Вы тут

Выгада і праблемы «нетрадыцыйнай» жывёлагадоўлі


У ваколіцах фермы «Руда Яварская» СВК «Хвінявічы» Дзятлаўскага раёна зямелька даволі бедная, пясчаная і на вырошчванні збожжавых, ды і іншых сельгаскультур, добрай аддачы, зразумела, не атрымаеш. Але затое тут някепска адчуваюць сябе прадстаўнікі, як пакуль яшчэ лічыцца, «нетрадыцыйнай» для нас жывёлагадоўлі — трусы і авечкі. Хаця, напэўна, трэба казаць не аб нейкай экзотыцы, а пра адраджэнне страчанага.

Zootehnik s krolikom

Цікава, што ж з гэтага мае гаспадарка? У чым выгада і якія праблемы?

Трусагадоўля: мяса запатрабавана, а шкуркі — не

Заатэхнік участка «Руда Яварская» Яўгенія УРБАНОВІЧ прыгадвае, што трусагадоўлю 9 гадоў таму распачыналі з 50 галоў, купіўшы 40 самак і 10 самцоў. А цяпер маюць ужо больш за 2200 галоў трох парод — каліфарнійская, бельгійскія фландры і белыя веліканы. Менавіта іх, зыходзячы з уласнага вопыту, лічаць у гаспадарцы найбольш аптымальнымі па прадукцыйнасці.

Трусы знаходзяцца ў сямі шэдах — спецыяльных памяшканнях з клеткамі. Тут ім утульна пры любым надвор'і, а галоўнае, што яны не пакрыўджаны кармамі — у асноўным гэта сена, а таксама канцэнтраты. Жывёла ўпэўнена дасягае здатачнай вагі (у сярэднім — каля чатырох кілаграмаў) і актыўна размнажаецца: сёлета за пяць месяцаў атрымалі каля 1900 галоў прыплоду.

Зрэшты, толькі належнай кармавой базы недастаткова. Трусам патрэбны таксама сур'ёзны ветэрынарны догляд, каб пазбегнуць хвароб. Гэтыя патрабаванні выконваюцца вельмі акуратна: як толькі патомства аднімаюць ад маці, то яго адразу ж вакцынуюць.

Са збытам было па-рознаму. Спачатку працавалі з двума гродзенскімі рэстаранамі, аднак заказы паступалі мізэрныя. Патэлефануюць з аднаго рэстарана, каб прывезлі ўсяго 5 тушак, праз тыдзень столькі ж трэба і другому. З улікам уласных транспартных расходаў гаспадарцы было нявыгадна. «Разышліся» з гэтымі пакупнікамі і паспрабавалі наладзіць партнёрства з мясакамбінатам, які вырабляе дзіцячае харчаванне. Там бралі прадукцыі значна больш, чым рэстараны, аднак па 4-5 месяцаў не плацілі. Даводзілася нават спаганяць грошы праз суд.

Зараз сітуацыя са збытам жывёлы нармальная. Прыватная фірма з Мінска рэгулярна купляе даволі буйныя партыі і, што не менш важна, своечасова разлічваецца. Практычна штотыдзень у касу сельгаскааператыва паступае 17-20 мільёнаў рублёў. Плюс даходы ад продажу трусоў насельніцтву — сёлета ўжо больш за 60 мільёнаў рублёў. Прычым сярод пакупнікоў не толькі мясцовыя жыхары, прыязджаюць і з іншых раёнаў Гродзеншчыны, а таксама з Мінскай, Брэсцкай абласцей.

— За мінулы год рэнтабельнасць трусагадоўлі склала ў нас амаль 12%. Будзем і далей развіваць яе, пабудуем яшчэ адзін шэд, — зазначае галоўны заатэхнік СВК «Хвінявічы» Марыя СЛУШКО.

Быццам усё як і мае быць, аднак... Калі попыт на трусінае мяса някепскі, то шкура не запатрабавана. Для гаспадаркі праблемы няма, бо трусоў здаюць жыўцом. Аднак і фірма-спажывец нічога са шкурак не мае. Хаця некаторыя звесткі аб попыце на іх у інтэрнэце ёсць. «А калісьці, — прыгадвае Яўгенія Урбановіч, — гэтую сыравіну бралі ўсе нарыхтоўчыя канторы спажыўкааперацыі».

Авечкагадоўля: воўну купляюць, а інтарэсу да бараніны няма

Побач з трусінымі шэдамі ў СВК «Хвінявічы» развіваюць яшчэ адну галіну — авечкагадоўлю. Стартавалі гадоў сем таму з пяцідзесяці галоў, а сёння авечак ужо больш за 500. Найбольш прыдатнымі для нашых умоў лічаць пароды прэкас і тэксель мяса-шэрснага кірунку.

Ovechki

У параўнанні з трусамі, авечкі менш «капрызныя» з пункту гледжання ветэрынарыі. Ды і клопатаў па кармленні, у адрозненне, напрыклад, ад свіней, значна менш. Як толькі паднялася трава, гэтыя гадаванцы скубуць яе на пашы каля фермы, не патрабуючы ад людзей практычна ніякіх затрат — хіба што крыху канцэнтратаў.

А вось у сэнсе эканамічнай выгады гэтая галіна для гаспадаркі больш праблемная, чым трусагадоўля. Рэалізацыя воўны наладжана някепска — яе прадаюць Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыцы. А вось мяса... Так, ёсць зацікаўленасць з боку прыватнікаў, якія купляюць ягнят для вырошчвання ў прысядзібнай гаспадарцы. Тым больш што рэаліі, звязаныя з афрыканскай чумой, прымушаюць шукаць замену традыцыйнаму вырошчванню свіней.

Але продаж жывёлы толькі насельніцтву — не выйсце, паколькі магчымасці фермы «Руда Яварская» значна большыя. Ёй патрэбны буйныя заказы, аднак перапрацоўчая прамысловасць інтарэсу да бараніны не праяўляе. Калі і пашчасціць нешта прадаць, то няшмат, а кантракты на пастаянныя пастаўкі буйных партый прадукцыі заключыць пакуль не ўдаецца.

Так, спажывецкім прыярытэтам бараніна ў Беларусі цяпер не з'яўляецца. З аднаго боку, высокакаштоўнае дыетычнае мяса, у якім прыкладна ў чатыры разы менш халестэрыну, чым у свініне, затое значна больш жалеза, медзі, кальцыю і фосфару. А з іншага — даволі высокая цана, хаця пры развіцці авечкагадоўлі, большых аб'ёмах прадукцыі кошты могуць і зменшыцца. Пакуль жа, па ацэнках спецыялістаў, гадавое спажыванне мяса авечак у нас складае менш за 100 грамаў на чалавека, пэўна, адзін з самых мізэрных паказчыкаў у свеце.

— Тым не менш скарачаць авечкагадоўлю мы не збіраемся — будзем шукаць рынкі збыту, — кажа Марыя Слушко.

Дарэчы, у рамках рэспубліканскай праграмы развіцця авечкагадоўлі пагалоўе плануецца павялічыць, гаспадарцы выдзелены грашовыя сродкі на закупку племяннога маладняку. Вось толькі ці будзе збыт не толькі воўны, але і мяса і, адпаведна, эканамічная выгада для сельгаспрадпрыемства?

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Дзятлаўскі раён.

Фота Наталлі Авярчук.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.