Вы тут

Донарства здаровым не шкодзіць


«Раскажыце, калі ласка, як стаць донарам, куды трэба звяртацца? Як донарства ўплывае на здароўе?

Валянцін, г. Мінск».

Тлумачыць валеолаг 13-й гарадской паліклінікі г. Мінска Людміла СЛЫШКІНА.

— Донарам у нашай краіне можа стаць як грамадзянін краіны, так і асоба без грамадзянства, якая пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі, і нават замежнікі ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў. Пры гэтым неабходна быць дзеяздольным, не мець захворванняў і пэўных проціпаказанняў. Аб іх можна даведацца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.

Наогул папярэдні запіс ажыццяўляецца ў адзіным донарскім цэнтры па нумарах: 289 84 84, 289 86 43. Пра даты правядзення Дня донара на прадпрыемствах і ва ўстановах можна даведацца па нумары: 289 87 41.

Здаць кроў і яе кампаненты можна таксама ў аддзяленнях пералівання крыві Мінскай абласной клінічнай бальніцы, 5-й, 9-й гарадскіх клінічных бальніцах, гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска, а таксама ў гарадскім цэнтры трансфузіялогіі (вул. Уральская і Ульянаўская).

Падчас рэгістрацыі на дачу крыві спатрэбяцца дакументы: пашпарт; выпіска з медыцынскіх дакументаў аб перанесеных захворваннях, траўмах, аперацыях; вынік флюараграфіі, для жанчын — заключэнне гінеколага; ваенны білет (для ваеннаабавязаных пры першым звароце), фота 3х4.

Ад донара патрабуецца:

весці здаровы лад жыцця і вытрымліваць правілы асабістай гігіены;

паведаміць урачу звесткі аб перанесеных захворваннях і выпадковых палавых сувязях, якія могуць пагражаць палавымі інфекцыямі;

не ўжываць спіртныя напоі цягам 3 дзён да моманту дачы;

не з'яўляцца ў выпадку дрэннага самаадчування (насмарк, кашаль, галаўны боль, боль у горле і інш.);

у дзень медабследавання і дачы крыві не ўжываць тлустую ежу і не курыць.

Донарства не шкодзіць арганізму, калі чалавек здаровы.

Стандартны аб'ём нарыхтоўкі крыві (данацыі) — 450 + 50 мл у асоб з вагой не менш за 55 кг — бяспечны для здароўя. Кожная такая страта крыві выклікае зніжэнне ўзроўню гемаглабіну цягам пяці дзён пасля данацыі на 2-10 працэнтаў і колькасці эрытрацытаў з першых гадзін і таксама цягам наступных пяці дзён. Праз 40-50 дзён адбываецца поўнае аднаўленне складу крыві. Эрытрацыты аднаўляюцца за 4-6 тыдняў, лейкацыты і трамбацыты — праз 1 тыдзень, склад плазмы — за 1-2 дні, узровень гемаглабіну — праз месяц.

Для больш хуткага аднаўлення складу крыві рэкамендуецца піць больш сокаў і чаю. У рацыёне донара абавязкова павінны быць мяса, буракі, грэчка, сачавіца, фасоля і ўсе бабовыя, рыба і інш.

Рэакцыя на ўзяцце крыві залежыць ад псіхаэмацыянальнага стану, фізічнай нагрузкі, харчавання, надвор'я і г.д. Адразу пасля дачы можна гаварыць аб стрэсавай сітуацыі. Зніжаецца вянозны і артэрыяльны ціск, паскараецца цёк крыві, пачашчаецца пульс. Аднак праз
30-60 хвілін сардэчна-сасудзістая дзейнасць нармалізуецца — донарам рэкамендуецца ў гэты час адпачынак.

Лічыцца, што ў тых, хто здае кроў рэгулярна, больш шанцаў выжыць у экстрэмальных умовах, пры цяжкіх траўмах, раненнях, апёках. Паводле некаторых звестак, дача крыві нават падаўжае жыццё ў сярэднім на 5 гадоў.

У дзень здачы крыві донар вызваляецца ад працы з захаваннем сярэдняга заробку, таксама яму прадастаўляецца дзень адпачынку, які можна далучыць да працоўнага водпуску. Донарам у Беларусі ўсё яшчэ прадастаўляюцца льготы, аднак у шэрагу краін гэтая справа дабрачынная і бязвыплатная, да чаго варта імкнуцца і беларусам.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.