён прыйшоў у зусім кароткіх, пляжнага кшталту, шортах і амаль хатніх шлёпанцах. Інтэлігентнага выгляду пенсіянерка спрабавала патлумачыць наведвальніку, што ў падобныя месцы варта прыходзіць у іншай адзежы. Але гэта было, відаць, вышэй за яго разуменне. Тады яна пастаралася выразіць сваю думку прасцей: «Вы, малады чалавек, выглядаеце так, нібы толькі ўсталі з ложка, захацелі па малой патрэбе, а прыбіральні не знайшлі і топчацеся тут на вачах ва ўсіх». Наўрад ці павысіла гэта тырада культурны ўзровень пацыента, але суседзяў па чарзе рассмяшыла.

Пра культурны ўзровень прыйшлося ўзгадаць зноў, калі ў ноч на панядзелак, самы спякотны дзень, вандалы разбурылі ў абласным цэнтры надпіс «Брэст — культурная сталіца». Канструкцыю зрабілі майстры ЖКГ з фанеры і размясцілі яе на месцы былой клумбы ў раёне Кобрынскага моста. Чырвоныя літары на блакітна-карычневым фоне выглядалі прыгожа. Некаму ж перашкодзілі. «Перагрэліся», — пракаментавала мая калега. Канструкцыю праз два дні ўзнавілі. І спёка пачала спадаць. Можа, больш не палезуць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.