Вы тут

Вяртанне Вікторыі


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра рэкорды чарговага футбольнага тура чэмпіянату краіны, выступленні беларускіх клубаў у Лізе Еўропы і пра вяртанне Вікторыі Азаранкі ў топ-20 найлепшых тэнісістак планеты.

1. Па выніках Уімблдонскага турніру самая выніковая тэнісістка Беларусі паднялася на 5 радкоў у абноўленым рэйтынгу ВТА і ўвайшла ў дваццатку найлепшых у свеце. Нагадаем, на травяных кортах Англіі Вікторыя дабралася да чвэрцьфіналу, дзе ў трох сэтах саступіла будучай пераможцы турніру, першай ракетцы планеты амерыканцы Серэне Уільямс.

Адзначым, што яшчэ адна беларуска Вольга Гаварцова ў гэтым годзе дайшла да чацвёртага круга Уімблдона, трапіўшы ў лік 16 наймацнейшых і ўстанавіла асабісты рэкорд на турнірах Вялікага шлема. Гэта дапамагло ёй падняцца ў сусветным рэйтынгу са 122-га на 81-ы радок.

2. Беларускія клубы на мінулым тыдні правялі сустрэчы ў рамках Лігі Еўропы. На хатнім стадыёне «Будаўнік» футбалісты салігорскага «Шахцёра» змаглі выйграць у другім матчы першага раўнда кваліфікацыйнага этапу ў паўночнаірландскага «Гленавона» — 3:0. Наступным сапернікам беларусаў стануць футбалісты аўстрыйскага «Вольфсберга». А вось «Тарпеда-БелАЗ» згуляў унічыю (0:0) з албанскім «Кукесі» і завяршыў выступленне ў Лізе Еўропы.

3. Скончыўся 14-ы тур чэмпіянату Беларусі, у ім каманды найвышэйшай лігі ўстанавілі рэкорд выніковасці, забіўшы ў сямі матчах 25 мячоў. «Славія» з буйным лікам саступіла лідарам турніру — футбалістам барысаўскага БАТЭ — 3:5. Мінскае «Дынама» на сваім полі перайграла гасцей з гродзенскага «Нёмана» — 2:0. Салігорскі «Шахцёр» з такім жа вынікам перайграў на выездзе футбалістаў «Слуцка». «Нафтан» з мінімальным лікам саступіў «Мінску» — 0:1. «Белшына» з Бабруйска перайграла «Гомель» — 3:1, футбалісты «Віцебска» былі слабейшымі за «Граніт» з Мікашэвічаў — 2:3, а брэсцкае «Дынама» на сваім полі абыграла «Тарпеда-БелАЗ» — 2:1.

Такім чынам, у лідарах па-ранейшаму ідзе дзеючы чэмпіён краіны БАТЭ, які мае на рахунку 38 ачкоў. Мінскае «Дынама» з 30 баламі застаецца другім, «Белшына» і «Шахцёр» набралі па 24 ачкі.

4. Беларускія студэнты-спартсмены працягваюць папаўняць медальную скарбонку сваёй каманды на Сусветнай летняй універсіядзе-2015, якая праходзіць у Кванджу (Рэспубліка Карэя). Колькасць залатых узнагарод яны здолелі павялічыць да чатырох.

Пераможцай студэнцкіх гульняў стала беларуская кап'якідальніца Таццяна Халадовіч, якая першынствавала ў фінале з вынікам 60 м 45 см, апярэдзіўшы пры гэтым найбліжэйшую саперніцу — латышку Ліну Музе. Званне чэмпіёнаў летняй універсіяды-2015 таксама заваяваў дуэт тэнісістаў Лідзія Марозава/Андрэй Васілеўскі ў змешаным разрадзе. У фінале беларускія майстры за 58 хвілін выйгралі ў брытанскай пары Аляксандра Уолкер/Дарэн Уолш у двух сэтах — 6:2, 6:3. Стартаваўшы з другога раўнда, на шляху да галоўнага матча беларусы атрымалі яшчэ тры перамогі.

Не засталася без узнагароды найвышэйшай вартасці спаборніцтваў у Кванджу і лідар зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Меліціна Станюта. Учора яна выйграла спаборніцтвы ў практыкаваннях са стужкай з вынікам 17,900 бала, апярэдзіўшы гаспадыню дывана карэянку Ен Чжэ Сон і ўкраінку Ганну Рызатдзінаву. Срэбра ўніверсіяды Станюта заваявала ў кампазіцыі з булавамі. Акрамя таго, на рахунку Меліціны яшчэ дзве бронзавыя ўзнагароды. Раней чэмпіёнам універсіяды стаў наш плывец Яўген Цуркін на дыстанцыі 50 м вольным стылем (вынік у фінале — 22,22 сек.). Ён жа выйграў срэбра на дыстанцыі 50 м батэрфляем і бронзу на 100 м батэрфляем.

На гэты час беларусы заваявалі ўжо 12 (4 залатыя, 3 сярэбраныя, 5 бронзавых) узнагарод і падняліся на 15-е месца ў агульнакамандным медальным заліку. Лідзіруюць у ім па-ранейшаму гаспадары ўніверсіяды — атлеты Рэспублікі Карэя, у якіх 106 (47, 30, 29) узнагарод.

5. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк абраны старшынёй Беларускай федэрацыі лыжных гонак.

Новы кіраўнік БФЛГ, кажучы пра планы па развіцці гэтай спартыўнай дысцыпліны, адзначыў, што галоўнымі мэтамі лічыць уцягванне моладзі ў заняткі спортам, удасканаленне дзейнасці федэрацыі, а таксама прапаганду здаровага ладу жыцця.

Дар'я Лабажэвіч

 lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.