Вы тут

Пасланцамі воўк не сыты


Людзі імкнуцца атрымаць не працу, а вышэйшую адукацыю.

У век літаральна 100-працэнтнай пісьменнасці здзівіць працадаўцу сваёй адукаванасцю амаль немагчыма. І тры вышэйшыя адукацыі без канкрэтных практычных дасягненняў могуць парадаваць выключна бацькоў такога «разумніка». Прайшла эра адукацыі дзеля адукацыі. Сусветная тэндэнцыя ў цяперашні крызіс прымушае эканоміць кожную капейку і трымаць толькі самых неабходных прафесіяналаў.

Беларусь вядома як вельмі дружалюбная і талерантная краіна, дзе разам ужываюцца многія народы. Менавіта гэты факт можа стаць вырашальным і, скажу болей, выйгрышным для нашай краіны ў барацьбе за сусветныя чалавечыя рэсурсы. Такія высновы напрошваліся падчас абмеркавання міграцыйнай палітыкі ў рамках Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму. Там задаліся пытаннем: што рабіць з адтокам чалавечага капіталу і як пазбегнуць канфліктаў з прычыны міграцыі?

«Усе расы і народы павінны мець роўныя правы атрымання працы, але практыка паказвае, што гэта вельмі цяжка, — сцвярджае прэм'ер-міністр Японіі ў 2009—2010 гадах Юкіо Хатаяма і скардзіцца: — Па прагнозах японскага ўрада, насельніцтва краіны да 2060 года можа зменшыцца са 120 да 90 млн. Адпаведна і працаздольнае насельніцтва скарачаецца. Сёння трое працуючых забяспечваюць 1 непрацуючага. А хутка прапорцыя можа выглядаць іншым чынам — 1 да 1. Гэта вельмі цяжка для эканомікі. Значыць, нам патрэбна рабочая сіла. У нас пакуль няма міграцыйнай палітыкі, але час прыйшоў гэтым займацца. Толькі трэба быць уважлівымі — такая палітыка можа як дапамагчы, так і стварыць шмат праблем. Неабходна дасягнуць шматкультурнага суіснавання».

«Канада і Амерыка па-іншаму ставяцца да міграцыйнай палітыкі, чым еўрапейцы. Так, канадская сістэма пабудавана на прафесійных прынцыпах. Там з'яўляюцца толькі тыя мігранты, якія патрэбны канадскаму рынку і могуць быць выкарыстаны ў эканоміцы. У іншых краінах на гэта звяртаюць менш увагі. Акрамя гэтага, там існуе паняцце «мазаікі». Кожная этнічная група можа жыць сваім жыццём, але заставацца часткай канадскага грамадства і эканомікі, — распавядае пра заакіянскі вопыт навуковы кіраўнік Лабараторыі даследавання сацыяльных адносін і разнастайнасці грамадства Расійскай эканамічнай школы Шлома Вэбер. — Злучаныя Штаты робяць інакш. Большасць інтэлектуальных рэсурсаў перацякае ў краіну з-за мяжы. Але часцяком яны прыходзяць на ўзроўні магістратуры, аспірантуры, а потым застаюцца ў краіне і становяцца важнымі ўдзельнікамі рынку працы. Там дзейнічае паняцце «плавільны кацёл». У краіну прыязджаюць розныя народы, а праз некаторы час выходзяць адзіныя амерыканцы».

Нам усім — Еўразійскаму эканамічнаму саюзу агулам і кожнай краіне-ўдзельніцы асобна — варта пераймаць вопыт менавіта Канады. Для Беларусі гэта выгадна, бо ў нас фактычна такая ж сістэма — адбору менавіта патрэбных прафесіяналаў — дзейнічае дагэтуль. Праўда, у той жа Канады няма праблем з прыцягненнем высокакваліфікаваных спецыялістаў, бо ўзровень зарплаты высокі... У нас з гэтым складаней, хаця ў тым жа самым Парку высокіх тэхналогій зарплата здольна прывабіць спецыялістаў з-за мяжы.

У той жа час, бізнес мае сваю пазіцыю. «Сёння папулярнае ва ўсім свеце імпартазамяшчэнне тычыцца ў той жа ступені кадраў, — гаворыць рэгіянальны прэзідэнт па Расіі, Украіне і Беларусі кампаніі Alstom Філіп Пегар'е. — А ўвогуле, бізнесу патрэбна гнуткая міграцыйная палітыка, каб у нас была магчымасць прыцягваць патрэбныя працоўныя рэсурсы».

«Праблема працоўнай міграцыі будзе адной з ключавых у першай палове ХХІ стагоддзя. Усё гэта выклікана цяжкай дэмаграфічнай сітуацыяй. За наступныя 10 гадоў расійскае працаздольнае насельніцтва скароціцца на 10 мільёнаў чалавек, Германіі — на 4 мільёны, — спакойна адзначае рэктар Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта «Вышэйшая школа эканомікі» Яраслаў Кузьмін. — Аднак ёсць і яшчэ адзін фактар, які назіраецца ва ўсіх, — імкненне да атрымання вышэйшай адукацыі. Больш за 80% выпускнікоў школ жадаюць пайсці ў ВНУ. З аднаго боку, гэта прагрэсіўны фактар, а з іншага — гэтыя людзі потым не пойдуць на непрэстыжную працу і тую, дзе ўсе твае дзеянні рэгламентаваныя. Адпаведна нарастаюць дэфіцыты трох відаў: высокакваліфікаваных кадраў; тых, хто можа працаваць рукамі, і пры гэтым мае высокую кваліфікацыю; малакваліфікаваных работнікаў. Чым больш багатая краіна, тым прасцей змагацца з першым дысбалансам. ЗША рыхтуюць у сваёй сістэме адукацыі менш за палову спецыялістаў. Астатнія прыязджаюць з іншых краін. З другім дысбалансам з цяжкасцю змагаюцца ўсе краіны. Адэкватнага адказу на яго проста не існуе пакуль што. Ёсць, праўда, спробы падняць сацыяльны статус рабочых: тэхнікумы і прафтэхвучылішчы называюць інстытутамі прыкладных навук. У Германіі гэта нядрэнна працуе. Наконт трэцяга прывяду прыклад. Год таму мы праводзілі апытанне сярод насельніцтва: калі вы будзеце дакладна ведаць, што, аддаючы ваша дзіця ў тэхнікум, забяспечыце яго працай з удвая большым заробкам, чым калі ён пойдзе ва ўніверсітэт, то што вы выбераце? 77% рэспандэнтаў адказалі, што аддадуць у ВНУ. Людзі проста баяцца сацыяльнага асяродку. Усе імкнуцца атрымаць не працу, а вышэйшую адукацыю. Такі вось дзіўны парадокс».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

kuletskі@zvіazda.by

Мінск — Санкт-Пецярбург — Мінск

Выбар рэдакцыі

Сацыяльная падтрымка

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Каму і на колькі вырастуць пенсіі з 1 лютага?

Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.