Вы тут

Гладыятары былі... вегетарыянцамі?!


Або Міфы аб крывавым старажытным відовішчы.

Старажытныя рымляне праславіліся дзякуючы шматлікім рэчам: інжынерным цудам, будаўніцтву дарожных сетак, а таксама ўсталяванню рымскага права на тэрыторыі імперыі. А яшчэ яны валодалі ваяўнічым норавам, які дазволіў ім стварыць вялікую Рымскую імперыю. Прага насілля панавала не толькі ў палітыцы Рымскай імперыі, але і ў самым яе знакамітым відовішчы — гладыятарскіх баях. Аднак сучаснае ўяўленне аб гладыятарах сфарміравана фільмамі, галівудскімі і не толькі, для якіх характэрна вялікая доля кінематаграфічнай фантазіі. Прыйшоў час развеяць памылкі, што нарадзіліся ад прагляду гістарычных кінастужак.

14-30

Нявольнікі, але не толькі

Спытай любога, хто такія гладыятары, і, верагодна, пачуеш, што гэта нявольнікі, якія змагаліся паміж сабой на арэне для пацехі рымлян, што прагнулі крывавых відовішчаў. Між тым, першапачаткова згадкі гладыятарскіх баёў звязаны з пахавальным звычаем шляхетных этрускіх правадыроў. У этрускім грамадстве яны былі задуманы як частка пахавальных рытуалаў шанавання памерлых. Такім чынам, першапачаткова гладыятарскія баі мелі сакральнае значэнне. З цягам стагоддзяў, аднак, падобныя «пахавальныя гульні» ператвараліся ў разнавіднасць забавы, а самыя першыя рымскія гладыятарскія баі, па некаторых звестках, адбыліся ў 264 годзе да нашай эры.

Былі выпадкі, калі свабодныя мужчыны па сваім жаданні станавіліся гладыятарамі (аўктараты). Нягледзячы на цяжкае і рызыкоўнае жыццё, яны былі «суперзоркамі» свайго часу. Такія перавагі бітваў на арэне, як вядомасць, слава і багацце, лічыліся важкай прычынай, каб некаторыя людзі ішлі ў гладыятары добраахвотна. Акрамя таго, дакладна вядома, што ўдзел у гладыятарскіх паядынках асабіста прымалі некаторыя рымскія імператары, самым вядомым з іх стаў імператар Комад, які быў правобразам аднайменнага кіраўніка са знакамітай драмы Рыдлі Скота «Гладыятар». Аднак да падобных выхадак імператараў некаторыя ставіліся з пагардай, бо ўдзельнікі гладыятарскіх гульняў павінны былі належаць да найніжэйшых сацыяльных класаў.

Міф пра палец

Адна з галоўных памылак ва ўяўленні пра гладыятараў звязана з жэстам рымскага імператара, які вырашаў зыход бітвы. Лічыцца, што вялікім пальцам уверх кіраўнік дарыў пераможанаму байцу жыццё, тады як палец, накіраваны ўніз, — азначаў смерць. Гэты міф трывала ўвайшоў у свядомасць людзей з лёгкай рукі французскага мастака Жана-Леона Жэрома, які напісаў больш за 140 гадоў таму карціну «Pollіce Verso». У рэальнасці гэты звычай рэгуляваўся зусім іншым жэстам. Шэраг гісторыкаў сцвярджае, што адкрытая плоская далонь казала аб літасці, закрытая — пра забойства. Зрэшты, ёсць і іншае меркаванне, згодна з якім кулак азначаў меч, схаваны ў ножны, гэта значыць літасць. Вядома, з кінематаграфічных пазіцый больш эфектна глядзіцца жэстыкуляцыя пальцам, чым далонню. Аднак з арэны прасцей разглядзець менавіта далонь імператара — адкрытая яна ці не.

Улюбёнцы публікі

Гладыятараў старанна падбіралі ў пары з улікам сямі наяўных катэгорый, прымаючы пад увагу здольнасць да нападзення ці да абароны. Дарэчы, слова gladіatоr на лацінскай мове азначае «фехтавальшчык». Усё гэта зніжала верагоднасць лёгкай і жорсткай перамогі. Нягледзячы на нявольніцкае становішча, наяўныя правілы (перш за ўсё няпісаныя) шкадавалі гладыятараў, таму біліся яны не часцей двух-трох раз на год. Гладыятары ўяўлялі для сваіх уладальнікаў асаблівую каштоўнасць. Чым больш перамог атрымліваў гладыятар, тым больш каштоўным ён з'яўляўся для свайго ўладальніка. Прычым звычаі гладыятарскіх школ прадугледжвалі дараванне свабоды, праўда, праз не менш за пяць-шэсць паспяховых баёў на арэне. Паводле слоў старажытнарымскага пісьменніка Гая Светонія Транквіла, сам імператар Нерон узнагародзіў гладыятара Спікула землямі і маёнткамі — падарунак, на тыя часы годны для генерала, які вярнуўся трыумфатарам з поля бітвы.

