Вы тут

Як перажыць страту?


Кожны з нас рана ці позна сутыкаецца са стратай. Аддаляюцца ад нас дарослыя дзеці; здараецца развод і дом пакідае той, да каго мы прывыклі; гіне любімы хатні гадаванец; сыходзіць з жыцця нехта з блізкіх... Любая з гэтых падзей можа справакаваць у нашай душы адно з самых моцных непрыемных перажыванняў — пачуццё гора. Здаецца няправільным, што смерць сабакі можна паставіць побач са стратай блізкага сваяка, аднак даўно даказана, што працэс гаравання мае свае законы, аднолькавыя для любых страт.

14-2

— Так, размова ідзе пра вельмі непрыемнае перажыванне, аднак працэс гэта абсалютна натуральны, ён дапамагае чалавеку аднавіцца, запоўніць тую пустэчу, якая ўтварылася, — расказвае ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Святлана ШАСЦІТКА. — Гэта важны і неабходны працэс вяртання ў жыццё, у якім больш няма тых, каго мы страцілі. І тут не варта саромецца сваіх пачуццяў, імкнуцца як мага хутчэй забыць — трэба дазволіць аднаўленчаму працэсу выканаць сваю работу.

Розныя людзі падобна апісваюць сваё гора. Ёсць тут і перажыванне моцных пакут (напружанне і псіхалагічны боль), і фізічныя сімптомы (спазм у горле, пачашчанае дыханне, пачуццё пустэчы ў вобласці жывата, адсутнасць апетыту, страта сіл). Такі стан узнікае часцей, калі нам спачуваюць або нагадваюць аб страчаным. Гора з'яўляецца непрыемным, цяжкім перажываннем, таму абсалютна натуральна хочацца пазбавіцца яго праяў. Так што чалавек можа адмаўляцца ад любых сустрэч, пазбягаць любых нагадванняў аб страце, прасіць, каб наогул яго пакінулі ў спакоі. Некаторыя могуць нават праяўляць варожасць, груба абрываючы пытанні. Некаму можа здавацца, што ён з'язджае з глузду: чуе голас памерлага, адчувае яго прысутнасць у кватэры. Многіх ахоплівае пачуццё віны — з'яўляецца жаданне адшукаць у мінулым доказы таго, што ты чагосьці не зрабіў для таго, каго страціў, узнікаюць абвінавачванні ў няўважлівасці, перабольшваецца значэнне самых дробных памылак. Нараджаюцца раздражненне і злосць да астатніх блізкіх.

Першае, што трэба зрабіць у перажыванні гора — змірыцца з неабходнасцю перажывання гэтага пачуцця, бо толькі тады можна паступова змірыцца і з болем страты.

Як працуе наша гора? Аказваецца, у тры этапы.

Першы. Спачатку ўзнікае стан шоку, факт страты адмаўляецца, мы не гатовыя паверыць у рэальнасць таго, што адбываецца, знаходзімся ў здранцвенні. Адмаўленне страты — гэта спроба "вярнуць" сваю страту, працягваць жыць так, нібы нічога не змянілася. Знікае апетыт, парушаецца сон, адчуваецца слабасць, запаволенасць рэакцый, знікае сексуальнае жаданне. Навакольным мы можам здавацца спакойнымі і ўраўнаважанымі, не праяўляць моцных эмоцый, выглядаць нават абыякавымі. Аднак усярэдзіне будзе адбывацца магутны эмацыянальны працэс. Шок як ахоўная рэакцыя дапамагае стрымліваць гэтыя перажыванні, але яны могуць і вырывацца ў выглядзе імпульсіўных учынкаў (гэта можа быць, напрыклад, прычыненне сабе шкоды).

Што рабіць нашым блізкім? Неабавязкова размаўляць з тым, хто перажывае страту. Значна больш эфектыўна часцей дакранацца, каб выклікаць нейкую эмацыянальную рэакцыю, якая выцягне з шоку.

Другі. Мы паступова вяртаемся да рэальнасці, усведамляем незваротнасць страты. У памяці фарміруецца вобраз памерлага, наладжваюцца новыя сувязі і стасункі з мінулым. У нас могуць узмацніцца пэўныя фізічныя сімптомы — так, некаторыя людзі пачынаюць паўтараць рухі, міміку памерлага. Мы можам стаць раздражнёнымі, нецярплівымі, прыгнечанымі. На фоне зніжэння імунітэту могуць узнікаць праблемы з саматычным здароўем. Цяжка становіцца пераносіць падзеі, звязаныя з тым, каго больш няма побач (святы, дні народзінаў).

Што рабіць нашым блізкім? З разуменнем і цярплівасцю ставіцца да рэзкіх перападаў настрою, дараваць агрэсіўныя выпады і на нейкі час даваць чалавеку пабыць сам-насам з сабой. Не суцішаць падчас плачу, а дазваляць "выліцца" эмоцыям, выгаварыцца, нават калі будзе паўтарацца адно і тое ж. Не дазваляць перагружацца паўсядзённым клопатам. Пры парушэнні сну рэкамендаваць візіт да ўрача, які прызначыць неабходны заспакаяльны або снатворны прэпарат.

Трэці. Паступова пачынаецца працэс аднаўлення. Прымаецца факт страты. Чым больш негатыўных эмоцый перапрацоўваецца, тым больш фарміруецца светлых успамінаў аб тым, хто сышоў. Аднаўляюцца пакрысе сон і апетыт, можна вярнуцца да працы. Усё яшчэ нельга выключаць магчымасці вяртання смутку, асабліва ў нейкія дні, звязаныя з пэўнымі падзеямі. Стадыя аднаўлення самая працяглая і сімвалічна заканчваецца ўгодкамі страты. Можна сказаць, што прыкладна праз год вяртаецца сэнс жыцця, успаміны не суправаджаюцца пакутнымі перажываннямі, застаецца толькі пачуццё смутку.

Што рабіць нашым блізкім? Падтрымліваць таго, хто гаруе, у ягоных планах на будучыню.

Бывае так, што не атрымліваецца "своечасова" перажыць сваё гора. Можа быць, давялося ў гэты час вырашаць важныя праблемы або неабходна было падтрымаць іншых. Перажыванні адкладваюцца, і такая адтэрміноўка можа цягнуцца гадамі, і толькі з нейкай новай стратай удаецца пачаць перажываць і за тых, каго давялося страціць раней.

З цяжкімі перажываннямі не заўсёды можна справіцца самастойна. Ёсць рызыка затрымацца на этапе вострага гора. Сімптомы тады становяцца больш выяўленымі і працягла захоўваюцца. Пры моцным псіхічным і фізічным знясіленні можа развіцца цяжкая дэпрэсія, псіхасаматычныя захворванні (гастрыт, каліт, астма, рэўматоідны артрыт і г.д.), магчыма нават з'яўленне сімптомаў, ад якіх пакутаваў у апошні час аб'ект страты. У такіх выпадках вельмі важна своечасова звярнуцца да псіхатэрапеўта або псіхолага, які ацэніць ступень парушэнняў і дапаможа пераадолець крызісны стан.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.