Вы тут

«Дабраном» выкруціўся?


Мінгандлю прызначыла гэтай сетцы кантрольную праверку і гатовы выслухаць скаргі пастаўшчыкоў.

Не вельмі радасна, калі за нейкія парушэнні часова зачыняюць адну невялікую краму. Зусім іншая справа, калі збіраюцца спыніць дзейнасць усёй вялікай сеткі, дзе больш за сотню магазінаў. Менавіта за даўгі перад пастаўшчыкамі адразу 177 крам сеткі «Дабраном» маглі трапіць у чорны спіс ужо з 21 ліпеня.

Кіраўніцтва гандлёвай сеткі адрэагавала аператыўна і ўжо 14 ліпеня аб'явіла аб поўным пагашэнні пратэрмінаванай запазычанасці перад пастаўшчыкамі за кошт выручкі сваіх крам. Цяпер адміністрацыя гэтай вядомай сеткі спадзяецца, што Мінгандлю адменіць рашэнне аб прыпыненні дзейнасці ўсіх іх крам у трэцяй дэкадзе ліпеня. У Міністэрстве гандлю працуюць зусім не крыважэрныя людзі, таму там часткова пайшлі насустрач і прызначылі кантрольную праверку ліквідацыі парушэнняў, у тым ліку ў частцы забеспячэння своечасовасці разлікаў. Мінгандлю таксама прапанавала пастаўшчыкам тавараў у «Дабраном» пры наяўнасці фактаў пратэрмінаванай запазычанасці паведаміць да 17 ліпеня ў міністэрства па тэлефоне (017) 327-25-97 з прадстаўленнем пацвярджальных дакументаў.

Прадстаўнікі органаў дзяржкіравання адзначаюць, што настойлівая пазіцыя Мінгандлю дазваляе зняць вастрыню праблемы разлікаў гандлёвых сетак з пастаўшчыкамі. Прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама» Міхаіл Свянціцкі, у прыватнасці, на нядаўняй нарадзе адзначыў: «Калі месяц таму дэбіторская запазычанасць складала больш за 80 млрд рублёў, то цяпер яна скарацілася на 36 млрд, што можна назваць сур'ёзным крокам па вырашэнні гэтай праблемы». Ён заявіў аб недапушчальнасці таго, што сёння на спажывецкім рынку сеткавыя аператары дыктуюць жорсткія ўмовы пастаўшчыкам.

Нагадаю, што на момант папярэдняй праверкі сеткі «Дабраном» пратэрмінаваная запазычанасць арганізацыі за пастаўленыя тавары, у тым ліку мяса, малако і хлеб, перавышала 30 млрд рублёў.

Кіраўнік згаданага прадпрыемства Васіль Якубаў удакладніў, што праблемы з разлікамі маюць кароткачасовы характар. У падобных сітуацыях кампанія раней прыцягвала кароткатэрміновыя банкаўскія крэдыты для пагашэння запазычанасцей. «На момант вынясення рашэння Мінгандлю аб прыпыненні працы ўсіх крам у «Дабранома» была дамоўленасць з 3 банкамі і буйной лізінгавай кампаніяй аб выдзяленні крэдытных сродкаў. Аднак пасля рашэння аб прыпыненні працы сеткі нашы партнёры прыпынілі перамовы аб крэдытаванні да канчатковага рашэння Мінгандлю», — растлумачыў Васіль Якубаў.

У прыватнасці ён паведаміў, што «Дабраном» і без праверкі Мінгандлю абавязкова аплаціў бы ўсе кантракты на пастаўку тавараў. Кіраўнік кампаніі запэўніў, што «ніколі за пяць гадоў працы сеткі не было запазычанасці ні перад бюджэтам, ні па заработнай плаце, ні перад банкамі. Запазычанасць перад пастаўшчыкамі, калі і была, то мела кароткатэрміновы характар».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.