Вы тут

Адпачынак з карысцю для здароўя


Палова лета ўжо за плячыма. Як адпачываюць сёлета беларусы? Колькі дзіцячых лагераў працуе ў краіне? Ці запоўнены нашы санаторыі? Якія з іх найбольш запатрабаваны? Пра гэта расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва пры Савеце Міністраў Генадзь Балбатоўскі.

Лета, сонца, лагер!

У першую змену прайшлі аздараўленне 223,5 тысячы беларускіх дзяцей — гэта каля 60% ад запланаваных лічбаў. Усяго ў краіне працавала 4 602 летнія лагеры. З іх 854 з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і 3748 — з дзённым.

Як паведаміў Генадзь Балбатоўскі, дзеці старэйшай групы (усяго больш за 115 тысяч) адпачывалі пераважна ў профільных лагерах, у якіх можна не толькі аздаравіцца, але і атрымаць нейкія навыкі. У асноўным гэта спартыўныя, ваенна-спартыўныя, турысцка-краязнаўчыя, палатачныя лагеры, а таксама лагеры працы і адпачынку. Спецыяліст адзначыў, што профільныя лагеры функцыянуюць ужо трэці год і колькасць ахвотных аздараўляцца ў іх расце.

У краіне надаецца вялікая ўвага занятасці і аздараўленню дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Так, гэтым летам плануецца аздаравіць 95% дзяцей такой катэгорыі.

Па выніках першай змены аказалася, што фактычны кошт пуцёўкі ў кругласутачны лагер па рэспубліцы склаў 3 млн 300 тыс. рублёў, хоць прагназаваўся кошт у 3 млн 720 тыс. рублёў. Фактычны кошт пуцёўкі ў дзённы лагер быў роўны 739 тыс. рублёў пры планаваным у 775 тыс. рублёў, у профільны лагер — 794 тыс. рублёў (пры планаваным у 798 тыс. рублёў). Кошт пуцёўкі ў лагер з дзённым знаходжаннем працы і адпачынку склаў 779 тыс. рублёў, хоць планаваліся лічбы ў 866 тыс. рублёў. Як адзначыў Генадзь Балбатоўскі, гэта дазваляе паменшыць бацькоўскую плату. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва запэўніў, што прынцыпова кошт пуцёвак на працягу наступных змен змяняцца не будзе.

Восенню цана пуцёвак у санаторыі знізіцца на 10%

Што датычыцца аздараўлення дарослых, то ўлетку трохі падрос кошт пуцёвак у свабоднай рэалізацыі ў беларускія санаторыі. Сёння сярэдні кошт адных сутак у стандартным нумары пры свабоднай рэалізацыі складае 435 тыс. рублёў (у першым квартале ён быў 391 тыс. рублёў). Але, як заўважыў Генадзь Балбатоўскі, зараз пуцёўкі прадаюцца ўжо на верасень-кастрычнік, і санаторыі даюць зніжкі. Увогуле, паводле слоў спецыяліста, пасля завяршэння летняга перыяду кошт пуцёвак знізіцца ў сярэднім на 10%.

Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што беларускія санаторыі працуюць у штатным рэжыме, хоць з пачатку года назіраецца некаторае зніжэнне попыту за кошт расійскіх спажыўцоў. Але запаўняльнасць нашых санаторыяў за шэсць месяцаў года цалкам супастаўная з аналагічным перыядам мінулага года і складае каля 80%.

Спецыялісты адзначаюць запатрабаванасць брэндавых санаторыяў Беларусі, дзе магчыма атрымаць санаторна-курортнае лячэнне на ўзроўні сусветных стандартаў. Адным з самых вядомых з'яўляецца санаторый «Радон», дзе атрымліваюць лячэнне людзі з захворваннямі апорна-рухальнага апарату. У ліку брэндавых таксама санаторый «Рассвет» у Любані, дзе ёсць вада, аналагічная мінеральнай вадзе ў Трускаўцы.

Усяго на тэрыторыі санаторыяў Беларусі знаходзіцца больш за 100 свідравін з мінеральнай вадой, а таксама чатыры радовішчы лячэбных гразяў.

Святлана Бусько

busko@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.