Вы тут

Верхні горад можа стаць пешаходным


А ў прыватным сектары дазволяць ажыццяўляць мадэрнізацыю.

Такую ідэю агучыў галоўны архітэктар Мінска Павел Лучыновіч падчас тэлефоннай прамой лініі з жыхарамі горада. Людзі ўзнялі праблему наплыву аўтамабіляў у цэнтры Мінска — на вуліцах Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай і Камсамольскай, дзе машыны часцяком прыпаркаваны ў некалькі радоў, што, безумоўна, псуе гістарычнае аблічча сталіцы.

[caption id="attachment_92012" align="alignnone" width="600"]16-41 Сэрцу Мінска «жалеза» больш не патрэбна.[/caption]

Спецыяліст упэўнены, што Верхні горад у найбліжэйшы час варта зрабіць пешаходным, як гэта практыкуецца ў многіх еўрапейскіх гарадах. На яго думку, мінскім уладам у гэтым плане будзе цікавы маскоўскі вопыт, бо ў расійскай сталіцы зараз праводзіцца каласальная работа па стварэнні пешаходных зон. А ў Паўднёва-Усходняй акрузе Масквы, напрыклад, нават плануецца працягнуць зону платнай паркоўкі да МКАД. Такім чынам атрымаецца не толькі разгрузіць цэнтр, але і зарабіць дадатковыя сродкі, якія накіруюць на капітальны рамонт дамоў і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Прыярытэт — грамадскаму транспарту

Перспектыўным напрамкам у вырашэнні праблемы з паркоўкай, паводле слоў Паўла Лучыновіча, з'яўляецца таксама выдзяленне спецыяльных палос для грамадскага транспарту. Іх з'яўленне «адцягне» частку легкавых машын з цэнтра, бо перавагу руху ў такім выпадку атрымаюць аўтобусы і тралейбусы. Акрамя таго, гэта прастымулюе мінчан аддаць перавагу гарадскому транспарту, а не асабістаму аўто.

Дарэчы, крыху раней Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка ўжо аб'явіла аб сваіх планах стварыць у сталічных дварах у другім паўгоддзі 1260 дадатковых парковачных месцаў і разваротных пляцовак. «Зразумела, што рашэнне пытання па «вызваленні» цэнтра горада ад машын патрабуе комплекснага падыходу, які Мінску яшчэ трэба будзе выпрацаваць», — рэзюмаваў Павел Лучыновіч.

Дубль два?

Варта прыгадаць, што ў сталіцы ўжо стваралі пешаходную зону на вуліцы Карла Маркса. Некалькі гадоў таму яна была пешаходнай па выхадных з мая па верасень. У планах нават было да 2014 года зрабіць гэтую вуліцу пешаходнай заўсёды, а не толькі па святах. Мінчане вельмі хутка прывыклі да магчымасці па выхадных пасядзець у вулічнай кавярні, паслухаць самых розных па стылістыцы музыкаў і паглядзець тэатралізаваныя паказы. Планавалася, што пешаходнай з часам стане і вуліца Камсамольская. Але цяпер, як бачым, «пешаходная» ідэя будзе рэалізоўвацца ў Верхнім горадзе.

Не будзе татальнага зносу

Старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкама спыніўся і на пытаннях тэрмінаў зносу жылля, прадугледжанага праграмай рэканструкцыі тэрыторыі малапавярховай жылой забудовы. Спадар Лучыновіч паведаміў, што цяпер мінскія горадабудаўнікі адмовіліся ад перспектывы татальнага зносу прыватнага сектара. Быў узяты на ўзбраенне дыферэнцыраваны падыход: гарадское асяроддзе павінна быць разнастайным, таму фарміраваць яго будуць не толькі вышынныя дамы, але і сядзібная забудова.

Галоўны архітэктар горада нагадаў, што раней у Мінску дзейнічала татальная забарона на рэканструкцыю і мадэрнізацыю раёнаў індывідуальнай жылой забудовы. Аднак жыццё ўносіць свае карэктывы, і зараз зносіць вялікую колькасць прыватных дамоў для горада нярэдка эканамічна немэтазгодна і вельмі складана. Менавіта таму прынята рашэнне часткова зняць такую забарону. Разам з тым, гэта не закране ўчасткі, якія ў будучыні падпадаюць пад будаўніцтва магістраляў, а таксама прымагістральных тэрыторый, што будуць фарміраваць сталічнае аблічча.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.