Вы тут

Актыўная пазіцыя «Белай Русі»


Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» гатова накіраваць сваіх назіральнікаў на большасць участкаў для галасавання і ва ўсе тэрытарыяльныя камісіі. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў на пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета «Белай Русі».

Акрамя таго, «Белая Русь» вырашыла накіраваць свайго прадстаўніка назіральнікам у Цэнтрвыбаркам. Гэтым прадстаўніком будзе Сяргей Пігараў, намеснік старшыні аб'яднання. Раней ён ужо выконваў гэтую функцыю: у 2010 годзе на прэзідэнцкіх выбарах і ў 2012-м — на парламенцкіх. У 2011 годзе Сяргей Пігараў прайшоў адпаведнае навучанне пры БДІПЧ АБСЕ.

Аляксандр Радзькоў адзначыў, што неабходна пабудаваць сістэму падрыхтоўкі назіральнікаў як па вертыкалі, так і па гарызанталі. «Белая Русь» плануе арганізаваць навучальныя семінары для сваіх назіральнікаў. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе «Белая Русь» вылучала 4781 назіральніка, усяго было каля 40 тысяч нацыянальных назіральнікаў.

Аляксандр Радзькоў паведаміў таксама, што «Белая Русь» плануе сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Беларусі ўжо ў першыя пяць дзён, пачынаючы з 23 ліпеня. Ініцыятыўныя групы будуць арганізоўваць пікеты і абход кватэр у вялікіх гарадах і райцэнтрах. Подпісы будуць збіраць таксама ў грамадскіх прыёмных да самага апошняга дня, які прадугледжаны законам, — па 21 жніўня. На суботнім пасяджэнні было вырашана прапанаваць грамадскую прыёмную рэспубліканскага савета ў якасці перадвыбарнага штаба для дзеючага кіраўніка дзяржавы. Яшчэ адна ініцыятыва «Белай Русі» — удзел у фарміраванні выбарчага фонду для вылучэння ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнкі. «Ідэя аб'яднання вакол нацыянальнага лідара жыве і набывае новых прыхільнікаў», — адзначыў Аляксандр Радзькоў.

У пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета «Белай Русі» ўдзельнічалі 375 чалавек, сярод якіх вядомыя людзі: міністры, дзеячы культуры, дэпутаты. Грамадскае аб'яднанне налічвае больш за 155 тысяч членаў. У гэтым годзе ў «Белую Русь» уступілі каля 5 тысяч чалавек. Адкрыты 100 новых ячэек на прадпрыемствах і ў арганізацыях розных формаў уласнасці.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

 medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.