[caption id="attachment_91521" align="alignnone" width="600"]Сутычка двух венатараў (гладыятары, якія ўдзельнічалі ў паказальным паляванні на жывёл дзеля забавы публікі) з тыграм. Падлогавая мазаіка  ў Вялікім палацы Канстанцінопаля (Стамбул), V стагоддзе. Сутычка двух венатараў (гладыятары, якія ўдзельнічалі ў паказальным паляванні на жывёл дзеля забавы публікі) з тыграм. Падлогавая мазаіка
ў Вялікім палацы Канстанцінопаля (Стамбул), V стагоддзе.[/caption]

Аб шырокай папулярнасці гладыятараў-пераможцаў можна судзіць па малюнках і надпісах, якія захаваліся да нашых дзён, на сценах у Рыме і іншых гарадах, дзе таксама праводзіліся падобныя мерапрыемствы. На некаторых малюнках, напрыклад, адлюстравана колькасць перамог, што атрымліваў кожны гладыятар: Петроній Актавіус — 35, Поўнач — 55 і г. д. А іншыя надпісы даказваюць, што гладыятары карысталіся вялікай папулярнасцю сярод жанчын, не выключана, што і шляхетных, тут кіно не хлусіць.

Не толькі мужчыны

Жанчыны таксама былі гладыятарамі і называліся gladіatrіces — гладыятаршамі ў адзіночным ліку. Маюцца дакументы, у якіх распавядаецца пра паядынкі жанчын падчас кіравання Нерона (37 — 68 гг. н.э.). Зрэшты, гісторыкі ўпэўнены, што баі паміж прадстаўніцамі прыгожага полу былі і раней. Гэты звычай рашуча асуджаў Дэцым Юній Ювенал у сатыры. Паэт лічыў, што такім чынам патрыцыі шукалі вострыя адчуванні і задавальнялі свае нізкія пачуцці. Каля 200 года н.э. імператар Северус забараніў жанчынам удзельнічаць у гладыятарскіх баях, але гэтая забарона часта ігнаравалася.

Паядынкі прафесіяналаў

Гладыятары былі зусім не танным гарматным мясам, а сапраўднымі прафесіяналамі. За імі старанна наглядалі, лячылі і бераглі, не шкадавалі лекаў і сродкаў для ўмацавання здароўя. Па ўзроўні падрыхтоўкі гладыятары былі падобны да сучасных атлетаў. Іх мускулы былі надзвычай развіты ўзмоцненымі трэніроўкамі і... дыетай! У касцях гладыятараў знойдзена шмат стронцыю і мала цынку. Гэта азначае, што яны амаль зусім не елі мяса, а харчаваліся высокакаларыйнымі прадуктамі: злакамі і бабовымі. Здаецца неверагодным, але лютыя байцы былі вегетарыянцамі! Натуральна, гэта ўсё рабілася зыходзячы з тых медыцынскіх ведаў, якімі ўжо валодала да таго часу рымская цывілізацыя. Косці з павышанай колькасцю стронцыю маглі вытрымаць моцныя ўдары на арэне, ды і раны ў гладыятараў гаіліся хутчэй.

[caption id="attachment_91522" align="alignnone" width="600"]Кадр з «Гладыятара» Рыдлі Скота,  у ролі Комада — Хаакін Фенікс. Кадр з «Гладыятара» Рыдлі Скота,
у ролі Комада — Хаакін Фенікс.[/caption]

Міф аб жорсткасці

Лекары Клаус Гросшміт і Фабіян Канц даследавалі 1800-гадовыя могілкі гладыятараў у Эфесе (Турцыя). Яны выявілі, што іх шкілеты адлюстроўваюць тыповыя малюнкі траўм, па якіх можна вызначыць катэгорыю байцоў. Што характэрна, раны, не сумяшчальныя з жыццём, сустракаліся вельмі рэдка. І на самай справе, гладыятарскія баі ў большай ступені нагадвалі спаборніцтвы, за якімі сачылі суддзі, чым грандыёзныя крывавыя пабоішчы, якія так любяць паказваць у кіно. Тлумачыцца гэта тым, што прыгожыя і відовішчныя баі маглі паказаць сапраўдныя прафесійныя пары, якія каштавалі занадта вялікіх грошай, каб дазволіць кожны раз паміраць як мінімум аднаму з байцоў.

Гросшміт і Канц выявілі, што ў многіх выпадках шкілеты гладыятараў з патэнцыйна смяротнымі раненнямі мелі яшчэ і аднолькавыя траўмы чэрапа, верагодна зробленыя молатам. Ва ўсякім выпадку, тое падказвае характар пашкоджання гладыятарскіх шлемаў. На падставе гэтага даследчыкі выказалі здагадку пра тое, што ў складзе гладыятарскіх школ быў чалавек, які дабіваў цяжкапараненых байцоў, каб не «наносіць душэўных ран пераможцам» і не азмрочваць святкаванне перамогі гледачам. Найхутчэй за ўсё, гэта рабілі не на арэне і толькі пасля канчатковага дыягназу лекараў. Такім чынам параненага пазбаўлялі ад агоніі.

Бяспраўе пераможаных?

Большасць людзей упэўнена, што гладыятарскія баі абавязкова заканчваліся смерцю. Між тым, калі гладыятар наносіў удары ў запале барацьбы па сваім бездапаможным саперніку раней, чым імператар даў «загад на пакаранне смерцю», ён аддаваўся суду. Па наяўных правілах, толькі імператар меў права мілаваць або караць. Дарэчы, «палец уніз» усё ж такі быў, праўда, як канстатацыя смерці.

У гладыятара быў свой кодэкс гонару: ён біўся да апошняга і аддаваў перавагу смерці, а не ўцёкам. Спалохацца праціўніка, бегчы ад яго — значыць пакрыць сябе нязмыўнай ганьбай. Уменне гладыятараў з годнасцю прыняць смерць лічылася паказчыкам адвагі і мужнасці, якімі павінен валодаць сапраўдны рымлянін. «Памерці як гладыятар» — найлепшая пахвала для любога салдата.

Іван Купарвас hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.