Вы тут

Свята на радзіме Касцюшкі стане брэндам


Пра гэта карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр ВЯЛІКАСЕЛЕЦ.

15-27

 

— Аляксандр Фёдаравіч, з'явілася зусім скупая інфармацыя пра свята, прысвечанае Тадэвушу Касцюшку. Прыадкрыйце, калі ласка, сакрэт імпрэзы.

— Сакрэты арганізатараў і сцэнарыстаў я якраз не маю права адкрываць. Скажу, што ідэя такога свята выспявала даўно. У Марачоўшчыне, на радзіме Касцюшкі, паспяхова працуе Дом-музей яго імя, сюды едуць турысты. Раней мы праводзілі мерапрыемства ў гонар героя трох кантынентаў 4 лютага, у дзень яго нараджэння. Але зімой, асабліва калі холадна, шмат народу не збярэш. Таму і вырашылі зрабіць культурна-гістарычную акцыю, якую можна назваць, відаць, брэндавым святам, у канцы лета. Спадзяёмся, што яно ў нас атрымаецца і з цягам часу перарасце з раённай падзеі ў нешта больш маштабнае, накшталт «Ружанскай брамы» альбо іншых пазнавальных культурных праектаў, што ажыццяўляюцца ў вобласці, прывабіць больш турыстаў.

— Сёлета, пэўна, вялікія намаганні былі накіраваны на годнае правядзенне 70-гадовага юбілею Перамогі.

— Так, і думаю, што гэтую дату мы адзначылі на ўзроўні. Цёплыя сустрэчы прайшлі ў кожным сельсавеце. Нашы работнікі, актыў імкнуліся не забыць ніводнага ветэрана. А галоўнае раённае мерапрыемства мы па традыцыі правялі ва ўрочышчы Хаваншчына, дзе падчас вайны фактычна на востраве, акружаным балотамі, знаходзіліся штаб партызанскага руху, падпольныя абкамы партыі і камсамола, выходзіла падпольная газета «Заря». Там сабраліся прадстаўнікі і старэйшага, і маладога пакаленняў. Знайшлося месца тэатралізаванай дзеі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, успамінам, словам падзякі і пашаны ветэранам.

5 ліпеня, напярэдадні дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, традыцыйная сустрэча ветэранаў адбылася ва ўрочышчы Гута-Міхалін. Пачалося мерапрыемства з памінальнай малітвы, потым адбыўся мітынг-рэквіем. На Гута-Міхалінскіх могілках пахавана 175 чалавек, якія загінулі за Перамогу. Прадоўжылася мерапрыемства ў Красевіцкім доме культуры, дзе гучалі песні ваенных гадоў, частавалі салдацкай кашай. Ветэранаў віталі самадзейныя артысты і народныя майстры.

— Дарэчы, пра народных майстроў. Аляксандр Фёдаравіч, далёка за межамі раёна вядома мастацтва івацэвіцкіх вышывальшчыц. Іх творы бываюць на абласных, рэспубліканскіх фэстах і выставах. Што робіцца для прапаганды іх творчасці ў раёне?

— Найперш тое, што нашы работнікі культуры арганізоўваюць выставы, даюць магчымасць майстрыхам паказаць сваю творчасць людзям, асабліва маладому пакаленню. А крыху больш за месяц таму выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці народных майстроў Івацэвіцкага раёна прайшла ў фае Авальнай залы парламента. Заслуга ў яе арганізацыі належыць найперш дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Леаніду Кавалевічу. Выстава адкрылася якраз перад сумесным пасяджэннем абедзвюх палат парламента. Прыгажосць, створаную рукамі нашых жанчын, змаглі паглядзець і дэпутаты, і сенатары. Там былі работы Людмілы Арцюшэнкі з Целяхан, Раісы Брашковай і Ніны Гейдзюк з Яглевіч, Марыі Гойшык з Руды. Наколькі нам вядома, наведвальнікі выставы вельмі цёпла адзываліся аб творчасці вясковых жанчын, шчыра дзякавалі ім і прасілі перадаваць сакрэты майстэрства дзецям і моладзі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.