Вы тут

Хусткі са стразамі ды гітары... з цыгарных каробак. У фестывальным «Горадзе майстроў» карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з унікальнымі рамеснікамі


Валёнкі адных носіць галоўны Дзед Мароз Расіі, другія робяць хусткі са стразамі Swarovskі. А яшчэ адзін чалавек з залатымі рукамі здзіўляе эксклюзіўнымі самаробнымі музычнымі інструментамі...

[caption id="attachment_91573" align="alignnone" width="600"]Май­стар з Лі­ды ро­біць гі­та­ры. Май­стар з Лі­ды ро­біць гі­та­ры.[/caption]

Спачатку прыцягнуў увагу высокі і шырокі ў плячах хлопец у касцюме казака.

— Я каваль з горада Міргарад Палтаўскай вобласці. Усім ахвотным выбіваю на манетах надпісы, раблю бірулькі з розных металаў. Кошт ад 30 да 50 тысяч рублёў, — распавядае Аляксандр. Цікава, што надпісы можна выбраць на ўкраінскай і беларускай мовах. На апошняй, дарэчы, без памылак! Тэксты са словамі пажадання дабрабыту, здароўя і мудрасці, кахання і вернасці назаўсёды... Вельмі ахвотна заказваюць «медалі»: тату, маме, найлепшай жонцы, любімаму сыну. Малады мужчына бясплатна дазваляе пабіць у літаўры — традыцыйны інструмент казакоў. Такі ж часта паказваюць у кіно, напрыклад «Агнём і мячом». Украінца здзівіла, што ў інтэрнаце, дзе ён жыве падчас «Славянскага базару», толькі адна дзяўчына размаўляла па-беларуску. А беларуская мова, як ён заўважыў, падобная на ўкраінскую, прыгожая, пявучая...

Валагодскія валёнкі прывезлі ў Віцебск муж і жонка.

— Летась упершыню былі ў фестывальным Віцебску. Людзі ўжо ведаюць нас і падыходзяць па пакупкі. Насамрэч тавар добры. Напрыклад, дзецям лепш валёнкі купіць, чым зімовы скураны абутак. Урачы іх рэкамендуюць і для людзей сталага ўзросту, асабліва з хворымі нагамі. Валёнкі ж літаральна прымаюць форму нагі. Мужчыны ва ўзросце за 40 і больш купляюць у нас чуні. І моладзь цікавіцца... А чаму здзіўляецеся? У модзе валёнкі: экалагічна чысты і карысны для здароўя абутак. Наконт цэн: дзіцячыя ад 250 тысяч рублёў, а дарослыя 400 тысяч і больш. А вось валёнкі, якія ўпрыгожваюць вышытыя снегіры, прадаём за 850 тысяч рублёў. 7 гадоў гарантыі на тавар — гэта мінімум, — распавядае Вольга Сайкіна. Майстрыха сказала, што гэтым рамяством займаліся яе продкі. І сціпла канстатавала, што самы знакаміты расійскі Дзед Мароз з рэзідэнцыі ў Вялікім Усцюгу — яе пастаянны VІP-кліент.

[caption id="attachment_91574" align="alignnone" width="600"]Яна абу­вае га­лоў­на­га ра­сій­ска­га Дзе­да Ма­ро­за. Яна абу­вае га­лоў­на­га ра­сій­ска­га Дзе­да Ма­ро­за.[/caption]

Cямейная пара з Растова-на-Доне на «Славянскім базары» прадае эксклюзіўныя казачыя хусткі.

— На фэсце мы ўпершыню. Ідэя вырабляць хусткі з'явілася выпадкова. Калі мы збіраліся вянчацца, вядома ж, трэба было нешта купіць, каб пакрыць нявесце галаву. Але нічога не спадабалася. І давялося самастойна вырашаць праблему... Больш за 60 відаў хустак розных прывезлі. Ёсць і са стразамі Swarovskі. Цэны стараемся трымаць на ўзроўні аптовых: ад 150 тысяч рублёў да 1,8 мільёна рублёў. Для параўнання: калі на нашым сайце эксклюзіўную хустку заказаць, будзе каштаваць у эквіваленце 3 мільёны рублёў. Наша мэта ў Віцебску — хаця б акупіць паездку, галоўнае — рэкламаваць тавар на будучыню, — прызналіся расіяне.

А мінчанін Дзяніс другі раз на фестывалі. Прадае шкатулкі.

— Я інжынер-механік, шкатулкі вырабляю ў вольны час. Сам навучыўся. Адзін прадзядуля быў бондарам, а другі — кавалём, можа, таму мне захацелася таксама нешта майстраваць. Шкатулкі з масіву дрэва розных парод: дуб, клён, алешына. Сушка займае шмат часу, таму прыкладна тыдзень неабходна, каб зрабіць сувенір. Каштуюць 300-800 тысяч рублёў, — тлумачыць майстра.

[caption id="attachment_91575" align="alignnone" width="600"]Ка­валь з Укра­і­ны. Ка­валь з Укра­і­ны.[/caption]

Умелец з Ліды, які робіць музычныя інструменты, перыядычна граў на незвычайнай гітары і інструменце, падобным да «лятаючай талеркі».

— Не толькі раблю інструменты, але і граю ў аматарскім гурце, вучу дзятву граць на гітары ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Цыгарныя скрынкі, можна сказаць, «карані блюзу». У бедных чарнаскурых музыкантаў не было грошай, каб купіць гітару. «Палку» дабавілі і тры струны нацягнулі, вось вам і добры інструмент. Былі цэлыя ансамблі, якія гралі і на самаробных скрыпках, віяланчэлях... Пры вырабе такіх інструментаў выкарыстоўвалі літаральна тое, што на звалках ляжала, — тлумачыць суразмоўца. Прызнаўся, што заказаў на выраб атрымаў ужо дастаткова.

Напісаць пра ўкраінак, якія прадаюць вышыванае адзенне, параіў мінак. Маўляў, там чарга, і вам, напэўна, будзе цікава з імі пазнаёміцца.

— Мы са Львова. Прыехалі жаночай камандай на «Жыгулях» чацвёртай мадэлі. 27 гадзін у дарозе — і мы ў Віцебску. Памежнікі здзівіліся, што без мужчын не баімся так далёка ездзіць. Дык і што? Мы і ў Германіі на кірмашы былі, і не толькі там. Сукенкі і кашулі прадаём. Строі з розных тканін: бавоўны, шоўку, даматканага валакна, арабскага лёну. У Еўрапейскім саюзе цяпер украінскія арнаменты вельмі папулярны. І абадкі, абручы на галаву самаробныя прывезлі, — па чарзе распавядаюць украінкі. Цэны ў дзяўчат вельмі прывабныя. Іх прыемна ўразіла наша краіна: чысцінёй, парадкам. Яны вельмі задаволены тым, што адкрылі для сябе Беларусь.

Па традыцыі і пасля афіцыйнага закрыцця фестывалю «Горад майстроў» яшчэ працуе. І, дарэчы, цэны на многія цудоўныя тавары змяншаюцца...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Віктара Нікалаева.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.