Вы тут

Хто рана ўстае, таму Бог дае


За што даярка Валянціна Клімовіч з Кіраўскага раёна атрымала ордэн Пашаны?

На такіх людзей, як яна, заўсёды глядзелі з павагай. Яны не даюць пустых абяцанняў, не будуюць паветраных замкаў — проста робяць сваю справу. І так добра гэта ў іх атрымліваецца! Сярод тых, каму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды напярэдадні Дня Незалежнасці, была і аператар машыннага даення з Магілёўшчыны Валянціна Клімовіч. Чалавек, цалкам адданы сваёй прафесіі.

11-36

У СВК «Рассвет» імя Арлоўскага яна прыйшла працаваць яшчэ ў 1981 годзе, пасля Смалянскага саўгаса-тэхнікума. Вучылася на заатэхніка, але такой вакансіі на той момант у гаспадарцы не было. Прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі даяркі. Яна і не думала, што спадабаецца, бо ў той момант нават баялася падысці да каровы. Нельга казаць, што прафесія даяркі была ёй дагэтуль незнаёмая: маленькай не раз назірала, як маці доіць кароў. Але адна справа назіраць, іншая працаваць. Смяецца, узгадваючы, што некаторы час прыглядалася да тых, хто доіць, набіралася адвагі. А потым паспрабавала і... больш не захацела мяняць прафесію.

— Дзякуй Людміле Нікіфараўне Палевіч, — з удзячнасцю ўзгадвае яна сваю першую настаўніцу па дойцы. — Яна перадала мне ўсе тыя сакрэты, без якіх было б цяжка палюбіць гэтую прафесію.

Калі Валянціна Леанідаўна расказвае пра сваю працу, здаецца, што лепей занятку на ўсім свеце няма. Напэўна, калі б такія апантаныя ў добрым сэнсе слова людзі, заахвочвалі моладзь, у аператары машыннага даення стаялі б чэргі. Сама жанчына ў прафесіі 34 гады, прычым 6 з іх працуе не па абавязку, а непасрэдна па закліку сэрца. Інакш не патлумачыш, бо чалавек вось ужо 6 гадоў як на пенсіі. «Толькі я ўсім кажу, што яшчэ маладая, што мне 25 гадоў», — жартаўліва какетнічае суразмоўца. І насамрэч здаецца, што так яно і ёсць, бо аптымізму ёй не пазычаць.

Безумоўна, сёння ўмовы для працы зусім іншыя, чым 30 гадоў таму. Раней было складаней, трэба было рукамі падаіць 12 кароў. Цяпер ёсць спецыяльнае прыстасаванне, усё аўтаматызавана і нават камп'ютарызавана. Вядома, аб'ёмы таксама павялічыліся — Валянціна Клімовіч разам з калегай абслугоўвае 450 кароў. Але скардзіцца на тое, што цяжка, не ў яе правілах. Не такі яна чалавек.

На працягу дня трэба тройчы падаіць карову, прычым першы раз — а 6 гадзіне раніцы, а апошні — а 6-й вечара. Але жанчыне такі графік працы падабаецца. Як той казаў, хто рана ўстае, таму Бог дае. І гэта сцвярджэнне ёй ёсць чым падмацаваць. Муж, кажа, залаты, дзеці і ўнукі клапатлівыя і неабыякавыя. Ды і на працы справы ідуць толькі ўгору.

«Каровы, напэўна вас любяць, таму стараюцца не падвесці», — спрабую жартаваць. Але Валянціна Клімовіч усур'ёз адказвае, што ў гэтым і ёсць яе самы вялікі сакрэт. Калі яна прыходзіць на ферму, ніколі не прыступае да працы, не пагутарыўшы з жывёламі. І для кожнай цялушкі ў яе добрае слова знойдзецца. Яна гладзіць іх і просіць, каб далі больш малака. Напэўна, яны яе і слухаюцца. Бо надойвае па 20 кілаграмаў з каровы за дзень. За пяць месяцаў наогул атрымала амаль 3 тоны малака — цэлы басейн.

Сем гадоў таму Валянціне Клімовіч за плённую працу ўручылі медаль «За працоўныя заслугі». І вось чарговая ўзнагарода. Кажа, што вельмі хвалявалася, калі ехала на ўзнагароджанне ў Мінск.

— Калі Прэзідэнт уручаў мне ордэн Пашаны, сэрца аж калацілася, — прызнаецца яна. — Гэта ж такі вялікі гонар для мяне, звычайнай работніцы. Як пасля гэтага можна кепска працаваць? Мы ж для сябе стараемся, для сваіх дзяцей. Калі толькі глядзець, як іншыя працуюць, і скардзіцца, што ўсё не так, усё не гэтак, нічога добрага не атрымаецца.

На нядаўнім Купаллі ў Александрыі, дзе ўшаноўвалі перадавікоў аграрна-прамысловага комплексу, Валянціна Клімовіч была адной з ганаровых удзельніц. Менавіта з яе рук губернатар вобласці Уладзімір Даманеўскі прымаў духмяны каравай. Нельга было не звярнуць увагі, як беражліва яна трымала ў руках гэтае «залатое» багацце. Адчувалася, што чалавек ведае сапраўднаю цану хлебу. Бо калі ты сам да гэтага не прыклаў руку, не адчуеш — лёгкага хлеба ў прамым і пераносным сэнсе не бывае.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота Максіма Мікешына

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.