Вы тут

Ад усіх пароўну


Члены садаводчых таварыстваў цяпер будуць плаціць аднолькавыя ўзносы незалежна ад памеру ўчастка.

Гэта прадугледжана ўказам №323, які падпісаў кіраўнік нашай дзяржавы, паведамляе прэс-служба беларускага лідара.

Сход атрымае рэальную моц

Вышэйназваным дакументам уносяцца дапаўненні і змяненні ва ўказ Прэзідэнта №50 ад 28 студзеня 2008 года менавіта для ўдасканальвання прававога рэгулявання дзейнасці садаводчых таварыстваў. Адным з галоўных пунктаў новага ўказа стала пашырэнне пераліку пытанняў выключнай кампетэнцыі агульнага сходу таварыства, якія цяпер не падлягаюць перадачы для разгляду сходу ўпаўнаважаных. Гэта пытанні аб выключэнні з членаў садаводчага таварыства, прыняцце рашэнняў аб яго рэарганізацыі і ліквідацыі, а таксама зацвярджэнне перадатковага акта або раздзяляльнага балансу.

Агульнаму сходу таварыства прадастаўляецца таксама права прымаць асоб, якія не з'яўляюцца яго членамі, на працу ў якасці старшыні праўлення і казначэя. Пры гэтым, пра абранне (вызваленне ад займаемай пасады) старшыні праўлення таварыства павінна паведаміць у выканкам у 10-дзённы тэрмін з даты заключэння (скасавання, спынення) працоўнага дагавора.

І вызначыць памер узносаў

Указам устанаўліваецца абавязак членаў таварыства ўносіць членскія ўзносы ў роўным памеры незалежна ад велічыні іх зямельных участкаў, паколькі гэтыя грошы прызначаны для фінансавання агульных бягучых расходаў таварыства. Вызначаць канкрэтныя памеры ўзносаў і тэрміны іх аплаты па-ранейшаму будзе агульны сход або сход упаўнаважаных.

Статуты таварыстваў, якія былі зарэгістраваныя да ўступлення ў сілу ўказа №323, падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць пры першым унясенні ў іх змяненняў і дапаўненняў. Да гэтага моманту яны дзейнічаюць у частцы, якая не супярэчыць гэтаму дакументу.

На рэгістрацыю даецца месяц

Акрамя таго, указ прадастаўляе мясцоваму выканкаму права пры выяўленні незарэгістраваных зямельных участкаў на тэрыторыі садаводчых таварыстваў накіроўваць грамадзянам прадпісанні аб неабходнасці звярнуцца па дзяржаўную рэгістрацыю ў месячны тэрмін з дня яго атрымання. А вось невыкананне патрабаванняў прадпісання будзе з'яўляцца падставай для канфіскацыі зямельнага ўчастка.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?