Вы тут

Якія спецыяльнасці выбіраюць найлепшыя абітурыенты?


Да заканчэння прыёму дакументаў у ВНУ засталіся два дні. Абітурыенты з самымі высокімі баламі ўжо паспелі выканаць сваю місію — завіталі ў прыёмныя камісіі, каб афіцыйна «аформіць» свой выбар. Між іншым, уладальнікаў высокіх балаў у гэтым годзе шмат. 277 стабальных вынікаў на ЦТ— гэта рэкорд. Да таго ж 11 абітурыентаў атрымалі сёлета на ЦТ 100 балаў двойчы! Таму канкурэнцыя на папулярных у моладзі спецыяльнасцях будзе ў гэтым годзе як ніколі вострай...

Максімум і мінімум

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на лячэбны факультэт падалі свае дакументы 6 чалавек, якія маюць у суме 381 бал і больш, на стаматалагічным факультэце такіх абітурыентаў аж 8 чалавек, а на фармацэўтычным — 5. Больш за тое, на фармацэўтычны факультэт падаў дакументы абітурыент, які здолеў набраць у суме больш як 391 бал.

Традыцыйна самыя высокія прахадныя балы фарміруюцца ў Белдзяржуніверсітэце на факультэце міжнародных адносін. Відаць па ўсім, і гэты год не стане выключэннем. Сюды ўжо падалі свае дакументы 3 абітурыенты, якія маюць больш як 391 бал, і 14 чалавек з баламі ў дыяпазоне ад 381 да 390. Юрыспрудэнцыю мараць вывучаць у БДУ 4 чалавекі з баламі ад 381 да 390.

На піку папулярнасці ў абітурыентаў знаходзяцца таксама ІТ-спецыяльнасці. Так, на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ 26 чалавек паступаюць увогуле без здачы экзаменаў (гэта пераможцы алімпіяд), 6 чалавек маюць больш як 381 бал, і 11 чалавек — ад 371 да 380 балаў. Што самае дзіўнае, сюды ж падаў дакументы і абітурыент, які набраў менш як 120 балаў. Яшчэ адзін абітурыент з такой жа сумай балаў плануе вучыцца на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. Калі ўлічыць, што ў гэтую суму ўваходзіць і сярэдні бал атэстата, можна меркаваць, што на ЦТ прэтэндэнты на званне студэнта атрымалі самыя мінімальныя балы, якія дазваляюць удзельнічаць у конкурсе.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ўладальнікі самых высокіх балаў (ад 381 да 390) абралі спецыяльнасці «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (3 чалавекі) і «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» (8 чалавек) факультэта камп'ютарных сістэм і сетак.

А пра сваё жаданне вывучаць «Эканоміку электроннага бізнесу» заявілі 3 маладыя чалавекі з сумай балаў ад 371 да 380.

Асабістае запрашэнне ад рэктара

Абітурыенты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта не могуць пахваліцца такімі высокімі баламі, тым не менш усё часцей педагагічныя спецыяльнасці выбіраюць школьныя медалісты. З мінулага года ім дадзена права паступаць на педспецыяльнасці без здачы ЦТ -- толькі па рэкамендацыі педагагічнага калектыва школы.

Абітурыенты, якія скончылі школу з медалём, прыязджаюць падаваць дакументы з асабістымі запрашэннямі ад рэктара педагагічнага ўніверсітэта. Усяго такіх запрашэнняў для паступлення ў БДПУ без здачы ЦТ і ўступных выпрабаванняў атрымалі больш за 750 медалістаў і звыш за 170 пераможцаў і прызёраў трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды з г. Мінска і Мінскай вобласці.

Ужо  на трэці дзень прыёмнай кампаніі ў БДПУ падаў дакументы пяцідзясяты медаліст, якому быў уручаны эксклюзіўны гадзіннік з сімволікай універсітэта, выпушчаны да 100-гадовага юбілею.

Сёлета падчас прыёмнай кампаніі ў галоўнай педагагічнай ВНУ краіны праходзіць унікальная акцыя — кожны пяцідзясяты медаліст і тысячны абітурыент атрымліваюць ад рэктара Аляксандра Жука гадзіннік. Першым шчаслівым уладальнікам такога каштоўнага падарунка стаў Сяргей Танко, выпускнік СШ №1 г. Салігорска. Ён неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам шматлікіх конкурсаў, алімпіяд, узнагароджаны дыпломам ІІ ступені рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Хлопец захапляецца гісторыяй і таму падаў дакументы на гістарычны факультэт БДПУ на спецыяльнасць «Гісторыя. Грамадазнаўчыя дысцыпліны».

А тысячнай абітурыенткай і шчаслівай уладальніцай элегантнага жаночага гадзінніка стала абітурыентка з Маладзечанскага раёна — Крысціна Сак. Дзяўчына скончыла Гарадзілаўскую сярэднюю школу, мае мэтавае накіраванне ад Маладзечанскага раённага аддзела адукацыі і падала дакументы на факультэт пачатковай адукацыі. Свой свядомы выбар тлумачыць тым, што вельмі любіць дзяцей і да гэтага часу знаходзіцца пад моцным уражаннем ад сваёй першай настаўніцы — Таццяны Аляксееўны Станішэўскай, якая шмат у чым была для яе прыкладам...

Папярэдні аналіз дакументаў сведчыць, што найбольшая колькасць заяў у БДПУ пададзена на факультэты пачатковай адукацыі, спецыяльнай адукацыі, прыродазнаўчы і дашкольнай адукацыі.

Актыўна абітурыенты падаюць дакументы і на спецыяльнасці платнай формы навучання. Так, карыстаецца вялікай папулярнасцю спецыяльнасць «Спартыўна-турыстычная дзейнасць (менеджмент у турызме)».

У БДПУ з задавальненнем канстатуюць: у гэтым годзе да іх прыходзяць больш падрыхтаваныя і матываваныя абітурыенты. І немалая заслуга ў гэтым належыць планамернай працы ўніверсітэта па павышэнні прэстыжу прафесіі педагога, а таксама дзейнасці «школ юных», правядзенню шматлікіх конкурсаў, мерапрыемстваў і інтэрнэт-алімпіяд.

Да таго ж на базе БДПУ была адкрыта праца вочна-завочнай педагагічнай гімназіі для вучняў 10-11 класаў, у якой прайшлі навучанне больш за 200 школьнікаў з Мінска і Мінскай вобласці.

Застаецца нагадаць абітурыентам, якія ўсё яшчэ вагаюцца, што ў апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне аб ходзе іх падачы будзе спынена ў 15 гадзін. Допуск абітурыентаў у будынак, дзе размяшчаецца прыёмная камісія, будзе спынены ў 18 гадзін. Таксама прыёмная камісія спыніць у 18 гадзін выдачу дакументаў абітурыентам з мэтай іх падачы на іншую спецыяльнасць. Пры гэтым будзе забяспечаны прыём дакументаў ад усіх абітурыентаў, што паспелі трапіць у будынак да таго, як дзверы на ўваход зачыніліся...

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Загаловак у газеце: Найлепшыя абітурыенты выбіраюць ІТ-спецыяльнасці, «міжнародныя адносіны» і медыцыну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».