Вы тут

Грэчаскі дыягназ


Рашэнні па Грэцыі, агучаныя пасля неверагодна працяглага саміту 13 ліпеня, безумоўна, можна назваць доўгачаканым пазітывам, прынамсі на найбліжэйшыя гады. Праблема грэчаскага доўгу і нежадання грэчаскага ўрада ісці далей на повадзе ў крэдытораў стала вельмі негатыўным фактарам не толькі для Балкан, але і для ўсяго Еўрасаюза. Больш за тое, гэта праблема аказала дрэнны ўплыў і на ўсю Еўропу.

Нявызначанасць, якая доўжыцца месяцамі з прычыны таго, ці застанецца Грэцыя ў зоне еўра і калі не застанецца, то як гэта адаб'ецца на ўсёй эканоміцы Еўрасаюза, вельмі негатыўна ўплывала на бягучы стан і перспектывы ўсёй еўрапейскай эканомікі. Каб зразумець чаму, дастаткова ўявіць сябе на месцы інвестара.

Кожны інвестар ужо азнаёміўся з мноствам змрочных прагнозаў наконт таго, што, калі Грэцыя выйдзе з зоны еўра і абвесціць дэфолт, еўразону чакае моцнае ўзрушэнне, якое можа прывесці да краху еўра, а то і ўсёй ідэі Еўрасаюза. І хто ж захоча інвеставаць у еўрапейскую эканоміку пры такім раскладзе? Грэчаскі крызіс месяцамі зніжаў прывабнасць Еўропы для інвестараў, запавольваючы тэмпы аднаўлення еўрапейскіх краін пасля сусветнага фінансавага крызісу. Гэта было вельмі дрэнным фактарам і для нас на фоне прасядання расійскага і ўкраінскага рынкаў.

Дасягнутая дамоўленасць, у адпаведнасці з якой Грэцыя ўсё ж застаецца ў еўразоне і нават атрымае дадатковыя 86 мільярдаў еўра, каб паспрабаваць выблытацца з назапашаных праблем, з'яўляецца пазітывам на найбліжэйшыя гады, але ўсё ж выклікае дадатковыя асцярогі.

Першая з іх дастаткова традыцыйная — у апошнія месяцы ўзрасла колькасць тых, хто хацеў выпіхнуць Грэцыю з еўразоны, каб даць іншым краінам жорсткі ўрок. Прыхільнікі гэтай ідэі лічаць, што трэба пакараць Грэцыю за няздольнасць аднавіцца пасля крызісу і нежаданне ва ўсім падпарадкавацца крэдыторам, каб іншым краінам еўразоны ў будучыні непанадна было ісці тым жа шляхам. Да ліку прыхільнікаў гэтай пазіцыі належаць многія ўплывовыя палітыкі з краін-крэдытораў Грэцыі, якія не задаволены тым, што іх урады пагадзіліся выдзеліць сотні мільярдаў еўра для выратавання грэчаскай эканомікі.

Да іх далучыліся і многія палітыкі з Усходняй Еўропы. Менавіта іх пазіцыю агучыла Еўрагрупа, парэкамендаваўшы ЕС 12 ліпеня прапанаваць Грэцыі часовы выхад з еўразоны, калі яна не пагодзіцца на фінальныя ўмовы крэдытораў. У той жа час наўрад ці можна лічыць, што большасць членаў Еўрагрупы падзяляла гэты настрой. Хутчэй, яны выкарыстоўвалі яго ў якасці ўдалага сродку шантажу, каб унушыць грэчаскаму ўраду ідэю, што далейшыя ўступкі не магчымы і ў выпадку ўпартасці Грэцыя можа апынуцца за бортам еўразоны. Справа ў тым, што ў членаў Еўрагрупы былі сур'ёзныя падставы самім асцерагацца падобнага сцэнарыя.

У выпадку выхаду Грэцыі з еўразоны была вялікая верагоднасць сур'ёзнага банкаўскага калапсу, страты ад якога маглі аказацца больш сур'ёзнымі, чым выдзяленне Грэцыі дадатковых сродкаў на змякчэнне негатыўных сацыяльных наступстваў ад рэжыму эканоміі. Спачатку маглі абваліцца грэчаскія банкі, дзейнасць якіх у апошнія тыдні і так ужо замарожана. А гэта б выклікала сур'ёзны ўдар па фінансавай сістэме балканскіх краін, дзе грэчаскія банкі вельмі актыўныя. Паралельна пад ударам бы аказаліся банкі краін ЕС, якія панеслі б сур'ёзныя страты ад грэчаскага дэфолту. І наколькі цяжкім быў бы гэты ўдар, тэарэтычна прадказаць немагчыма, бо ў такой сітуацыі непазбежна ўзнікла б паніка на фінансавых рынках, загадзя непрадказальная па наступствах.

Другую асцярогу, якая заключаецца ў тым, што 13 ліпеня ўдалося толькі адтэрмінаваць грэчаскі крызіс, а не вырашыць яго, таксама можна зразумець. Міне яшчэ некалькі гадоў, грошы, выдзеленыя Грэцыі, таксама будуць патрачаны. І што потым? Зноў некалькі месяцаў балансавання на мяжы выхаду з еўразоны, якія наносяць шкоду ўсёй еўрапейскай эканоміцы? Які эканамічны цуд павінен адбыцца, каб грэчаская эканоміка запрацавала з прыбыткам, што дазволіць вярнуць сотні мільярдаў еўра, у сітуацыі, калі ніхто не хоча інвеставаць у яе, з прычыны ўсеагульнай упэўненасці ў тым, што падобных цудаў не бывае?

Трэцяя асцярога заключаецца ў тым, што грэчаскае грамадства можа не прыняць дасягнутыя на саміце еўразоны дамоўленасці. Яны вельмі ўжо моцна супярэчаць таму, што грэчаскія выбаршчыкі запатрабавалі на рэферэндуме 5 ліпеня. Па-ранейшаму давядзецца ўціскацца бюджэтнікам і неабходна будзе захоўваць меры эканоміі. Ці прымуць яны тлумачэнні, што палітыка з'яўляецца мастацтвам магчымага і ўрад выбіў у еўрапартнёраў толькі тое, што аказалася яму па сілах, вымушана здаўшы іншыя абавязацельствы? Як стала вядома, грэчаскі прафсаюз дзяржаўных служачых ужо заклікаў выйсці на акцыю пратэсту грамадзян 15 ліпеня. Ці ўдасца Грэцыі захаваць стабільную ўладу, без якой дасягнутыя дамоўленасці зноў могуць быць адкліканы?

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».